Скандалы
Сяргей Астраўцоў, «Радыё Свабода»

Пераблыталі словы Багушэвіча

У Смаргоні зьявіўся помнік з памылкай у тэксьце. У вельмі вядомай цытаце, якую многія ведаюць на памяць, памянялі месцамі словы. Сам яе зьмест мясцовыя жыхары ўспрынялі як несастарэлы з 1891 году, калі гэтыя словы былі ўпершыню надрукаваныя.

статуя Францішка Багушэвіча

Гаворка ідзе пра статую Францішка Багушэвіча, выкананую менскім скульптарам Львом Гумілеўскім. Помнік паставілі да сьвята беларускага пісьменства, што адзначалася ў Смаргоні ў гэтым верасьні. У нагах першага нацыянальнага паэта — бронзавая дошка з самымі вядомымі ягонымі словамі: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Але ў цытаце зьменены парадак слоў: на дошцы напісана — “нашай мовы”. Я зьвярнуўся да Алеся Жамойціна, які загадвае Літаратурна-мэмарыяльным музэем-сядзібай Францішка Багушэвіча ў Кушлянах Смаргонскага раёну. Ці вядома яму пра гэта?

“Яны спахапіліся, прыяжджалі да мяне адразу пасьля адкрыцьця, калі ўбачылі памылку. Адкуль яна ўзялася? У 1990 годзе быў выпушчаны такі каляндарык на мацерчатай аснове зялёненькі са словамі Багушэвіча, і там былі пераблытаны яго словы. І яны тэкст узялі ня з кнігі, а з гэтага каляндарыка. Вось табе й маеш! Ну й цяпер яны пагадзіліся, што трэба зьняць дошку і пераліць”.

Цытата паходзіць з прадмовы да зборніка “Дудка беларуская”, які Францішак Багушэвіч выдаў пад псэўданімам Мацей Бурачок. Робячы помнік клясыку беларускай літаратуры, зазірнуць туды не палічылі патрэбным ці проста паленаваліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)