Общество
Ігар Карней, «Радыё Свабода»

Паводле праграмы Каліноўскага будуць вучыцца звольненыя па палітычных матывах выкладчыкі

21 сакавіка адкрываецца пазачарговая адукацыйная праграма імя Кастуся Каліноўскага. Такая неабходнасць з’явілася ў сувязі са шматлікімі фактамі адлічэнняў студэнтаў з беларускіх ВНУ пасля падзеяў 19 снежня. Упершыню польскія навучальныя ўстановы змогуць прыняць не толькі студэнтаў, але і аспірантаў і нават звольненых па палітычных матывах выкладчыкаў.

Згодна са звесткамі Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць", урад Польшчы зацвердзіў на гэты год 150 стыпендый для студэнтаў, 50 стыпендый для дактарантаў і 10 навуковых стыпендый для выкладчыкаў.

Старшыня камітэту Іна Кулей кажа, што праграма прадугледжвае атрыманне вышэйшай адукацыі і вучобы ў аспірантуры для людзей, якія зазналі арышты, затрыманні, адлічэнні з сярэдне-спэцыяльных і вышэйшых навучальных установаў; у каго былі ператрусы альбо штрафы, а таксама дзецям рэпрэсаваных палітыкаў, сябрам грамадскіх арганізацый і кампаній, якія цярпелі пераслед з боку ўлады:

Паводле Кулей, у гэтай сітуацыі адносна добрай навіной можна лічыць тое, што лік адлічаных студэнтаў прынамсі ідзе не на сотні, як гэта было ў прэзідэнцкую кампанію 2006-га году:

– У праграме прымуць удзел не толькі маладыя людзі, якія былі выключаныя з унівэрсытэтаў, але і тыя, хто хацеў бы вучыцца і зараз проста вымушаны хавацца за межамі краіны, – патлумачыла Іна Кулей . – І таму гэтыя людзі нарэшце змогуць распачаць сваю адукацыю ў еўрапейскіх універсітэтах.

Для многіх выключаных студэнтаў навучанне спынілася фактычна ў самы разгар залікаў ці допускаў да сесіі. Некаторым заставаўся год ці нават меней да заканчэння ВНУ.

Праграма імя Кастуся Каліноўскага была заснаваная 30 сакавіка 2006 года на знак салідарнасці Польшчы з пацярпелымі ў часе прэзідэнцкай кампаніі. Адпаведны дакумэнт падпісалі былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006-га Беларусі Аляксандр Мілінкевіч і тагачасны прэм'ер-міністр Польшчы Казімеж Марцінкевіч. Праграма зацверджаная Канферэнцыяй рэктараў польскіх акадэмічных школ і канферэнцыяй рэктараў польскіх універсітэтаў

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)