«Патрэбная салідарнасць усіх інтэлектуалаў і ўсіх журналістаў»

25 кастрычніка ў офісе ГА «БАЖ» адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам заснавальніка «Arche» Андрэя Дынько і выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара часопіса Алеся Пашкевіча.

Сустрэчу з калегамі прадстаўнікі рэдакцыі ініцыявалі самі – каб адказаць на закіды, што прагучалі ў сюжэце праграмы БТ «Зона Х» 23 кастрычніка.

Алесь Пашкевіч прынёс на прэс-канферэнцыю тыя выданні, якія фігуравалі ў кадры, і прапанаваў журналістам самім упэўніцца ў тым, што ніякага намёку на экстрэмізм ці апраўданне нацызму ў іх няма – выключна навуковыя тэксты.

Па словах рэдактара, аўтар адной з кніг – навуковец Уладзімір Ляхоўскі, які пісаў пры дзейнасць беларускіх моладзевых арганізацый да 1939 года – абурыўся, што яго кнігу паказалі буйным планам на фоне абвінаваўчых каментароў, і ўжо нават даслаў адпаведны ліст на БТ.

“Альбо ўзяць часопіс “Архэ”, прысвечаны Другой сусветнай вайне і Беларусі пад нямецкай акупацыяй. Нібыта ў ім праводзіцца пранацысцкая прапаганда. Пабачыўшы свастыку на фотакартцы на вокладцы, аўтар сюжэту палічыў, што гэта мае нейкі падрыўны характар. А гэта проста дакумент той эпохі – святкаванне 1 мая ў тагачасным Мінску... Выкарыстоўваць падобныя матэрыялы для ілюстрацыі нічым не забаронена...”

Да таго ж, дадае Пашкевіч, згаданы нумар выдадзены больш за 4 гады таму і, згодна з патрабаваннямі для зарэгістраваных выданняў, быў дасланы ў Мінінфармацыі, Кніжную палату, прадаваўся ў розных беларускіх кнігарнях і ніколі не выклікаў нічыіх прэтэнзій.

Заснавальнік часопіса Андрэй Дынько лічыць, што журналісцкія вартасці сюжэту ў "Зоне Х" заслугоўваюць разгляду Камісіяй па этыцы: “Як мог журналіст, бачыўшы гэтыя кнігі, меўшы магчымасць пагартаць іх і паглядзець змест, гаварыць такое?..”

Сп. Дынько перакананы: менавіта пасля фільма стала ясна, што гаворка ідзе не пра якія-кольвек эканамічныя прэтэнзіі да часопіса і яго рэдактара, а пра палітычнае рашэнне – разграміць інтэлектуальны асяродак “Arche”. «Шукаецца толькі спосаб, як гэта зрабіць», ­– лічыць заснавальнік.

Старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна падзяляе думку наконт палітычнай замовы: “Мы ўжо прызвычаіліся да заказных матэрыялаў, скіраваных на падрыхтоўку грамадскай думкі. Спачатку ідзе сюжэт БТ, а потым – нейкія суровыя рашэнні... За ўсім гэтым робіцца зразумела – часопіс перашкаджае нейкай “генеральнай лініі”. А ў нас усё, што непрычасанае, падлягае знішчэнню...”

“Закрыццё выдання нанясе непапраўную шкоду беларускай інтэлектуалістыцы. Штомесячнік “Arche” быў адзіным у сваім жанры, у свам родзе беларускім выданнем. Калі закрыць яго, то прастора для навуковай дыскусіі яшчэ звузіцца”, – перакананы Андрэй Дынько.

“Сёння – “Arche”, а заўтра па той жа схеме – літаратурны часопіс, незалежны штотыднёвік, інтэрнэт-партал і гэтак далей. У гэтай сітуацыі патрэбная салідарнасць усіх інтэлектуалаў і ўсіх журналістаў. І калі гэтая справа задумана для таго, каб знішчыць “Arche”, прыйдзецца звяртацца да інтэлектуалаў, гісторыкаў, філосафаў у розных краінах з заклікамі да салідарнасці і розгаласу пра гэтую справу...”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)