Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: Ператварыць усё ў руіны і змусіць Кіеў капітуляваць у расійскага войска не хопіць сілаў

Филин абмеркаваў з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам гучныя прысуды па «справе Аўтуховіча», дэмарш кіраўніка Таджыкістана і ракетныя абстрэлы Украіны, якія нагадваюць падзеі Другой сусветнай вайны.

— У Беларусі выносяцца ўсё новыя прысуды. Фігуранты «справы Аўтуховіча» атрымалі нялюдскія тэрміны. Няўжо ініцыятары і выканаўцы падобных працэсаў разлічваюць утрымацца ва ўладзе яшчэ чвэрць стагоддзя?

— Думаю, па вялікім рахунку, ім хацелася б утрымацца дваццаць пяць гадоў, пяцьдзесят і сто, змяняючы адзін аднаго. Але ўсё ж падаецца, што яны кіруюцца перадусім меркаваннямі бягучай палітыкі. А яна палягае ў тым, каб у першую чаргу запалохаць грамадства, якое лічыцца нелаяльным.

Аўтуховічу і ягоным паплечнікам закідаецца змаганне нямірнымі сродкамі з уладай, арганізацыя збройнага супраціву. І жорсткія прысуды дэманструюць, наколькі гэта будзе карацца. Наколькі гэта будзе непрымальна для цяперашняй улады.

Такім чынам улады падаюць сігнал усім: калі хто рыпнецца, то будзе ўтрымлівацца ў такіх жорсткіх умовах, як Мікола Аўтуховіч ды іншыя фігуранты справы. Што будуць гэтак жа здзеквацца — дзяржаўныя СМІ паказвалі іх у цесных клетках, дэманстравалі, што з імі абыходзяцца не па-людску.

Што яны будуць атрымліваць фактычна пажыццёвае зняволенне, якое не пакідае надзеі выйсці на волю да канца існавання гэтага рэжыму. Таму я думаю, разлік найперш на гэта, а не на надзею пратрымацца дваццаць пяць гадоў. Ды і здароўе у асуджаных не тое, каб вытрываць такі тэрмін.

— Цяпер звернемся да падзей па-за межамі Беларусі. Прамову Эмамалі Рахмона на саміце ў Астане некаторыя СМІ назвалі дэмаршам перад Пуціным. Пра што можа казаць гэтая гісторыя?

— Гэта сведчыць акурат пра тое, што так званыя цэнтральнаазіяцкія сатэліты Крамля асмялелі. Яны бачаць, што Расія аслабела, што яна мусіць усе свае намаганні сканцэнтраваць на ўкраінскім накірунку, што справы ў яе там ідуць вельмі кепска. Вядома, што нават з вайсковых базаў частку вайскоўцаў мусілі тэрмінова перакідаць ва Украіну.

Мясцовыя кіраўнікі, канечне, усё гэта бачаць. І няхай і не паўпрост, але пасылаюць сігналы аб тым, што адносіны паміж імі і Масквой мусяць быць змененыя. Бо ў сувязі з апошнімі падзеямі так як раней, працягвацца больш не можа.

Што датычыцца прамовы Рахмона, то неабходна ведаць сітуацыю, у якой сёння знаходзіцца Таджыкістан, у якой знаходзіцца Расія. І хаця некаторыя лічаць, што Рахмон нібыта робіць рэверансы перад Масквой, не гаворыць прама, нават ліслівіць перад Пуціным, каб так казаць, трэба не ведаць мясцовы кантэкст.

Напрыклад, Рахмон казаў, што яму надакучылі саміты ў фармаце розных «пяцёрак», калі сустракаецца з гэтымі краінамі то Расія, то Пакістан, то Турцыя. Варта заўважыць, што пры гэтым ён не згадвае пра Кітай, не кажа, што той яму ўжо надакучыў.

Другі раз ён закінуў Пуціну, што, маўляў, вы недаацэньваеце нашыя багацці. Вас цікавіць толькі нафта і газ, тое, што дазваляе хутка «нарубіць» грошай. А вось горназдабываючая прамысловасць, маўляў, вас не цікавіць.

Некаторыя тлумачаць, што ён тут просіць у Масквы грошы, каб яна іх укладала, забягае перад Пуціным. Але справа ў тым, што гэты сектар, у нецікавасці да ягога Рахмон вінаваціць Расію, даўно ўжо распрацоўвае Кітай. Тут створаныя сумесныя прадпрыемствы, якія з’яўляюцца ці не самымі галоўнымі прамысловымі аб’ектамі ва ўсім Таджыкістане.

Ён пра гэта не гаворыць, ён на гэта намякае. Але Пуцін пра гэта цудоўна ведае і безумоўна разумее, пра што Рахмон яму хоча сказаць. Не тое, што вы аслаблі, вы ўжо не тыя, што трэба змяняць пазіцыю.

А менавіта тое, што Таджыкістану ёсць кім замяніць Расію. Што ў іх ёсць Кітай, які спакойна займаўся тым, што Расія з яе імперскай пыхай не заўважала. Заўважала большыя краіны — Казахстан, Узбекістан. А да Таджыкістана ставілася з пагардай — маўляў, ды хто вы такія, куды вы ад нас дзенецеся?

Цікавы момант быў у Рахмона, калі ён згадваў пра працоўных мігрантаў, зачапіўшы распаўсюджанае меркванне, што таджыцкія мігранты ўсе працуюць у Расіі, што без яе ім не пражыць, што адтуль усе грошы ідуць.

І вось ён гаворыць, што два мільёны мігрантаў — гэта разам з тымі, хто едзе праз Расію працаваць у іншыя месцы, а ў самой Расіі працуе толькі шэсцьсот тысяч. То бок і тут намёк на тое, што на вас свет клінам не сыйшоўся.

А калі пра тую самую горназдабываючую прамысловасць гаварыў, што ў нас у зямлі многа чаго карыснага ёсць, што мы не жабракі, ён згадаў, што гаворка пра карысць у тым ліку і ў ваенным сэнсе. Што некаторыя матэрыялы ў гэтым сэнсе ўнікальныя.

І акурат у гэтым месцы Рахмон з’едліва пасміхнуўся. Бо добра ведае, што ў Расіі цяпер вялікія праблемы з імпартазамяшчэннем, з пэўнымі матэрыяламі для ваенных мэтаў.

Усё гэта сведчыць пра тое, што кіраўнікі ў Цэнтральнай Азіі пільна назіраюць за сітуацыяй. Яны бачаць, што Расія ўжо не тая. І нават ужо прамым тэкстам гавораць, што такога барскага, несур’ёзнага стаўлення, як раней, да гэтых краін не павінна больш быць.

І каб мець нешта ў гэтым рэгіёне, Масква мусіць мяняць свае падыходы і ставіцца з павагай да інтарэсаў гэтых краін. А калі не, то ёсць Кітай, які ўжо тут і мае іншыя падыходы.

— Сённяшнія абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі і дронамі многія параўноўваюць з Другой сусветнай, калі немцы абстрэльвалі ракетамі «Фау» Лондан. Наколькі слушнае такое параўнанне? І ці можа ўсё гэта скончыцца «расійскім Дрэздэнам»?

— Я пакуль не бяруся казаць, ці скончыцца гэта «расійскім Дрэздэнам». Бо невядома, як падзеі будуць развівацца. Усё ж Расія ядзерная дзяржава, гэта трэба абавязкова ўлічваць. У гітлераўскай Германіі не было ядзернай зброі, адпаведна ў саюзнікаў не было галаўнога болю.

Гэта ў многім перадвызначае тое, што НАТА не хоча ўцягвацца ў вайну непасрэдна, што Украіну ўсяляк адахвочваюць ад удараў па аб’ектах у глыбіні Расіі. Хоць яна ўжо і абстрэльвае тую ж Белгародскую вобласць, і на гэта ніхто не глядзіць.

Так ці іначай, гэты факт будуць заўсёды трымаць у галаве, і так бамбіць расійскую тэрыторыю не будуць. Відаць, стаўка робіцца на эканамічнае ўдушэнне, каб прывесці да развалу эканомікі, сацыяльнай сферы і прымусіць капітуляваць.

Адносна таго, што Расія сёння робіць з Украінай, безумоўна, паралелі з тым, як Германія хацела паставіць на калені Вялікабрытанію ў часе Другой сусветнай вайны, слушныя.

Гэта такі падыход, калі мы не можам нечага дасягнуць ваеннымі метадамі, то будзем ўдарамі па грамадзянскай інфраструктуры старацца вас прымусіць перастаць супраціўляцца.

Германіі гэта не ўдалося, Англія выстаяла. І цяпер, думаю, наўрадці Расіі ўдасца цалкам дасягнуць сваіх мэтаў. Проста таму, што ўкраінскае грамадства мае дастаткова высокі маральны патэнцыял, гатоўнасць супраціўляцца.

Фота: прэс-служба прэзiдэнта Украiны

Акрамя таго, Украіна атрымае падтрымку і неабходную дапамогу ад Захаду, каб змякчыць наступствы ад усяго гэтага. Мы бачым, што як толькі Расія прымяніла гэтую тактыку, пачала актыўна абстрэльваць украінскую тэрыторыю, ці не на наступны дзень выступіў генсек НАТА і заявіў, што Украіна ў бліжэйшы час атрымае новыя сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Звычайна ж такія пытанні даволі доўга вырашаюцца на Захадзе, пакуль пройдуць усе гэтыя абмеркаванні. А тут відавочна, што заходнія краіны, НАТА ды іншыя арганізацыі зразумелі, што гэта небяспечна, што гэта новы выклік. І хоць бы сістэмамі СПА яны хутка дапамогуць.

Трэба таксама не забывацца, што заходнія разведкі і аналітыкі ўсё больш сумняюцца ў тым, што ў Расіі ёсць вялікія запасы зброі, якой яны могуць абстрэльваць украінскія гарады, інфраструктуру. Асабліва высокадакладнай зброі.

І таму расійскае войска не зможа весці інтэнсіўныя абстрэлы доўгі час. Яно можа прынесці шмат шкоды, але каб зусім ужо ператварыць усё ў руіны і змусіць Кіеў капітуляваць сілаў у яго не хопіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(15)