Филин

Міхаіл Мішкін

Пашкевіч: «Можна ўтрымаць людзей на вёсцы адміністрацыйнымі метадамі, але ўсё гэта будзе неэфектыўна»

Гісторык у інтэрв’ю Филину — пра неэфектыўнасць працы пад прымусам.

Падчас чарговай інспекцыі па рэгіёнах Аляксандр Лукашэнка зноў раскрытыкаваў сваіх чыноўнікаў. І, як паведамляе ягоная прэс-служба,  «даручыў узяць пад кантроль рух кадраў на сельгаспрадпрыемствах».

— У нас поўны бардак і разбоўтанасць у кадрах, — заявіў Лукашэнка. — Трэба зрабіць так, каб кадры, іхні рух былі пад кантролем, а не тое, што ўсё кінуў: «Ды я пайду, там мне заплоцяць, я буду ў шакаладзе». Ты адукацыю атрымаў за дзяржаўны кошт — будзь ласкавы, працуй. <> У свой час у нас так і было ўсё: райкам партыі ўзгадніў — і пайшоў. <> Гэта не прыгоннае права. Але гэта пытанне бяспекі, нацыянальных інтарэсаў, пытанне незалежнасці. Кадры вырашаюць усё!

Прыгадваецца, што практыка «перамяшчэння пад кантролем» ужо была ў савецкі час — сельскае насельніцтва да 1974 года не мела пашпартоў, і каб паехаць кудысьці далей райцэнтру, цягам амаль сарака гадоў сялянам патрабавалася спецыяльная даведка, фактычна, дазвол ад калгаса. Зрэшты, схільнасць Аляксандра Лукашэнкі да савецкіх метадаў кіравання праяўляецца шмат гадоў і ў розных сферах — ад камандна-планавай эканомікі да адукацыі, сацыяльнай сферы, барацьбы з «дармаедамі» і г.д.

Чым тлумачыцца такая скіраванасць у мінулае і што можа атрымацца з «савецкага кіравання» ў цяперашняй Беларусі, «Филин» абмеркаваў з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.

— Відавочна, што на вёсцы ёсць праблема з кадрамі. «Кантроль перамяшчэння», наколькі я зразумеў з навін, пакуль што тычыцца не простых вяскоўцаў, а кіраўнічых кадраў, якія пастаянна змяняюцца, бо ніхто не хоча там працаваць, людзі з’язджаюць, адчуваецца недахоп — і Лукашэнка хоча нейкім чынам гэта выправіць.

Аляксандр Пашкевіч

Паколькі ў яго няма ідэй, як гэта выпраўляць цывілізаванымі сродкамі, то ён хапаецца за адзіныя метады, знаёмыя яму з маладосці і дзяцінства: каб прымацаваць кагосьці да зямлі, абклаўшы ўсякімі абмежаваннямі, забараніць без «візы» райвыканкама кудысьці выязджаць. Такое ў яго мысленне, такое бачанне праблемы.

За больш як чвэрць стагоддзя правіцель ментальна так і застаўся савецкім чалавекам, мяркуе гісторык, і таму прымус, кантроль, навязванне абавязкаў падаюцца яму абсалютна правільнымі:

— І такое ў яго не ўпершыню — калі задумвалася мадэрнізацыя ў дрэваапрацоўцы, ён таксама заяўляў, што трэба ўсіх рабочых «замацаваць». Вось і цяпер тая ж спроба ўвайсці ў адну і тую ж раку другі раз, прытым што папярэдні не даў пажаданых вынікаў.

Натуральна, што чалавек, калі ў яго ёсць галава, імпэт, пэўнае бачанне справы, маючы магчымасць пайсці на іншае месца працы, з лепшымі ўмовамі ці аплатай, усё адно туды пойдзе. Канешне, можна яго ўтрымаць адміністрацыйнымі метадамі — забараніць, адсачыць, ці нават пашпарт не аддаваць, — але ўсё гэта будзе неэфектыўна.

Нідзе такога не было, каб прымусовая праца была эфектыўнейшая за вольную, у выніках якой сам чалавек зацікаўлены, гэта ўжо даказана папярэднімі стагоддзямі і тысячагоддзямі. І ўсякія спробы пайсці супраць гэтага любых кіраўнікоў у любым канцы свету гэта толькі пацвярджаюць.

Таму прадказальна, зазначае суразмоўца, што і ў Беларусі падобныя захады эфектыўнымі не будуць. Але правіцелю гэта калі і патрэбна, то не ў першую чаргу. А трэба яму перадусім , каб сістэма хоць так-сяк працягвала працаваць, падпарадкоўвалася, не выходзіла з-пад кантролю і прыносіла хоць нейкія грошы.

— А калі разняволіць працаўніка, то ён жа будзе не толькі эканамічнага поспеху жадаць, але і палітычных змен, наконт чаго Лукашэнка ўжо ў 2020-м годзе пераканаўся, наколькі гэта небяспечна, — зазначае Аляксандр Пашкевіч.

Але ж праблеме з кадрамі ў сельскай гаспадарцы існуе не першы год, і доля гарадскога насельніцтва няўхільна павялічваецца, што б улады ні рабілі: адпраўлялі маладых спецыялістаў на адпрацоўку па размеркаванні, абяцалі іх забяспечыць жытлом, павялічыць заробкі, узводзілі пацёмкінскія аграгарадкі. Ці можна ў сучаснай Беларусі ўдыхнуць жыццё ў вёску?

— Тую вёску, якая была калісьці, не вернеш. Дый гэта не патрэбна, бо сучасная вёска зусім іншая: у ёй большая механізацыя, больш сучасная тэхніка і метады працы, якія не вымагаюць столькі людзей, колькі трэба было раней, і адзін чалавек справіцца там, дзе трэба было дзесяць ці больш. Таму тое, што на вёсцы робіцца менш людзей, не так ужо і страшна, — зазначае гісторык. — Галоўнае, каб заставаліся там сапраўдныя гаспадары, каб яны вялі эфектыўную сельскую гаспадарку без прынукі, без адміністратыўнага рэсурсу і пастаянных селектарных нарадаў і «бітваў за ўраджай».

Дасягнуць гэтага магчыма, хоць і не так проста ў нашай бягучай сітуацыі. Але для гэтага перадусім трэба, каб чалавек стаў гаспадаром на сваёй зямлі, каб людзі працавалі на сябе, а не на чужога дзядзьку і пад ягоным «мудрым кіраўніцтвам», і ім не заміналі. Канешне, гэты шлях няпросты, спачатку бывае пэўны адкат назад, і дзесьці зарастаюць палі і руйнуюцца будынкі фермаў. Але праз пэўныя рэформы, калі яны прадуманыя і адэкватныя, рана ці позна адбываецца аздараўленне.

Іншая справа, што Лукашэнку такая вёска не патрэбная: каб людзі былі незалежныя ад яго і самі ведалі, калі пасеяць, калі ўбраць, куды і за колькі прадаць. Для Лукашэнкі патрэбная калгасная вёска, якая падпарадкоўваецца і якую можна трымаць у сваіх руках. І ў гэтым плане ўзнікае вялікая супярэчнасць.

Прытым, дадае суразмоўца, кіраўніка рэжыму не зусім справядліва абвінавачваць у тым, што за 28 гадоў ва ўладзе ён зусім нічога не зрабіў для сельскай гаспадаркі і ледзь не свядома «загубіў вёску»:

— Укладаў ён якраз вельмі шмат, сельская гаспадарка заўсёды была для яго сферай пільнай увагі, на якую грошы не шкадавалі.

Калі палічыць сродкі, выдаткаваныя на аграгарадкі, адраджэнне сяла, бягучыя і нібыта стратэгічныя ўкладанні, то гэта будуць мільярды долараў. Але яны ідуць у прорву, бо на зямлі няма гаспадара. Нейкі вынік усё ж ёсць — але далёка не той, на які ўлады разлічвалі і які мог бы быць пры больш эфектыўным выкарыстанні.

Усё таму, што Лукашэнка імкнецца адрадзіць не проста вёску, а вёску калгасную, каб у ёй усе хадзілі па струнцы, падпарадкоўваліся калгаснаму начальству, забяспечвалі «правільныя галасы на выбарах». Ён спрабуе ўліваць новае віно ў старыя мяхі, але тыя пастаянна ірвуцца.

Думаю, Лукашэнка проста не можа падняцца над гэтымі супярэчнасцямі. Ён ужо шмат разоў даказваў, што не можа мяняцца, прынамсі прынцыпова. У яго стаіць задача захаваць уладу тут і цяпер, а на будучыню — можа, не сваю ўласную, але будучыню грамадства і народа – ён ужо даўно махнуў рукой.