Филин

Юлія Кот

Пашкевіч: «Даносчыкі сёння добра бачныя. Але не варта лічыць, што іх большасць»

Гісторык — пра «сацыяльную рэкламу» ад беларускага КДБ і ілюзіі ўсеахопнасці кантролю.

Беларусы зноў пачалі атрымліваць жыроўкі з ідэалагічнымі заклікамі на месцы сацыяльнай рэкламы. Як мінімум гэта адбываецца ў Гародні. Тэлеграм-канал «Суды, затрыманні. Гр*дна і вобласць» апублікаваў фота плацёжнага квітка, які змяшчае папярэджанне ад КДБ наконт магчымай «вярбоўкі спецслужбамі замежных дзяржаў».

У 2021-м такую практыку прапаганда ўжо скарыстоўвала: тады жыроўкі з «адказам на заклікі да санкцый» і «развянчаннем міфаў пра БЧБ-сцяг» атрымлівалі мінчане. Некаторыя нашы чытачы нават звярталіся ў дзяржорганы з пытаннем, чаму яны бачаць у плацежках падобны тэкст — але чакана атрымалі адпіскі.

Цяпер зварот  прынамсі падпісаны Камітэтам дзяржбяспекі, а «товарищей, граждан» просяць дапамагчы «абараніць іх ад смяротнай небяспекі». У выпадку, калі праз сацсеткі і месенджары невядомыя «агенты» папросяць беларусаў паведаміць звесткі пра сваё атачэнне, прафесію, біяграфію і кантакты, альбо набыць сім-карту, зняць кватэру, прыняць ці адправіць пасылку, а таксама «прадставіць інфармацыю пра абстаноўку ў Беларусі, дзейнасць сілавых структур і органаў улады» — заклікаюць праявіць свядомасць і неадкладна звярнуцца ў органы. Нават калі справа датычыцца трэціх асобаў — блізкіх, знаёмых, сяброў.

На каго разлічаны гэты крэатыў у 2023-м, калі кожны, здаецца, выбраў свой бок: ці ён лаяльны рэжыму, ці прагне дэмакратычных перамен? Чаму ў век інтэрнэт-тэхналогій улады скарыстоўваюць такія пячорныя метады, ці вернуцца ў Беларусь савецкія плакаты ў стылі «Таварыш, будзь пільны, вакол ворагі!» і наколькі верагоднае пад уздзеяннем прапаганды развіццё маштабнай сістэмы даносаў, як тое было ў 1930-ыя, Филин абмеркаваў з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.

Фота з асабістага архіву Аляксандра Пашкевіча

— Мяркую, ёсць два матывы, па якіх гэта робіцца, — гаворыць навуковец. — Па-першае, органы імкнуцца паказаць грамадству, што яны паўсюль, у кожнай дзірцы, куды ні сунься — усюды яны сочаць, усюды іх выклікаюць.

Такім чынам, стварацца ілюзія ўсеахопнасці, і дзеля гэтага нават на такіх, здавалася б, непрыдатных для гэтага месцах змяшчаюцца згадкі пра КДБ і неабходнасць з ім супрацоўнічаць.

Па-другое, усе спецслужбы існуюць у рамках сістэмы, і ў пэўнай ступені яны таксама бюракратычныя структуры, ім трэба рабіць справаздачы, дакладваць аб сваёй дзейнасці наверх.

Напэўна, у гэтых справаздачах ёсць і такая графа выдаткаў, як «прафілактычная работа» ці «папулярызацыя дзейнасці сілавых структур». І з гэтай мэтай таксама можна скарыстаць жыроўкі: маўляў, паглядзіце, мы інфармацыю даносілі да насельніцтва самымі рознымі метадамі.

Ці насамрэч у КДБ разлічваюць, што такія захады будуць мець рэальны плён: павялічыцца колькасць даносаў, наведванняў іхняга тэлеграм-каналу ці паведамленняў праз тэлеграм-бот пра спробы «вярбоўкі замежнымі шпіёнамі»?

— Наўрад ці органы настолькі наіўныя, каб на гэта разлічваць, — зазначае Аляксандр Пашкевіч, — так што гэтая рассылка больш паказушная, чым прафілактычна карысная.

Што далей — чакаць аўдыяабвестак у грамадскім транспарце, новых «патрыятычных»  рэкламных шчытоў, абавязковых плакатаў у савецкім стылі? Да апошніх, заўважае, гісторык, беларускія ўлады  ўжо ў значнай ступені дайшлі:

— Мы ведаем, што часам з’яўляюцца ідэалагічныя білборды на мяжы. Напрыклад, з выявай Эміля Чэчкі — былога польскага жаўнера, які перайшоў на бок лукашэнкаўскага рэжыму, а пасля скончыў жыццё самагубствам. Альбо плакат, які змясцілі таксама на мяжы з Польшчай, пра нібыта перавагі мясцовага рэжыму перад іншымі сістэмамі ўлады (які, дарэчы, быў зроблены з памылкай).

А на беларуска-ўкраінскай мяжы разгорнутае інфармацыйнае супрацьстаянне, ідзе цэлая «вайна выяў». Таму казаць, што мы можам да такога дайсці, не выпадае — у значнай ступені ўжо прыйшлі.

Абвесткі ў транспарце, наколькі я помню, таксама былі не чыста інфармацыйнымі — нават у ранейшыя, больш вегетарыянскія часы, пры нагодзе ў транспарце вяшчалі і пра Усебеларускі народны сход, і пра Мінскі гарадскі савет дэпутатаў ці іншыя структуры. Тут справа чыста тэхнічная, таму не думаю, што кагосьці ў органах гэта спыніць, калі спатрэбіцца прымяніць такі метад для імітацыі бурнай дзейнасці і потым адсправаздачыцца на гэты конт.

Калі адбываецца пераход ад аўтарытарнай да таталітарнай дзяржавы, заўважае гісторык, такі пераход дастаткова натуральны — у таталітарызме эфект усепрысутнасці надзвычай важны, і яму надаецца вялікая ўвага.

Не выключаю, што хутка з’явяцца білборды з партрэтамі правадыра і ягонымі цытатамі. Зноў жа, у пэўнай ступені першыя ластаўкі ўжо ёсць: загадаем пра «мерч першага» з фразачкамі Лукашэнкі пра «раздеваться и работать», «будет очень интересно» і г.д. Таму, калі прапаганда палічыць патрэбным — чаму б і не, будзе развіваць гэты кірунак.

Іншая справа, наколькі ўсё гэта ўплывае і ўздзейнічае на насельніцтва. Гэта залежыць ад падтрымкі ўлады і ад таго, наколькі ёсць ва ўлады жывая ідэалогія. А паколькі і з адным, і з другім ва ўладаў тугавата, мне здаецца, што такія рэчы могуць мець, хутчэй, рытуальнае значэнне, як у СССР апошніх дзесяцігоддзяў.

Там таксама многа чаго пісалася: «Победа коммунизма неизбежна», «Наша цель — коммунизм». Некаторыя з гэтых надпісаў захаваліся нават да цяперашняй пары. Але да іх ставіліся, як да непазбежнага навакольнага антуража, і сказаць, каб у гэта моцна верылі і кіраваліся тымі заклікамі, было б вялікім перабольшаннем.

Так і ў цяперашнім выпадку: думаю, лаяльнасць да ўладаў забяспечваецца перадусім непрыхаваным гвалтам, а прапаганда знаходзіцца ў такім падпарадкаваным стане.

— Калі працягваць думку, да чаго беларускі рэжым можа дайсці — прыгадваюцца карты даносаў, якія пасля падзей 2020-га з’явіліся ў адкрытым доступе, і расповеды былых зняволеных пра тое, што вельмі многія людзі сёння знаходзяцца ў тым жа СІЗА на Валадарскага па даносах. На вашу думку, ці вернемся мы ў атмасферу даносаў у БССР 1930-х, ці ўсё ж такіх маштабаў не будзе?

— Рэч у тым, што маштабаў цяперашніх мы пакуль не ведаем, можам меркаваць аб іх толькі па ўскосных сведчаннях. Таму мне цяжка ацаніць, наколькі гэта з’ява сёння распаўсюджаная. Так, можна сказаць, што ёсць людзі, якія ахвотна (і часта добраахвотна) ідуць на супрацоўніцтва з рэжымам. Але не ўпэўнены, што варта яе перабольшваць і меркаваць, што асноўны пераслед цяпер ідзе праз даносы.

Не будзем забывацца: лукашэнкаўскі рэжым імкнецца ўбіць клін у асяроддзе сваіх апанентаў, і часам гэта нават паспяхова ўдаецца. Таму да іхніх сцвярджэнняў, што хтосьці кагосьці «здаў» і «зліў», трэба ставіцца насцярожана.

Калі ўжо чалавека затрымалі за рэпосты, лайкі, узламаныя чаты, ці праз фотаздымкі — то чаму б, каб пасеяць недавер, не сказаць яму, што на яго данеслі?

Несумненна, што катэгорыі праўладных актывістаў, якія гэтым займаюцца, ёсць. Аднак, скажам, узгадваючы тыя самыя карты — я, як і многія беларусы, глядзеў на свой раён, і не бачыў, каб у 2020-2021 годзе даносчыкі былі ў кожным доме ці тым больш у кожным пад’ездзе. Адзін-два на дом, і далёка не ў кожным доме. Каб адна палова грамадства даносіла на другую — пацверджанняў гэтай гіпотэзы няма, і я таксама не думаю, што гэта так.

Людзі з невысокімі маральнымі ўстаноўкамі, зазначае гісторык, заўсёды былі і ёсць у кожным грамадстве:

— Проста, калі грамадства знаходзіцца ў нармальным стане, калі ў дзяржаве працуюць законы і дзейнічае права, такія людзі могуць пражыць ад нараджэння да смерці і нічым сябе не праявіць. А ў крызісных сітуацыях, у тым ліку ў крызіс маральных каштоўнасцяў, яны выходзяць на свет — і тады здаецца, што іх шмат, што ўсё грамадства хворае і прасякнутае імі.

Цяпер для іх зялёнае святло, яны запатрабаваныя, адчуваюць сваю беспакаранасць — і гэта разбэшчвае, дае падставы сябе праявіць. Тыя ж самыя супрацоўнікі сілавых структур, якія ўладкаваліся на працу дзесьці ў 1995-98 годзе, маглі спакойна дапрацаваць да пенсіі, і ніхто б не ведаў, што яны, па сутнасці, каты. Але ў некаторых службовы перыяд прыпаў на той час, калі спатрэбілася праяўляць найгоршыя чалавечыя якасці — і яны праявілі.

Тое самае і з даносчыкамі. Яны зараз добра бачныя. Але, на мой погляд, не варта лічыць, што іх большасць, а добрых людзей у грамадстве менш — гэта на карысць уладам, якія стараюцца дэмаралізаваць і раз’яднаць беларускае грамадства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(25)