Общество

Галіна Кудрук

Пашкевіч: Цяпер дайшлі нарэшце рукі і да фармальнага «аб’яднання» ў сферы гістарычнай палітыкі

У Беларусі анансавалі падручнік для школьнікаў па «агульнай гісторыі саюзнай дзяржавы» з Расіяй. «Салідарнасць» пацікавілася ў гісторыка, якая задача можа быць у беларускай часткі падручніка і пра што там стануць пісаць.

Алесь Пашкевіч

«Будзе пакладзены расійскі погляд на гісторыю»

Алесь Пашкевіч звяртае ўвагу на тое, што так званая «саюзная дзяржава» — гэта зусім не саюз роўных суб’ектаў, у ім відавочна вядзе рэй Расія.

— І калі гаворка заходзіць пра ўніфікацыю той ці іншай сферы ў рамках «саюзнай дзяржавы», то звычайна на практыцы гэта азначае тое, што Беларусь мае проста перайсці на расійскія стандарты, у найлепшым выпадку ў іх могуць быць унесеныя толькі нейкія неістотныя карэкціроўкі, — кажа Алесь Пашкевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

Раней, калі Лукашэнка меў больш прасторы для манеўраў, яму ўдавалася ад такіх уніфікацый, калі яны былі яму нявыгадныя, адбівацца. Цяпер гэта рабіць усё цяжэй, таму мы яе і назіраем у самых розных галінах.

Магчыма, цяпер дайшлі нарэшце рукі і да фармальнага «аб’яднання» ў сферы гістарычнай палітыкі. Хоць на практыцы апошнія тры гады гэты працэс ішоў і так, а цяпер яго вынікі проста захацелі неяк фармальна зафіксаваць.

Гісторык не лічыць, што пры ўніфікацыі поглядаў на гісторыю нешта будзе ісці іншым шляхам, чым гэта робіцца ў іншых сферах.

— Несумненна, у аснову падручніка «саюзнай дзяржавы», калі яго сапраўды будуць ствараць, будзе пакладзены расійскі погляд на гісторыю, беларускія сюжэты будуць вымушаныя ўпісвацца ў яго і з ім гарманізаваць. Думаю, гэта будзе бачна ў ім нават на ўзроўні тэрміналогіі: вайна 1812 года будзе адназначна «Айчыннай», паўстанне 1863—1864 гадоў — польскім, падзелы Рэчы Паспалітай будуць трактавацца як «уз’яднанне» і «аднаўленне гістарычнай справядлівасці» і іншае, — кажа Алесь Пашкевіч.

— Задачай беларускай часткі падручніка будзе давесці тое, што гістарычны лёс беларусаў цягам цэлага тысячагоддзя быў цесна завязаны на Расію. Калі нават здараліся ў гісторыі працяглыя перыяды, што продкі сучасных беларусаў жылі ў адрозных ад продкаў сучасных расейцаў дзяржаўных утварэннях, то духоўна яны, маўляў, усё адно былі «адзіным народам», які ўсцяж імкнуўся аднавіць парушанае знешнімі ворагамі адзінства.

А калі паміж іхнімі дзяржавамі ў тыя часы вяліся крывавыя войны – то гэта, маўляў, з-за палітыкі здрадніцкіх эліт, а народы былі і тады ў цэлым «брацкімі».

Адпаведна з гэтым, калі ў падручніку будзе ісці гаворка пра часы Вялікага Княства Літоўскага, то ў ім яўна акцэнт будуць рабіць на старонках яго гісторыі, звязаных з праваслаўем і змаганнем за яго правы.

«Як пазітыўныя героі будуць падавацца перадусім змагары за праваслаўе»

На думку гісторыка, больш-менш пазітыўна ці нейтральна будзе апісвацца ранняя гісторыя ВКЛ. Тады ягоныя ўладары вагаліся ў сваёй геапалітычнай арыентацыі і праводзілі актыўную ўсходнюю палітыку, спрабуючы стаць адным з цэнтрам аб’яднання рускіх зямель і не выключаючы магчымасці глыбокай сувязі з праваслаўнай культурай.

— Але чым далей будуць у ВКЛ пашырацца ўплывы каталіцтва і чым мацней завязвацца сувязі з Польшчай, тым больш будзе ў дачыненні да гэтай дзяржавы крытыкі і негатыву. Пасля Люблінскай, а асабліва Брэсцкай царкоўнай уніі, Рэч Паспалітая ўвогуле стане трактавацца як зусім варожая беларусам і беларускасці, а як пазітыўныя героі будуць падавацца перадусім змагары за праваслаўе і саюз з Масквой кшталту Афанасія Філіповіча ці архіепіскапа Георгія Каніскага.

Няма сумневу, што асобам кшталту Кастуся Каліноўскага няма шанцаў у такіх падручніках быць прадстаўленымі пазітыўна. Таксама аўтары наўрад ці будуць заглыбляцца ў гісторыю развіцця беларускага нацыянальнага руху, асабліва тых ягоных кірункаў, якія выступалі супраць арыентацыі на Маскву.

«Вяртанне ў многіх аспектах да ацэнак гістарычных падзей, прынятых у савецкі час»

Яўна шмат і ў цэлым пазітыўна будзе пра савецкі перыяд, а асабліва пра «баявое братэрства ў часы Вялікай Айчыннай вайны», лічыць Алесь Пашкевіч. 

— На пытаннях сталінскіх рэпрэсій і іншага падобнага негатыву асабліва засяроджвацца не будуць, але нельга выключаць, што на старонках выдання знойдуць адлюстраванне канспіралагічныя тэорыі кшталту адмаўлення віны саветаў за масавыя расстрэлы ў Курапатах ці ў Катыні і ўскладання яе на нямецкіх нацыстаў. І дакладна там нямала месца прысвецяць «генацыду беларускага народа», і сам тэрмін будзе выкарыстоўвацца.

Вядома, калі гаворка будзе ісці пра самую найноўшую гісторыю, то варта чакаць прадстаўлення распаду СССР як «найвялікшай геапалітычнай катастрофы», 1990-х гадоў з кіраваннем «дэмакратаў» як «ліхіх», а прыход да ўлады аўтарытарных кіраўнікоў з іх бясконцым кіраваннем — як адвядзенне імі сваіх краін ад прорвы, уставанне з каленяў і заруку росквіту. Якому шкодзяць толькі зламысныя знешнія сілы, якія не прызнаюць права ўдзельнікаў «саюзнай дзяржавы» на «свой шлях» і нават дзеля гэтага развязалі вайну ва Украіне.

У гэтым падручніку, калі казаць пра яго беларускую частку, маюць адлюстравацца ўсе тыя тэндэнцыі, якія праявіліся ў гістарычнай палітыцы рэжыму Лукашэнкі ў апошнія тры гады і асноўныя пастулаты якіх гучаць на нарадах з удзелам самога яго правадыра і ў выступленнях ягоных найбліжэйшых паплечнікаў, прапагандыстаў ды цяперашніх «генералаў» айчыннай гістарычнай навукі.

— Яны азначаюць вяртанне ў многіх аспектах да ацэнак гістарычных падзей, прынятых у савецкі час, а ў некаторых — перадусім у ацэнцы Вялікага Княства Літоўскага, — нават да ідэй так званага «заходнерусізму» ХІХ стагоддзя.

«Адна справа — калі ён будзе рэкамендаваны Міністэрствамі адукацыі як абавязковы, іншая — калі выкарыстанне будзе толькі факультатыўнае»

Зрэшты, значэнне будзе мець, вядома, і тое, каго прызначаць аўтарамі такога падручніка з беларускага боку, адзначае гісторык.

— Агульнай скіраванасці гэта, праўда, наўрад ці зменіць, паколькі вызначаецца яна не асобнымі аўтарамі. Але на ступень адыёзнасці, канешне, асабісты фактар паўплываць здольны, — лічыць Алесь Пашкевіч.

Што да будучага ўплыву падручніка на розумы і дапамогу ў «аб’яднанні» краін і народаў — то тут нямала залежыць ад таго, наколькі шырока ён будзе прымяняцца ў навучальным працэсе, які будзе яго статус.

— Адна справа — калі ён будзе рэкамендаваны Міністэрствамі адукацыі як абавязковы, іншая — калі выкарыстанне будзе толькі факультатыўнае, — тлумачыць гісторык. — Але ў кожным разе ролю падручнікаў не варта пераацэньваць, бо ўсё ж такі ў ідэалагічнай працы з моладдзю куды больш залежыць ад таго, наколькі сістэма здольная стукацца да яе са сваімі наратывамі праз сучасныя тэхналогіі, гэтай моладзі блізкія.

Напісаць і выдаць падручнік з нейкімі кандовымі пастулатамі, блізкімі і зразумелымі пакаленню Аляксандра Лукашэнкі і Наталлі Качанавай, няма праблемы. Як таксама і прымусіць школьнікаў ды студэнтаў ім карыстацца. Але для таго, каб гэта эфектыўна працавала ў сэнсе рэальнага ўздзеяння на сэрцы і розумы, падыходы патрэбныя больш крэатыўныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(11)