Политика
Анастасія Зелянкова

Партыя БНФ зноў абрала кандыдата ў прэзідэнты

БНФ вылучала партыйнага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Рыгор Костусеў быў абраны на безальтэрнатыўнай аснове 150 галасамі.

У прынцыпе, асаблівай інтрыгі ад з’езду, які адбыўся ў суботу 29 мая, не чакалася. Рашэнне пра вылучэнне кандыдата фактычна было прынята і з’езд павінен быў толькі афіцыйна зацвердзіць яго. Між тым чуліся сярод прысутных і скептычныя заўвагі: маўляў, пра якія выбары можа ісці размова, калі партыя ў бядзе і яе трэба ратаваць. Выказвалася таксама думка, што ў сённяшніх умовах з такім жа поспехам у якасці кандыдата можна было выставіць і тэлеграфны слуп.

На з'ездзе быў таксама заўважаны прэтэндэнт у кандыдаты Алесь Міхалевіч

Падліў алею ў агонь і былы кіраўнік БНФ Лявон Баршчэўскі, які распаўсюдзіў зварот з заклікам да фронтаўцаў “не падтрымліваць яўнай ці прыхаванай задачы БНФ на карысць згодніцкай лініі Аляксандра Мілінкевіча, а выступіць за спыненне тупіковай марыянеткавай палітыкі цяперашняга кіраўніцтва”.

Праўда, сам былы кіраўнік на з’езд не прыйшоў. З гэтай нагоды сённяшні старшыня партыі Аляксей Янукевіч выказаў шкадаванне і запэўніў, што гатовы да дыялогу і супрацоўніцтва.

Разам з тым у сваім звароце Лявон Баршчэўскі папрасіў прысутных не вылучаць яго кандыдатуру ў якасці партыйнага кандыдата, паколькі яшчэ год таму быў падтрыманы з’ездам і па сённяшні дзень разглядае гэта як “права вылучацца кандыдатам і ўдзельнічаць у вызначэнні адзінага кандыдата ад шырокіх дэмакратычных сіл”.

У выніку прэтэндэнтам ад партыі на безальтэрнатыўнай аснове быў абраны Рыгор Костусеў, набраўшы 150 галасоў (супраць — 13).

— Я абяцаю сумленна выконваць свае абавязкі і ў сваіх дзеяннях кіравацца рашэннямі з’езду і Сойму партыі, — запэўніў прэтэндэнт.

На пытанне, ці не збіраецца ён ў будучым здымацца на карысць Мілінкевіча, Костусеў зноў паўтарыў, што выканае любое рашэнне з’езду і Сойму.

— Я камандны чалавек і зраблю так, як вырашыце вы, — пацвердзіў ён і дадаў: — А то потым скажаце, што ўсю ўладу зноў забраў Шклоў (сам Костусеў са Шклову — “С”).

Кіраўніком штаба кандыдата быў абраны Аляксей Янукевіч. У размове з карэспандэнтам “Салідарнасці” ён расказаў, што партыя не плануе ўдзельнічаць ў перамовах па выбары адзінага кандыдата, ініцыянаваных Радай інтэлігенцыі, хаця не выключыў магчымасці перамоў з іншымі кандыдатамі.

Такім чынам, на сённяшні дзень Партыя БНФ фактычна мае двух кандыдатаў. Прычым першы з іх, Лявон Баршчэўскі, вядзе перамовы ў фармаце Рады інтэлігенцыі, другі ж, збіраецца дамаўляцца з БХД і рухам “За свабоду”. Вось толькі ці перарасце колькасць у якасць?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)