Политика
Юлія Аляксандрава

Партыі БХД адмоўлена ў рэгістрацыі. Але яна «будзе дзейнічаць, нягледзячы ні на якія санкцыі»

Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» адмоўлена ў рэгістрацыі. Аднак, па словах кіраўніцтва БХД, гэтае рашэнне Міністэрства юстыцыі на дзейнасць партыі не паўплывае. «Што будзе рабіць БХД далей? У першую чаргу – працаваць. Спакойна, ўпэўнена, настойліва», - заявіў на прэс-канферэнцыі сустаршыня партыі Павал Севярынец.

Партыя БХД збіраецца абскардзіць рашэнне Мінюста ў Вярхоўным судзе, паколькі лічыць яго беспадстаўным.

Тым не менш, чыноўнікі вылучылі дзве групы прэтэнзіяў, якія сталі прычынай адмовы ў рэгістрацыі партыі. Па-першае, гэта «парушэнне заснавальнікамі парадку стварэння партыі падчас правядзення яе ўстановачнага з’езда» (напрыклад, несупадзенне ліку дэлегатаў з’езда ў пратаколе (206 чалавек) і ў спісе прысутных (205 чалавек). Па-другое, непрадстаўленне ўсіх неабходных для рэгістрацыі дакументаў.

-- Быццам мы заплацілі дзяржаўную пошліну не на той рахунак, - тлумачаць кіраўнік Управы БХД Дзяніс Садоўскі. – Хаця пошліна была сплочаная акурат на той рахунак, які пазначаны самім міністэрствам. Узнікае пытанне, дзе нашыя грошы?..

-- Партыя БХД будзе дзейнічаць, нягледзячы ні на якія санкцыі, забароны, рашэнні Мінюста ці іншых дзяржаўных органаў, - запэніў Севярынец. - Таму што мы збіраемся стаць вядучай палітычнай сілай у Беларусі. Палітычных наступстваў мы не баімся: бойся Бога і больш нікога.

Больш за тое, партыя рыхтуе «свой адказ і на становішча ў краіне, і на рашэнне Мінюста». На наступным тыдні мусіць стартаваць акцыя БХД «Наш адказ на крызіс».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)