Портреты

Сямён Печанко

Партрэты. Павел Усаў: «Палітолаг павінен быць песімістам»

Палітычны аналітык расказаў «Салідарнасці» пра свой шлях у прафесію.

Павел Усаў — нарадзіўся ў 1975 годзе ў Магілёве. Палітычны аналітык і аглядальнік, доктар палітычных навук. Кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава).

Скончыў гістфак Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Аркадзя Куляшова. А таксама аспірантуру БДУ (кафедра паліталогіі), магістратуру Варшаўскага ўніверсітэта.

3 1999-га па 2000-ы праходзіў службу ў войску.

Агітаваў аднакурснікаў за Пазняка

— Нарадзіўся я яшчэ ў Савецкім Саюзе. Распад СССР адбыўся на маіх вачах, у свядомае жыццё я ўвайшоў разам з незалежнай Беларуссю. Калі з’явіліся нашыя грошы, сімвалы, калі краіна стала сваёй. Мае сімпатыі ад пачатку былі на баку нацыянальна-адраджэнскага руху.

Для мяне асабістай трагедыяй стала перамога Аляксандра Лукашэнкі ў 1994-м. І хоць агітаваў сваіх аднакурснікаў за Пазняка, ў выніку я адзіны з факультэта галасаваў за яго. Астатнія альбо не пайшлі на выбары, альбо аддалі галасы за Лукашэнку. На маіх вачах моладзь прайграла сваю будучыню і зараз за гэта расплочваецца.

Аляксандр Лукашэнка ў студэнцкія гады. Фота president.gov.by

— Вучыўся я на тым самым факультэце, што і Лукашэнка калісьці. Слухаў лекцыі выкладчыкаў, якія яшчэ памяталі яго. Тут жа вучыўся калісьці і мой бацька, а таксама дзядзька. Пэўна, адсюль у мяне такая цікавасць да гісторыі.

У мяне выкладаў Якаў Трашчанок, адзін з прадстаўнікоў плыні заходнерусізму. Мушу сказаць, што гэта быў вельмі разумны дзядзька, ня гледзячы на ягоныя погляды.

Асабіста знаёмы з Ігарам Марзалюком. У той час ён быў яскравым прадстаўніком беларускага незалежніцкага, адраджэнскага руху. Сёння ж з ім адбылася пэўная эвалюцыя.

Бээнэфавец на факультэце

— Адзіны ўніверсітэт, які рыхтаваў спецыялістаў-палітолагаў, а не педагогаў, быў БДУ. Менавіта тут была аспірантура для будучых палітолагаў. Ва ўсіх іншых ВНУ не было нават такой спецыяльнасці «паліталогія».

У нас паліталогія выкладалася на апошнім курсе. Для мяне гэта была адна з самых любімых дысцыплін, хоць гэта быў хутчэй факультатыў. 

Мне цікавая была палітыка, я хацеў ёй займацца. На сваім факультэце я лічыўся прыхільнікам БНФ, нацыяналістам. Ужо тады гэта было небяспечна. Менавіта па гэтай прычыне мяне не хацелі пакідаць на кафедры пасля заканчэння вучобы. За мяне заступіўся загадчык кафедры Міхаіл Андрэевіч Малянок, толькі дзякуючы яму я паступіў у аспірантуру. Гэтая падтрымка каштавала яму здароўя.

Я скончыў універсітэт з чырвоным дыпломам. У розныя перыяды навучання працаваў у школах. Гэта быў даволі цяжкі перыяд, тады я на ўласныя вочы пабачыў, як цяжка працаваць настаўнікам.

Давялося назіраць за тым, як адбываецца кансервацыя ўсіх палітычных працэсаў, у тым ліку ва ўніверсітэце. З адной з самых прагрэсіўных навучальных установаў, дзе выкладалі па-беларуску, дзе быў арыентаваны на беларушчыну факультэт гісторыі, універсітэт ператварыўся ў адзін з самых кансерватыўных.

Адсюль паходзіць сумнавядомы экс-міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, які быў прарэктарам, а потым і рэктарам універсітэта

На жаль, у апошнія гады ўніверсітэт заўважна дэградаваў. Я мару, што ўсё ж некалі вярнуся і буду мець магчымасць прачытаць лекцыю для студэнтаў.

Звальненне за «антыдзяржаўную агітацыю»

— Пэўны час я працаваў у сваім ўніверсітэце, выкладаў паліталогію на розных факультэтах. Але за сваю пазіцыю, за спробы навучыць студэнтаў думаць і не паддавацца на шантаж быў звольнены ў 2005 годзе. У 2004-м я ўдзельнічаў у парламенцкай кампаніі ў якасці незалежнага кандыдата. Мяне тады не зарэгістравалі, але для выкладчыка ўніверсітэта такі ўчынак сам па сабе быў выклікам сістэме.

Яшчэ адна прычына — у тым жа годзе адбыўся рэферэндум па змене Канстытуцыі, які зняў для Лукашэнкі абмежаванні па балатаванні на пасаду прэзідэнта. На тых факультэтах, дзе я выкладаў, студэнты не пайшлі галасаваць. Гэта выклікала вялікае абурэнне ў кіраўніцтва, мяне абвінавацілі ў антыдзяржаўнай агітацыі.

Пра пераломны 2006-ы і ад’езд у Польшчу

— Я да апошняга даводзіў моладзі, што 2006-ы будзе ключавым для будучыні краіны. Трэба прыгадаць, што гэта быў ці не апошні ўздым апазіцыі, аб’яднанне, фарміраванне адзінага фронту, ня гледзячы на з’яўленне ў прэзідэнцкай кампаніі Аляксандра Казуліна, скіраванасць на Плошчу. Было адчуванне магчымасці паўплываць на палітычныя працэсы ў Беларусі.

Тым не менш, скончылася так, як скончылася. Для мяне гэта стала ў пэўным сэнсе адкрыццём, момантам ісціны. Я зразумеў, што пасля 2006-га развіццё Беларусі пойдзе па самым негатыўным сцэнары.

Фота Беларускі Дом у Варшаве

У той час я не мог знайсці працу, бо апынуўся ў чорным спісе. Некаторыя ўніверсітэты прымалі мае дакументы, але пасля сігналаў з адпаведных органаў прасілі забраць іх. У 2003-м я скончыў аспірантуру ў БДУ і пасля звальнення зразумеў, што не маю шанцаў абараніць тут дысертацыю.

Я вырашыў падацца на стыпендыю Кіркланда ў Польшчы, а потым у польскую Акадэмію навук. З 2007 года пачынаецца мой шлях і жыццё ў Польшчы.

Як гэта — быць палітолагам у нашыя дні

— Гісторыя­ — гэта адваротны бок палітыкі. Яны суіснуюць у розных вымярэннях. Вядомае выслоўе: гісторыя — палітыка, павернутая ў мінулае. Не ведаючы гісторыі, цяжка разумець і ацэньваць падзеі, што адбываюцца сёння, у сучаснасці. Гэта паказалі акурат падзеі 2020-га ў Беларусі.

Разуменне глыбіні працэсаў, якія разгортваюцца на нашых вачах, пэўны досвед, веданне гісторыі іншых краінаў, што апыналіся ў падобных цяжкіх сітуацыях, надае песімізму ў поглядах і ацэнках.

Зрэшты, на маю думку, аналітыкі, палітолагі і павінны быць песімістамі. З аптымізмам глядзець у будучыню, ці на сённяшнія працэсы — гэта функцыя палітыкаў.

Фота Беларускі Дом у Варшаве

Лепш быць песімістам і не мець пры гэтым рацыі, чым раздаваць аптымістычныя прагнозы, падманваючы людзей. Пусты аптымізм для палітолага — недаравальная раскоша.

Разам з тым, быць палітолагам у нашыя дні — гэта каштоўны досвед. Твой каментар можа дапамагчы ў прыняцці важных рашэнняў. Я не пакідаю надзеі, што Беларусь у перспектыве некалькіх год будзе мець шанец на новае палітычнае адраджэнне. І спадзяюся, што таксама змагу згуляць у гэтым сваю канструктыўную ролю.

Як палітолаг Павел Усаў адпачывае ад палітыкі

— Найбольш я люблю падарожнічаць. Але кавід мяне ў гэтым, на жаль, абмежаваў. Люблю слухаць музыку, час ад часу гуляю ў шахматы. Стараюся часцей бываць на свежым паветры. Хаджу ў грыбы, на рыбалку.

Больш часу намагаюся аддаваць сям’і, свайму сыну Віктару. Хоць ён таксама, маючы ўсяго шэсць год, ужо ведае, што адбываецца ў Беларусі, набіраецца новых слоў, атрымлівае ранні палітычны досвед.

Чытаю кнігі, люблю антычных гісторыкаў і філосафаў. Пачынаючы з Дыядора Сіцылійскага і скончваючы Цітам Лівіем. Іх працы цудоўна паказваюць, як развівалася палітыка ў даўнія часы. І сведчаць, што ў нашы час сутнасна мала што змянілася.

Зло палітычнае існавала даўно і будзе існаваць надалей. Галоўнае, каб мы не шукалі з ім нейкіх кампрамісаў. Бо малое палітычнае зло непазбежна перараджаецца ў такіх выпадках у велізарнае.

Часам люблю паглядзець добрыя фільмы, пераважна фантастыку. Нядаўна глядзеў на Netflix «Асновы» паводле Айзека Азімава. Раю прачытаць гэтую кнігу ўсім тым, хто цікавіцца і займаецца палітычным аналізам, паліталогіяй. Гэта твор на сутыку фантастыкі і навуковага аналізу, прагнозаў, тых падзей, што нас магчыма чакаюць у будучыні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(31)