Общество
Анастасія Зелянкова

Партрэт Сцяпана Батуры вярнулі «Бацькаўшчыне»

МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» адзначыла сваё 20-годдзе. Павіншаваць арганізацыю прыехалі з розных куткоў свету.

 

У залі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур сабраліся прадстаўнікі суполак беларускай дыяспары, пісьменнікі, палітычныя і грамадскія дзеячы.

— Мы працуем з беларусамі з 20 краін свету. З тымі, хто па розных прычынах паехаў адсюль, але застаецца беларусам, — адзначыла кіраўнік арганізацыі Алена Макоўская.

Павіншаваць арганізацыю прыйшоў і міністр культуры Павел Латушка.

— Нельга дзяліць беларусаў на тых, хто жыве тут, і тых, хто за межамі, — адзначыў міністр. — Толькі задумайцеся: а ў чым мы розныя? Адну і тую ж песню спявала нам маці, пад адным і тым жа небам мы нарадзіліся, па адной і той жа зямлі хадзілі. І няхай не ўсе гаворым на адной і той жа беларускай мове, але разумеем адзін аднаго.

Латушка нагадаў, што менавіта ў гэты дзень краіна азначае 80-гадовы юбілей выбітнага пісьменніка Уладзіміра Караткевча, што само па сабе сімвалічна.

— Караткевіч паказаў нам, што варта называцца беларусам, вучыў шанаваць сваю зямлю, мову, — патлумачыў міністр. — Гэта ж сёння робіць і “Бацькаўшчына”.

Таму ў якасці падарунка Латушка ўручыў новае выданне кнігі Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” і дыск з дакументальным фільмам “Свет Караткевіча”.

А вось адзін з былых прэзідэнтаў “Бацькаўшчыны” Радзім Гарэцкі выказаў непакой за лёс краіны.

— Мяне вельмі хвалюе сённяшняя сітуацыя ў Беларусі. Па дадзеных, беларусаў, якія штодзённа размаўляюць па-беларуску за дзесяць лет скарацілася з 37% да 23%. Калі мы не хочам зусім знікнуць, нам патрэбна адраджаць нашу мову. Нам патрэбны беларускамоўны прэзідэнт і беларускамоўны урад, — адзначыў Гарэцкі пад бурныя апладысменты з залі.

З гэтай нагоды прысутныя нават выказалі прапанову Алене Макоўскай вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Гэта быў не адзіны камплімент цяперашняму кіраўніцтву “Бацькаўшчыны”. Як прызнаўся прадстаўнік беларускай дыяспары ў Беластоку, з таго моманту, як Ніна Шыдлоўкая і Алена Макоўская сталі на чале арганізацыі, Згуртаванне беларусаў свету клічуць не інакш, як “Мацькаўшчына”.

У гэты вечар шмат таксама гаварылі пра лёс краіны і пра беларускую мову.

— У кожнай сям’і свае традыцыі, у кожнага пакалення свой час – і гэта правільна, — адзначыў паэт Генадзь Бураўкін. — Але ўсіх нас аб’ядноўвае адно – Бацькаўшчына. Шмат на нашай зямлі было палітычных завірух, столькі прайшло абыякавых да нашага лёсу і гісторыі ботаў. Але ў народа можа быць толькі адзін пароль, па якім мы пазнаем адзін аднаго – мова. Родная беларуская мова. Калі гэты пароль знікне – мы не зможам знайсціся.

Павіншаваць “Бацькаўшчыну” прыехалі беларусы з ўсяго свету – Эстоніі, Літвы, Расіі, Польшчы. Тыя, хто не змог прысутнічаць на імпрэзе, даслаў свае віншаванні. Сваё прывітанне перадала таксама старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

А сярод шматлікіх падарункаў аказаўся нават парадны партрэт караля Сцяпана Батуры, дакладней яго старая копія, якая да нядаўняга часу знаходзілася ў музейных сутарэннях Расіі. Прадстаўнікі расійскай дыяспары паабяцалі і надалей спрыяць вяртанню беларускіх каштоўнасцей.

Для гасцей ў гэты вечар спявалі і ігралі Лявон Вольскі, Алесь Камоцкі, гурты “Унія” і “Стары Ольса”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)