Общество
Валер Каліноўскі, Радыё Свабода

Парад каштаваў каля 50 мільёнаў даляраў

Беларусь адзначыла галоўнае афіцыйнае сьвята — Дзень незалежнасьці і 65-годзьдзе вызваленьня ад нацысцкай акупацыі. У Менску ў савецкім стылі прайшлі вайсковы парад, дэманстрацыя аўтатрактарнай тэхнікі і тавараў народнага спажываньня, якія вырабляюцца ў краіне, шэсьце фізкультурнікаў.

У вайсковым парадзе бралі ўдзел 3000 вайскоўцаў і 160 наземных і паветраных машын. Адметнасьцю сёлетняга параду быў праход па горадзе танкаў і іншай цяжкай гусенічнай тэхнікі.

Раней на парад выводзілі пераважна колавую тэхніку, каб не псаваць дарожнае пакрыцьцё, — кажа вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін. Што да прадстаўленай на парадзе наземнай і паветранай тэхнікі, то ніякіх навінак спадар Алесін не заўважыў:

-- Тое, што прайшло на парадзе, — гэта ў значнай ступені ўчарашні дзень вайсковай тэхнікі. Можна нізка пакланіцца людзям, якія падтрымліваюць боегатоўнасьць гэтай тэхнікі, тое, што яна ўвогуле рухаецца. Але гэта ўчорашні, а па артылерыйскіх сыстэмах — нават пазаўчорашні дзень.

Сапраўды, на парадзе былі прадстаўленыя ўзоры савецкай тэхнікі пачатку 80-х гадоў, а некаторыя, як танк Т-72 — і 70-х. Яны мала мадэрнізаваныя, за выключэньнем хіба некаторых відаў баявых самалётаў.

Паводле спадара Алесіна, кошт падрыхтоўкі і правядзеньня вайсковага параду такога маштабу складае каля 50 мільёнаў даляраў. У гэтую суму не ўваходзяць сапсаваныя гусеніцамі менскія вуліцы, кошт падрыхтоўкі і правядзеньня спартыўнай і тэатральна-мастацкай часткі сьвяточнай маніфэстацыі і параду аўтатрактарнай тэхнікі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)