Памёр тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў

Яму было 39 год.

Фота wir.by

— Трагічная навіна. Лёшы больш няма з намі. Няшчасны выпадак здарыўся сёння, — напісаў у ноч на 18 снежня лідар беларускай культурнай супольнасці Сяргей Будкін.

У Аляксея Стрэльнікава засталіся жонка Алена і сын Леў. Будкін адвесціў збор дапамогі сям’і памерлага на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Стрэльнікаў нарадзіўся ў 1983 годзе ў Новасібірску, але свядомае жыццё правёў у Беларусі. Скончыў журфак БДУ і тэатразнаўчую аспірантуру Акадэміі мастацтваў, быў кандыдатам мастацтвазнаўства. Адзін са стваральнікаў літаратурнай прэміі імя Гедройца.

Пасля падзей 2020 года быў звольнены з Акадэміі мастацтваў. Ставіў монаспектаклі, якія праходзілі ў Мінску ў фармаце закрытых паказаў.

— Шчыра вам скажу, я баюся таго, што мы робім. Мне не хочацца сесці ў турму, але для мяне падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць. Я працягваю рабіць тое, што хачу, я вольны ў выбары матэрыялу і мастацкіх сродкаў, і, хаця гэтая свабода абмежаваная, для мяне яна сапраўдная і вельмі каштоўная, — казаў Аляксей Стрэльнікаў у сваім апошнім інтэрв’ю «Новаму часу».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)