Памерла маці Юрыя Чыжа

Вера Пятроўна была баптысткай, нарадзіла шэсць сыноў.

Газета «СБ. Беларусь сёння» выйшла са спачуваннямі мільянеру Юрыя Чыжу — у яго памерла маці Вера Пятроўна. Апошнія гады яна жыла ў Белаазёрску, куды яе забраў адзін з сыноў.

Раней сям’я Чыжоў жыла ў маленькай вёсцы Сабалі, пад Бярозай (Брэсцкая вобласць). Юрый быў у бацькоў малодшым дзіцем, прычым у сям’і нарадзілася ажно шэсць хлапчукоў! Так шмат дзяцей нараджалася і ў суседніх дварах.

«У нашых Сабалях утварылася вельмі моцная баптысцкая супольнасць, — тлумачылі аднавяскоўцы Чыжа карэспандэнту „НН“, — а паколькі ў баптыстаў не вітаюцца аборты, то дзеці і нараджаліся адно за адным».

Цікава, што бацька алігарха, Аляксандр Чыж, быў праваслаўным, а маці стала баптысткаю.

Бацькі Чыжа былі простымі людзьмі, і род быў сялянскі ад веку. Па словах суседзяў — сям’і Жалудкоў, з іх сынам Юра сябруе дагэтуль — бацька падчас вайны трапіў у палон да немцаў. Быў у канцлагеры, але выжыў і вярнуўся дадому.

«Валодзя, Жэня, Віця, Саша, Толік… Ну і Юра, канечне!» — вяскоўцы з цяжкасцю узнаўляюць спіс братоў Чыжоў па старшынстве. Двух старэйшых з іх ўжо няма ў жывых. Уладзімір быў старшынём мясцовага калгаса, а пасля лёс закінуў яго ў прымежную Маларыту, дзе ён працаваў дырэктарам гароднінасушыльнай фабрыкі. У пачатку года памёр і Яўген Чыж.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)