Палуян: «Я здымаю пра сваё пакаленне. Яно ўжо альбо сядзіць у турме, альбо з‘ехала за мяжу, альбо на фронце»

Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян, стваральнік фільма пра пратэсты 2020-га «Courage», — пра сваю галоўную працу, трагедыю ў Беларусі, віну пакалення 30+ і творчыя планы.

— Не магу сказаць, што мае бацькі аказалі вялікі ўплыў на мае палітычныя погляды. Адзінае, што я памятаю, што ў нас у кватэры была заўсёды «Народная воля», — узгадвае Аляксей у інтэрв’ю DW Беларусь. — Я малы часам таксама чытаў. Добра памятаю выпуск 1999 года, калі забілі Ганчара і іншых. І памятаю, якая цішыня была дома. Усе ўсё разумелі, але была такая недасказанасць.

Аляксей Палуян. Фота: backstage.place

У 2010 годзе Палуян, будучы студэнтам БДУІР, адмовіўся ісці на выбары, за што быў пазбаўлены месца ў інтэрнаце. У тым жа годзе ён канчаткова перайшоў на беларускую мову.

— З большасці была станоўчая рэакцыя. Крыху выкладчыкі не разумелі, як са мной размаўляць, бо я ўсё-такі вучыўся на тэхнічнай спецыяльнасці, шэраг тэрмінаў былі вельмі спецыфічныя, і я сам губляўся, не ведаў, як яны называюцца. Спатрэбіўся час, каб людзі зразумелі, як са мной камунікаваць. Амаль ні ад каго я не бачыў негатыўнай рэакцыі, наадварот.

У рэжысуру Палуян сыйшоў з IT. Сваім галоўным фільмам ён называе фільм «Смеласць» («Courage»).

— Яго доўга здымалі: з канца 2018 па верасень 2020 года. Ёсць наступствы пасля гэтага фільма — я не магу вярнуцца на Радзіму, і гэта кажа пра кошт, які я ўклаў у гэты фільм.

Я вельмі люблю герояў гэтага фільму. Гэта вельмі шчырыя людзі, якія дазволілі мне зайсці з камерай у іх жыццё. Для мяне гэта быў крок наперад — праз мастакоў распавесці трагедыю маёй краіны.

Я сам мастак і мяне цікавіць свет гэтых людзей: як яны думаюць, як выжываюць, якія ў іх страхі. Пра лепшыя бакі лёгка здымаць, складана здымаць пра слабыя, пра страхі. У гэтым фільме у кожнага героя ёсць слабыя бакі, за якія ты іх любіш.

Я здымаў не пра палітыку. Я здымаў і працягваю здымаць пра сваё пакаленне. Мне цікава пра гэта казаць. Толькі ўжо гэта пакаленне альбо сядзіць у турме, альбо з‘ехала за мяжу, альбо на фронце памірае за свабоду Украіны і Беларусі.

Асноўная рыса характару майго пакалення, мне здаецца, пачуццё віны. Калі казаць пра тых, з кім я зараз у кантакце, то гэта віна за тое, што не атрымалася ў 2020 годзе.

Мне падаецца, што маё пакаленне вельмі свабоднае, мне ў гэтым годзе 35. Мая сястра старэйшая за мяне ўсяго на сем гадоў, але яе пакаленне ўжо не такое свабоднае.

З паказам фільма «Courage» рэжысёр ездзіў ва Украіну. Там, кажа Аляксей Палуян, ён зразумеў, наколькі мала беларусы і ўкраінцы ведаюць адзін пра аднога.

— У Кіеве на прагляд прыйшлі ваяры палка Каліноўскага.

Пасля прагляду ўстаў адзін з ваяроў, прадставіўся, сказаў, што яму 53 гады і ён хоча выбачыцца перада мной і ўсімі маладымі людзьмі, якія тут знаходзяцца, што яго пакаленне амаль нічога не зрабіла.

І тое, што адбываецца ў Беларусі, тое, што паказана ў маім фільме, вымусіла беларусаў ўцячы ва Украіну, узяць зброю і змагацца.

І калі я гэта чуў, па маёй скуры пайшлі дрыжыкі. Гэта тая тэма, над якой я зараз працую, тая спадчына, якую мы атрымалі. Не хочацца кагосьці вініць са старэйшага пакалення, але гэтая тэма віны ў нас неяк стаіць на паверхні. Магчыма, віна перадаецца з пакалення ў пакаленне, таму што справа не скончана.

Па словах рэжысёра, ён атрымліваў пагрозы з-за фільма пра беларускія пратэсты ад рускіх, якія жывуць у Нямеччыне. Яны казалі рэжысёру, каб «ён быў пільным, бо ў Нямеччыне такіх, як яны, вельмі шмат».

Зараз Палуян працуе над мастацткім фільмам з працоўной назвай «Спадчына».

— Гэта фільм пра маладога мастака, бацька якога працуе ў сістэме. Гэты фільм не толькі пра Беларусь, але і Украіну. Пра трансфармацыю мастака,  які становіцца пацыфістам і гатовы ўзяць у рукі зброю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(36)