Политика
Аліна Таранік

Палітыкі і праваабаронцы абмеркавалі папраўкі ў заканадаўства

Прадстаўнікі беларускіх партый і рухаў сустрэліся з праваабаронцамі, каб прааналізаваць папраўкі ў заканадаўства «Аб органах дзяржбяспекі», абмеркаваць, што рабіць далей, ды паразважаць над магчымымі спосабамі дзеяння ў межах новай рэдакцыі закону.

У чацвер у офісе Партыі БНФ у Мінску адбылася сустрэча праваабаронцаў з прадстаўнікамі шасці вядучых палітычных сілаў: Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, руху «За свабоду», Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадскай партыі, партыі левых «Справедлівы свет» ды кампаніі «Гавары праўду».

– Падчас сустрэчы праваабаронцы распавялі пра асаблівасці гэтага закону («Аб органах дзяржбяспекі»), яго новыя акалічнасці. Таксама адбылося абмеркаванне, якім чынам некаторыя моманты з гэтага закона магчыма «абыходзіць», ды быў праведзены мазгавы штурм, падчас якога ўдзельнікі падзяліліся ідэямі, што можна зрабіць у сітуацыі, калі закон усё ж зацвердзяць, – распавёў «Салідарнасці» адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, які прысутнічаў на сустрэчы.

Па словах Садоўскага, абмяркоўвалі галоўным чынам дзве рэчы: захады, якія трэба зрабіць, каб закон не быў прыняты, ды спосабы дзеяння ў межах змененага закону.

– Пакуль што мы абмежаваліся простым абмеркаваннем сітуацыі, бо папраўкі яшчэ не зацверджаныя. На дадзены момант нашай задачай з’яўляецца давесці да грамадзян усю абсурднасць новага закону, тое, што ён скіраваны не толькі супраць апазіцыі, але і парушае правы кожнага грамадзяніна, – паведаміў суразмоўца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)