Палітолаг: «Галоўчанку давядзецца накласьці апалу і на Качанаву, і на Тэртэля, і на Хрэніна»
Дэкрэт Лукашэнкі — паўтарэньне вопыту «вярхоўнікаў». Юры Дракахруст каментуе «лёсавызначальнае» рашэнне Лукашэнкі.
— Дэкрэт Лукашэнкі зь перадачай усёй улады Радзе бясьпекі ў выпадку яго раптоўнага сыходу выклікае вялікае зьдзіўленьне, — піша Юры Дракахруст.
Нават ня ў тым справа, што ён супярэчыць дзейнай Канстытуцыі, але ў тым, што ён супярэчыць палітычнай філязофіі, якую Лукашэнка вызнаваў дзесяцігодзьдзямі.
Патрэбны «ствол» улады, адзінства палітычнай волі, любы падзел ўлады, розныя меркаваньні — гэта ад лукавага, гэта хаос, гэта шлях да развалу, краху дзяржаўнасьці.
Ну бачаньне мо неадэкватнае, але цэльнае, канцэптуальнае. Было.
А зараз сам носьбіт гэтага бачаньня закладае бомбу пад будучыню дзяржаўнасьці.
Ужо якім пераемнікам быў бы Раман Галоўчанка – гэта асобны сюжэт.
Але калі пераемнік – гэта «палітбюро», то гэта і сапраўды бомба пад дзяржаўнасьць. І ня толькі з пункту гледжаньня дэмакратычнай пабудовы краіны (забудзем і вынясем за дужкі), але і з пункту гледжаньня дзяржаўніцкага а ля Лукашэнка.
А калі чалец Рады бясьпекі Тэртэль, кіраўнік КДБ, у экстрэмальнай сытуацыі раптам будзе мець іншы погляд, чым чалец той да Рады Хрэнін, міністар абароны?
А за імі – людзі са зброяй. Хіба галасаваньне ў Радзе, да таго ж таемнае, спыніць некага, роўнага іншым чальцам Рады, аддаць загад сваім штыкам?
Словам, дэкрэт Лукашэнкі – ня тое што выклік Канстытуцыі і дэмакратычным прынцыпам (каго гэта цікавіць?), гэта выклік яго ўласным жыцьцёвым прынцыпам.
Здаецца, гэта жыцьцёвая капітуляцыя.
Некалі Аляксандар Фядута (цяпер – кшталту правадыр перавароту) цытаваў кіраўніка місіі АБСЭ Ганса-Георга Віка, словы, нібыта сказаныя яму Лукашэнкам. Паводле Фядуты Лукашэнка напрыканцы 90-х сказаў Віку – да мяне была дэмакратыя, і пасьля мяне будзе.
Можа, тое выказваньне Лукашэнкі – сутнасьць яго дэкрэту?
Па шчырасьці — іншая фармулёўка прынцыпу: пасьля мяне хоць патоп.
Гэта нагадвае «вярхоўнікаў» — расейскіх вышэйшых вяльможаў, якія спрабавалі накінуць імпэратрыцы Ганне Іааноўне «кандыцыі», умовы абмежаваньня самадзяржаўя.
Ганна Іаанаўна ўласнаручна разарвала «кандыцыі», а «вярхоўнікаў» саслала ці пасадзіла.
Дэмакратыя «вярхоўнікаў» — ня самая добрая ідэя.
Галоўчанку давядзецца накласьці апалу і на Качанаву, і на Тэртэля, і на Хрэніна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное