Политика
Аліна Таранік

Палажанка затрыманая ў Дзень народзінаў каля калёніі, дзе сядзіць Дашкевіч (фота)

2 жніўня маладафронтаўка Наста Палажанка адзначае Дзень народзінаў. У гэты ж дзень ладзіўся аўтапрабег да калёніі ў Горках, дзе ўтрымліваюць яе жаніха Зьмітра Дашкевіча. Акцыя скончылася брутальным разгонам.

Яшчэ зранку паплечнікі з «Маладога Фронту» – Мікола Дземідзенка, Іван Шыла – павіншавалі дзяўчыну ды падарылі ёй кветкі. Не абышлося без віншаваньняў і каля Горацкай калёніі – людзі, што там сабраліся таксама не пакінулі намесьніцу старшыні «Маладога Фронту» без увагі.

Настрой у Насты Палажанкі пакуль неспакойны: невядома, як пройдзе складаньне скаргаў у калёніі, як невядомы і рэзультат гэтых дзеяньняў.

– Ня ведаю, ці пусьцяць нас зараз. Калі б пусьцілі, то гэта ужо быў бы найлепшы падарунак, – кажа Наста карэспандэнту «Салідарнасці».

Калі мы зьвязаліся зь дзяўчынай, яна яшчэ знаходзілася ў Горацкай калёніі, дзе разам з адвакатам Зьмітра Дашкевіча, беларускімі палітыкамі і прадстаўнікамі грамадзкасьці чакала, ці пусьцяць скласьці скаргі ў адміністрацыю. Справа ў тым, што да жаніха Насты, палітвязьня Зьмітра Дашкевіча ўжо некалькі дзён не пускаюць адваката. Як раней паведамляла прэс-служба «Маладога Фронту», ёсьць верагоднасьць, што хлопец зьбіты і яго ня хочуць паказваць адвакату.

Паводле прадстаўніка адміністрацыі Горацкай калёніі, да Дашкевіча не пускаюць адваката, таму што Зьміцер сам не жадае зь ім бачыцца. Людзі, што сабраліся каля калёніі, у дадзены момант падпісваюць калектыўную заяву, паводле якой хочуць, каб ім прадставілі пісьмовы дакумэнт з подпісам лідэра «МФ», які пацьвярджае просьбу аб адмове ад сустрэчы з адвакатам.

Каля калёніі ў Горках сабралася больш за 30 чалавек, у тым ліку палітыкі Ўладзімер Некляеў ды Анатоль Лябедзька. Па дарозе машыны некаторых удзельнікаў аўтапрабегу спынялі і правяралі дакумэнты, але нікога не заварочвалі назад. На момант напісаньня артыкулу ніхто ня быў затрыманы, але побач з калёніяй увесь час дзяжурыць міліцыя.

Фота са старонкі ў Facebook Юлі Дарашкевіч

Прыкладна ў 15.00 стала вядома, што грамадзкія актывісты разгарнулі расьцяжку з надпісам "Спыніце перасьлед!", трымаючы ў руках партрэты Зьмітра Дашкевіча. Пяцёра міліцыянтаў спрабавалі адабраць расьцяжку ў актывістаў, сярод якіх была і Наста Палажанка. Моладзь, не аддаючы расьцяжку, села на зямлю, усе скандавалі "Ганьба!" У рэшце рэшт, транспарант "Спыніце перасьлед!" стаў здабыткам міліцыянтаў. Хлопцаў, якіх валаклі ў будынак папраўчай калёніі, адбілі жанчыны-ўдзельніцы, паведамляе «Еўрарадыё».

Ля сьцен калёніі ўдзельнікі аўтапрабегу памаліліся за палітзьняволенага, які, дарэчы, таксама нядаўна адзначаў свой Дзень народзінаў тут. Праўда, у карцэры.

Прыкладна ў 15.40 дваццаць удзельнікаў акцыі, у тым ліку і Насту Палажанку, забралі ў аўтазак. У Насты ў кроў разадрана рука, паведамляе «Наша Нiва».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)