«Пакуль Абаму не забілі»
Някляеў прадбачыў развагі Лукашэнкі аб лёсе Абамы.
— Даволі дзіўны верш, — дадаў тады Уладзімір Пракопавіч.
Сёння, улічваючы інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі газеце The Washington Post, у якім ён перасцерагае Абаму ад лёсу Кэнэдзі, гэты верш гучыць як ніколі актуальна.
ПАКУЛЬ АБАМУ НЕ ЗАБІЛІ
Пакуль Абаму не забілі,
Яшчэ мы шанец не згубілі
Грахі прад Богам замаліць,
І ўсіх, каго мы не любілі,
Пакуль Абаму не забілі,
Яшчэ мы можам палюбіць.
Пакуль, як на клавіятуры,
Сьвет беласкуры, чорнаскуры
(Чаму і музыка гучыць),
Мы можам не спраўляць хаўтуры
Па сьвеце, і псалмы і суры
Адной малітваю лучыць.
Пакуль Абаму не забілі,
Яшчэ мы шанец не згубілі
У храмах сьвечкі запаліць.
Заб’юць Абаму —
рухнуць храмы,
І Бог памрэ, і цень Абамы
Над Богам будзе галасіць.
***
“Зразумела, гэта ніякае не прароцтва (дай Бог Абаме здароўя і доўгіх гадоў!), а тым больш не экстрэмізм ці заклік да яго. Гэта неадчэпнае ў апошнія месяцы прадчуваньне нейкай сусветнай катастрофы.
Я нават бачыў сон з такім сюжэтам: у Пакістане вырабілі партатыўную атамную бомбу, нехта яе ўкраў і выбухнуў у Амерыцы, якая ня змусіла сябе доўга чакаць з адказам…
Вайна ў тым сне не зачапіла Беларусь.
Чаму?..
Таму што я люблю яе больш за ўсё на сьвеце, больш за ўвесь астатні сьвет — і Бог, які пасылае нам сны, не рашыўся на тое, каб у мяне Беларусь адняць.
Чаму ж тады адымаюць у мяне Беларусь іншыя?..
Тыя, якія адымаюць у мяне беларускую мову, культуру, гісторыю, памяць?..
Яны вышэй за Бога? Ці ў іх Бога няма?.. Ці ў іх няма Бога толькі беларускага?..
Я не хачу, каб Абаму забілі.
Я не хачу, каб нехта ўкраў і скарыстаў бомбу. Ні ў Злучаных Шатах Амэрыкі, ні дзе-небудзь яшчэ.
Я хачу, каб Бог не дапусьціў гэтага, каб не было катастрофы.
Я хачу, каб быў Ён, беларускі Бог, і каб ва ўсіх нас быў увесь сьвет і была Беларусь”, — паведаміў у эфіры Радыё Свабода ў 2009-м Уладзімір Някляеў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное