Общество
Вольга Няўзорава, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Пайшоў з жыцця мастак Кастусь Харашэвіч

Мастак будзе пахаваны на старых могілках у Маладзечне 13 ліпеня. Пахавальны абрад пачнецца каля 14.00.

Як паведаміў парталу Край.бай мастак Рыгор Мяжуеў, Канстанцін Харашэвіч пайшоў з жыцця на сваім лецішчы ў весцы Гарадок: увечары 11 ліпеня лег спаць, а раніцай не прачнуўся.

У арганізацыі пахавання разам са сваякамі ўдзельнічаюць мастакі Рыгор Мяжуеў, Мікалай Аўчыннікаў, Уладзімір Тамашэвіч.

Як паведаміў мастак Мікалай Аўчыннікаў, пытанне аб арганізацыі грамадзянскай паніхіды вырашаецца.

6 ліпеня 2013 года Канстанцін Харашэвіч адзначыў 86-годдзе.

Даведка (be.wikipedia.org):

Канстанцін Іванавіч Харашэвіч – мастак-жывапісец. Нарадзіўся 6 ліпеня 1927 года ў весцы Літва, цяпер Маладзечанскага раена. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1958). Член Беларускага саюза мастакоў з 1969 года. Член мастацкай суполкі «Пагоня». Вучань Барыса Кіта. Разам з Ядвігай Раздзялоўскай з’яўляецца сузаснавальнікам студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечне.

Творчасць мастака-пейзажыста Кастуся Харашэвіча прадстаўлена больш чым 500 карцінамі, якія адлюстроўваюць знакавыя падзеі ў гісторыі Павілля і ўсей Беларусі. Ад пачатку 2000-х гадоў мастак працуе над стварэннем галерэі партрэтаў дзеячаў культуры і гісторыі, сваіх знакамітых землякоў. Сярод іх Янка Купала, Францішак Багушэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Барыс Кіт, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, іншыя.

Яго творы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінскім абласным краязнаўчым музеі Маладзечна, Скандынаўскім цэнтры ў Мінску, а таксама ў прыватных зборах у Польшчы, Германіі, ЗША, Канадзе і Ізраілі.

У 2011 годзе ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне адкрылася персанальная галерэя твораў Кастуся Харашэвіча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)