Политика
Сяргей Пульша, ”БелаПАН”

"Пагоня" зноў стане дзяржаўным сімвалам

Бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" рана ці позна зноў стануць дзяржаўнымі сімваламі. Такую думку выказаў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі 23 мая ў Мінску на пасяджэнні маладзёжнага дыскусійнага клуба "Як вярнуць "Пагоню".

"Беларусь чакае змена ўлады, але не па стандартным сцэнарыі ў выглядзе выбараў. Сцэнарыі будуць іншыя. І аўтаматычна са зменай улады бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" вернуцца ў якасці дзяржаўных сімвалаў", — лічыць Л.Баршчэўскі.

У якасці прыкладу палітык прывёў Румынію: з падзеннем рэжыму Чаушэску краіна вярнулася да гістарычных сімвалаў, "якія пасля засталося толькі ўзаконіць", і Грузію, якая вярнулася пасля "рэвалюцыі ружаў" да гістарычнага сцяга.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Л.Баршчэўскі абвергнуў заявы аб тым, што ў 1991 годзе бел-чырвона-белы сцяг у якасці новага сімвала дзяржавы ў Авальную залу ўнёс Аляксандр Лукашэнка. "25 жніўня 1991 года ў Авальную залу бел-чырвона-белы сцяг унёс касманаўт Уладзімір Кавалёнак. Ён проста ішоў у парламент, і ў гэты час перад парламентам праходзілі мітынгі. Ён банальна ўзяў у аднаго з удзельнікаў мітынгу гэты сцяг і панёс яго ў залу пасяджэнняў. Усе іншыя ўдзельнікі гэтага "шэсця", у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, прыстроіліся і ішлі за ім", — сказаў Л.Баршчэўскі.

Дыскусійны клуб быў заснаваны ў 2003 годзе маладзёжным крылом Партыі БНФ. Ён рэгулярна праводзіць дыскусіі на актуальныя эканамічныя, грамадскія і культурныя тэмы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)