Падчас радыёдэбатаў Лукашэнку прапанавалі месца міністра сельскай гаспадаркі (aўдыё)

У адрозненні ад суботняй бітвы ў эфіры БТ, радыёдэбаты ў простым эфіры беларускага радыё прайшлі ў добразычлівай абстаноўцы.

Удзел бралі Рыгор Кастусёў, Віктар Цярэшчанка, Алесь Міхалевіч, а таксама давераныя асобы кандыдатаў. Яраслава Раманчука прадстаўляў Анатоль Лябедзька, Віталя Рымашэўскага — Анатоль Міхнавец, Уладзіміра някляева — Аляксандр Фядута, Мікалая Статкевіча — Сяргей Марцалеў. Аляксандр Лукашэнка, Андрэй Саннікаў і Дзмітрый Ус не ўдзельнічалі ў дэбатах ні асабіста, ні апасродкавана.

І зноў, як і на БТ, гэта былі не дэбаты, а хутчэй супольны выступ. Кандыдаты і іх прадстаўнікі не крытыкавалі адзін аднаго, а вядучы іх не правакаваў.

Сцэнар быў такі самы, як і падчас тэледэбатаў: паўтарахвілінны ўступ, абмеркаванне пытанняў, кароткае заключнае слова.

Першым казаў Анатоль Лябедзька, які прадстаўляў на радыё Яраслава Раманчука. Лідэр АГП быў адным з самых яскравых выступоўцаў праграмы. Ён прапанаваў адказ на кароткае пытанне — чаму Лукашэнка мусіць сыйсці: «Бо прайграў». Лябедзька звярнуў увагу на тое, што палітычныя і эканамічныя праграмы апазіцыі цяпер бяруцца на ўзбраенне ўладай, нават афіцыйная наглядная агітацыя капіюе лозунгі, за якія апазіцыянераў у ранейшыя гады збівалі і саджалі.

Рыгор Кастусёў адразу дэклараваў, што не будзе крытыкаваць іншых кандыдатаў. Ён падкрэсліў, што ідзе на выбары, каб бараніць інтарэсы беларускага народа, захаваць незалежнасць.

Многа ўвагі надаў беларуска-расійскім адносінам. «Куды падзеліся фінансавыя ўліванні Расіі ў беларускую эканоміку?» — запытаў Кастусёў і паабяцаў, што БНФ знойдзе, куды. Казаў пра патрэбу развеяць міф, што Беларусь — нахлебніца Расіі. Як і пра неабходнасць добрасуседскіх адносін з Расіяй. Але выступаў супраць дамоваў якія прыносяць страты. Аддаючы сродкі ў бюджэт саюзнай дзяржавы, мы дапамагаем маскоўскім чыноўнікам будаваць дамы на Рублёўцы, казаў ён. А мытны саюз не мае сэнсу, «бо ўсё адно Расіі за газ будзем плаціць больш, чым Германія». Тых грошай, што аддаюцца ў бюджэт саюзнай дзяржавы, паводле Кастусёва, хопіць на вяртанне льготаў. Таксама кандыдат выказаўся за выхад краіны з АДКБ «каб расійскія ракетаносцы не лёталі ў беларускім небе».

Кастусёў казаў пра неабходнасць адраджэння прыватнай уласнасці на зямлю: «Няўжо нашы дзяды і прадзеды былі дурнейшыя за нас, калі супраціўляліся калектывізацыі?»

Заключным пунктам прамовы ён сказаў пра неабходнасць адраджэння беларускай мовы і культуры.

Віктар Цярэшчанка засяродзіўся на эканоміцы. Ён нагадаў, што на сёння замежная пазыка краіны складае па 2600 даляраў на кожнага жыхара. Казаў, што яго праграма прапануе такую схему развіцця краіны, пры якой адбудзецца «пераход з крэдытнага шляху на інвестыцыйны». А крыніцай інвестыцый будзе дзяржаўны бюджэт. Тады, казаў кандыдат, з’явяцца сродкі на спісанне пазык сельгаспрадпрыемствам і фермерам, падвышэнне зарплаты настаўнікам і працаўнікам культуры, пойдзе развіццё прадпрымальніцтва. Адзіная ўмова — сумленныя і празрыстыя выбары, без якіх мы «страцім шанец на жыццё ў дабрабыце».

Алесь Міхалевіч на радыё прамаўляў па-беларуску. Спачатку каротка распавёў пра сябе, потым, як і падчас тэледэбатаў ды амаль тымі ж словамі, прэзентаваў сваю праграму эвалюцыйнай мадэрнізацыі краіны. Скончыў лозунгам «У нас усё атрымаецца!»

Кандыдата БХД прадстаўляў Анатоль Міхнавец. Ён сказаў, што Віталь Рымашэўскі цяпер сустракаецца з выбарцамі ў Гродне, падзякаваў усім, хто падтрымаў яго кандыдата. Распавёў пра БХД, якую назваў «маладой народнай партыяй». Сказаў, што ўлада працуе на сябе і на чыноўнікаў, «якім напляваць на лёсы людзей». Адзначыў, што БХД не мае ілюзій: «выбараў няма», будуць фальсіфікацыі. Ад Міхнаўца ўпершыню на гэтых дэбатах прагучаў заклік выйсці на Плошчу 19 снежня, а 20-й, каб «абараніць наш выбар»,

і той заклік быў тройчы ім паўтораны. Скончыў ён афарызмам «крайнія хаты гараць першымі», маючы на ўвазе абыякавых да лёсу краіны.

Уладзіміра Някляева, які таксама быў на сустрэчах з выбарцамі, прадстаўляў Аляксандр Фядута. Ён нагадаў слухачам пра ўчорашнія тэледэбаты, канстатуючы, што між дэмакратычнымі кандыдатамі «няма рознагалоссяў».

Фядута заклікаў галасаваць за Някляева: «гэта чалавек, які ніколі не баяўся адказнасці, а таксама вялікі беларускі паэт, які прывык гаварыць праўду». Потым прадстаўнік каротка сказаў пра грамадзянскую кампанію «Гавары праўду».

Фядута крытыкаваў Лукашэнку за распальванне варожасці да апанентаў, якіх называе «ворагамі народа», як у часы Сталіна. За эканамічныя войны з Расіяй («за 5 гадоў 8 войнаў»). Звярнуўся да гомельцаў: «Спытайце ў губернатара Якабсона, чаму прадукцыю „Гомсельмашу“ не будуць купляць у Расіі?.. Бо Аляксандр Рыгоравіч пасварыўся!» Падобныя звароты прагучалі ў адрас рабочых МТЗ і гродзенскага «Азота».

Пры канцы Фядута заклікаў галасаваць толькі за дэмакратычных кандыдатаў і прыходзіць на Плошчу 19-га, а 20.00.

Сяргей Марцалеў, які прадстаўляў Міколу Статкевіча, ахарактарыхаваў свайго кандыдата як «падпалкоўніка» і «прадстаўніка сацыял-дэмакратаў». Сацыял-дэмакратыю ён назваў «ідэалогіяй моцных людзей», бо яна арыентуецца на падтрымку найменш абароненых частак грамадства.

Ці варта нешта абяцаць, казаў Марцалеў, калі выбараў няма? Ён адзначыў, што Статкевіч будзе змагацца за тое, каб галасы выбарцаў былі падлічаныя сумленна.

Пасля уступных словаў вядучы прапанаваў кожнаму кандыдату агучыць сваё бачанне палітычнай будучыні краіны. Увогуле, паводзіўся ён максімальна карэктна і вёў праграму ў той асаблівай мяккай манеры беларускага радыё. Нават не назваў свайго імя.

Асобна вядучы папрасіў выступоўцаў адразу прадстаўляцца «бо слухачы вас не бачаць, а вашы галасы яны могуць не ведаць». І першы ж выступоўца не прадставіўся. Аднак па афарыстычнасці мовы можна было здагадацца, што гэта Лябедзька. Ён сказаў, што ровар не трэба прыдумляць, дастаткова вярнуць размежаванне ўлады на чатыры галіны. «Бо

сёння замест тых галін мы бачым ствол, які моцна нагадвае рулю…

" У сённяшняй палітычнай сістэме, паводле Лябедзькі, дэпутаты палаты «пасуцца на лужайцы перад чырвоным домам», а Канстытуцыйны суд у «Марыянскай упадзіне». Чацвёртай уладай Лябедзька назваў мас-медыя, адзначыўшы, што яны ўсе СМІ — і дзяржаўныя, і незалежныя — мусяць існаваць у роўных умовах.

Кастусёў акцэнтаваў увагу на «пагрозе з Усходу», якая можа выклікаць страту незалежнасці. А адстаяць незалежнасць, сказаў кандыдат, можа толькі Партыя БНФ.

Цярэшчанка таксама казаў пра патрэбу размежаваць галіны ўлады, вярнуць незалежную судовую сістэму, пракурорскі надзор і дзяржкантроль, ажыццявіць (тут ён перайшоў на беларускую мову) «векавую мару беларускага народа — людзьмі звацца». І скончыў лозунгам сваёй кампаніі: «За моцную і працвітаючую Беларусь у саюзе з брацкай Расіяй і Украінай сёння, заўтра і на вякі».

Міхалевіч адзначыў, што прапанова выбіраць між Еўропай і Расіяй нагадвае пытанне: «Ты хочаш быць багатым ці здаровым?» Ён казаў, што ў адносінах з Расіяй мусіць быць меней ідэалогіі, што да палітыкі трэба падыходзіць з гледзішча эканомікі, а ў сённяшніх кіраўнікоў РФ раіў павучыцца лічыць грошы.

Фядута казаў пра сацыяльныя праблемы, пра тое, што ў збудаванай Лукашэнкам «сацыяльнай дзяржаве» незаўважна знікла паўмільёна людзей — «цэлы Гомель».

Вертыкаль, гаварыў ён, нічога не вырабляе, толькі сочыць, пераследуе, кантралюе, а звальненне аднаго вертыкальшчыка дало б магчымасць падвысіць пенсію пяці пенсіянерам.

Тэмай наступнага блоку было пытанне да кожнага з кандыдатаў, дзеля чаго яны ідуць ва ўладу. І як уяўляюць яе лепшую будучыню. «Чалавек мусіць ісці ва ўладу не дзеля задавальнення ўласных амбіцый, не дзеля зарабляння грошай — іх можна зарабіць у іншым месцы. А дзеля дасягнення лепшай будучыні для краіны», — казаў вядучы.

Прадстаўнік Някляева паўтарыў праграмнае, пра 25 тысяч даляраў на кожнае народжанае дзіця («на гэта трэба ўсяго 2 мільярды ў год, а на аднога Лукашэнку мы вытрачваем 400 мільёнаў — пятая частка ўжо ёсць»). Казаў пра развіццё прадпрымальніцтва і забеспячэнне годнай старасці пенсіянерам.

Марцалеў паспрабаваў атакаваць вядучага: папрасіў адказаць, што можа прапанаваць народу Лукашэнка. Адказаў Фядута: Лукашэнка прапануе нанатэхналогіі, тады як УЗІ не ўсюды ёсць і касмічную праграму, тады як беларускі спутнік «зваліўся на яго вачах».

Кастусёў яшчэ раз сказаў пра расійскія ракетаносцы і выступіў з ініцыятывай стварыць бяз’ядзерную паветраную прастору «над Беларуссю, Польшчай і прылеглай тэрыторыяй Расіі».

Лябедзька ў адказ на пытанне пра лепшую будучыню выклаў тэзісы праграмы Раманчука. Паводле яе, «за дэкаду новага прэзідэнта» рэальна стварыць мільён новых рабочых месцаў, прыцягнуць у краіну інвестыцыі, якія «у адрозненні ад крэдытаў, не трэба аддаваць».

«Многім беларусам хацелася б жыць у краіне, якую вы абяцаеце», — казаў вядучы, нібы канстатуючы, што сённяшняе становішча моцна адрозніваецца ад ідэалу. І паставіў пытанне: дзе ж узяць сродкі на лепшае жыццё?

Прадстаўнік БХД абяцаў кардынальныя рэформы, скарачэнне бюракратычнага апарату, рэформу войска, медыцыны, адукацыі.

Міхалевіч сказаў, што «не абяцае папулістычных мераў», а толькі прыцягненне інвестыцый.

«Ці гатовыя вы стаць лідэрам усёй нацыі, а не толькі сваіх выбарцаў?» — было наступнае пытанне. Першы на яго ўпэўнена адказаў Кастусёў. Следам Лябедзька стварыў

напаўжартоўны ўрад прэзідэнта Раманчука з наяўных кандыдатаў: Някляеў — міністр культуры, Саннікаў замежных спраў, Статкевіч — абароны, Кастусёў — ЖКХ. Нават Лукашэнку знайшлося месца міністра сельскай гаспадаркі.

Пры канцы дэбатаў вядучы прапанаваў кожнаму каротка выказаць пазіцыю, сутнасць перадвыбарчай праграмы і адказаць на пытанне, што сёння можа аб’яднаць беларускі народ.

Большасць кандыдатаў яшчэ раз заклікалі выбарцаў не галасаваць датэрмінова і прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня, а 20-й гадзіне. Таксама яны звярнуліся да прадстаўнікоў выканкамаў і сілавых структураў з заклікам захаваць сумленнасць.

«У нас ёсць адна зэканомленая хвіліна, апошняя, — сказаў вядучы, калі ўсе выказаліся — Каму не хапіла часу? Хто хоча выказацца?».

«Жыве Беларусь!» — гукнуў у адказ Кастусёў. «Жыве з Богам!», «Жыве вечна!», «Жыве!» — падтрымалі іншыя кандыдаты і іх прадстаўнікі.

 

Дебаты кандидатов в президенты Беларуси на радио

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)