Пад рарытэтным Chevrolet Янкі Купалы жылі зайцы (фота)

Chevrolet GA Master DeLuxe, на якім Янка Купала ездзіў апошнія гады жыцця, стаяў на калодках за звычайным вясковым плотам. З дапамогай завода Chevrolet рарытэтнае аўто адрэстаўравалі і неўзабаве пакажуць у Мінску.

Гэты аўтамабіль Янка Купала ў 1939 годзе атрымаў у падарунак ад тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ Панцеляймона Панамарэнкі. На ім у чэрвені 1941-га паэт праехаў з Каўнаса праз Мінск, да якога падыходзілі немцы, у эвакуацыю ў Маскву.

Chevrolet служыў Купалу да самай загадкавай смерці паэта ў 1942 годзе. А пасля вайны трапіў у Ляўкі, у філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Там аўтамабіль, мягка кажучы, не быў цэнтральным экспанатам. Ён стаяў на свежым паветры, на калодках, за невысокім вясковым плотам. Распавядае Людміла Давідоўская, вядучы навуковы супрацоўнік музея Янкі Купалы:

Людміла Давідоўская: “Яна ў нас дагэтуль стаяла ў Ляўках, за 268 кіламетраў ад Мінска. Доўгі час стаяла на калодках... Быў звычайны плот, можна сказаць, фанерны. А ў мяне аднойчы быў такі выпадак: я на Дняпры прала бялізну, і сына адаслала ў дом, бо ён плакаў. А ён прыбягае назад і кажа: “Мама! Там пад машыну трус залез!”

У 2009 годзе на рарытэтны Chevrolet звярнуў увагу свежапрызначаны міністр культуры Павел Латушка:

Людміла Давідоўская: “Ён узняў пытанне пра гэты аўтамабіль. Увогуле ён шукаў цікавыя экспанаты ў філіялах нашага музея. Пры пачатку верасня 2009 года ў Ляўкі выязджаў прадстаўнік Chevrolet. А ў лістападзе машыну ўжо прывезлі ў Мінск”.

Chevrolet Янкі Купалы плануецца выставіць у сталічным парку імя Янкі Купалы, насупраць помніка паэту. Па словах Людмілы Давідоўскай, адрэстаўраваны аўтамабіль будзе стаяць за агароджай і з кругласутачнай аховай. Шкада, але наўрад ці каму дадуць яго нават памацаць — не тое, што залезці ў салон, як гэта было ў свой час у Ляўках:

Людміла Давідоўская: “Некалькі разоў прыязджалі ў Ляўкі з дэлегацыямі — універсітэт, Міжнародны фонд Янкі Купалы — кожны ахвочы мог залезці ў салон і сфатаграфавацца. Ну і асабіста я сядзела ў гэтай машыне кожнае лета, калі прыязджала працаваць у Ляўкі.

Гэта такі магутны дыхтоўны бранявічок: тры чалавека нармалёвай камплекцыі маглі сесці ззаду і не дакранацца адзін да аднаго. Унікальны аўтамабіль!”

Пакуль што "выстава аднаго аўтамабіля" запланаваная на 19 красавіка. Але, паводле слоў Давідоўскай, дата можа змяніцца:

Людміла Давідоўская: "Кажуць, што дата можа змяніцца. 19-га яшчэ не блізка. Магчыма, і гэтая дата захаваецца. Але ёсць перадумовы для таго, каб выстава пачалася на некалькі дзён пазней".

Аўтамабіль Янкі Купалы можна будзе ўбачыць у Мінску цягам двух дзён. Пасля ён вернецца ў Ляўкі, дзе для яго адбудаваны сучасны гараж з сігналізацыяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)