Общество
Сяргей Макарэвіч, фота Сяргея Гудзілін, «Наша Ніва».

Пад музей Вялікай Айчыннай вайны знеслі… дом ветэрана

А спадкаемцы цяпер не могуць атрымаць кампенсацыю.

У 1946-м Іосіф Валчэцкі, інвалід Вялікай Айчыннай вайны, у Мінску, на 1-ым Басіялоўскім завулку, атрымаў зямельны надзел. Дзе пабудаваў дом. Недалёка ад цэнтра горада — побач Паркавая магістраль (пазней праспект Машэрава).

І ўсё б нічога, каб пляцоўку каля дома не выбралі пад будаўніцтва абеліска «Мінск — горад-герой». У выніку жытло Валчэцкіх з 59 м² скарацілася да 29,41. Гаспадару за страчаную маёмасць выдзялілі кватэру на вуліцы Асіпенкі. Але ў дзень, калі Іосіф Валчэцкі збіраўся прапісацца па новым адрасе, ён памёр. У выніку кватэра так і засталася за дзяржавай.

А дом на 1-м Басіялоўскім завулку ў спадчыну атрымалі яго дзеці — дочкі Валянціна, Марыя і сын Уладзімір. Апошні і жыў у доме, калі ў 2003, згодна з адпаведным рашэннем Мінгарвыканкама, яго ўнеслі ў спіс будынкаў, якія падлягаюць зносу. Марыя Байцова (Валчэцкая) спрабавала прапісацца ў бацькоўскім доме. Але двойчы, у 2005 і 2006, суд Маскоўскага раёна сталіцы адмаўляў у гэтым жанчыне. Падстава — рашэнне Мінгарвыканкама аб зносе.

Па словах Валянціны Валчэцкай, яе з сястрой і братам спрабавалі засяліць у адну кватэру — у якасці кампенсацыі. Але яны адмовіліся. У выніку ў 2007 адміністрацыя Цэнтральнага раёна сталіцы звярнулася ў суд з позвай да Валчэцкай В.І., Валчэцкага І.І. і Байцовай М.І. аб высяленні з дома. А рашэннем суда ад 17.03.2009 Валянціна і Марыя фіктыўна ўселеныя ў двухпакаёвую кватэру на вуліцы Ціміразева. Плошча аднаго жылога пакоя 13 кв. м, а другога — 18.

Валянціна Валчэцкая апелюе да Жыллёвага кодэкса РБ. Згодна з арт. 81, жылое памяшканне сацыяльнага карыстання даецца ў межах ад 15 да 20 м² агульнай плошчы жылога памяшкання на аднаго чалавека. Валянціна таксама адзначае, што такое рашэнне суда парушае і арт. 29 ЖК. Засяліўшы сясцёр у агульную кватэру, іх залічылі да адной сям’і. А згодна з заканадаўствам, нават родная сястра не адносіцца да членаў адной сям’і.

Разам з тым, па законе адсяленцы могуць самі выбраць варыянт кампенсацыі: атрымаць кватэру; будаўніцтва і (альбо) атрыманне ў спадчыну дома, пабудоў пры ім, раўнацэнных тым, што зносяцца; перанос і ўзнаўленне пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці дома, што зносіцца; атрыманне грашовай кампенсацыі. Ім альтэрнатывы не прапанавалі.

…А дом на 1-м Басіялоўскім завулку, 6 знеслі два гады таму. 1 кастрычніка 2009 Уладзімір Валчэцкі выйшаў па справах, а калі вярнуўся, дом ужо ляжаў у завалах. Хаця, па словах Валянціны, брат падпісаў заяву, што гатовы перасяліцца. Не дапамагло.

Дабіцца праўды спн. Валянціна спрабавала ў чыноўнікаў. Была нават на прыёме ў тагачаснага генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча. Сышліся на тым, што жанчына згодная на аднапакаёвую кватэру (брату такую ж далі). Ведамства Васілевіча накіравала ў Вярхоўны Суд два пратэсты па вынесеных рашэннях па справе Валчэцкіх. Але на сітуацыю гэта не паўплывала. Цяпер спн. Валянціна кажа, што на прыём да новага генпракурора Канюка яе нават не запісваюць.

А што з кватэрай на Ціміразева? Выдзеленая кватэра знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы. Яе можна прыватызаваць. Але Валчэцкая адзначае, што не будзе гэтага рабіць. Ды і засяляцца з сястрой не збіраюцца ў яе. Бо не згодныя з такім рашэннем. На кватэры па Ціміразева Марыя Байцова прапісалася сёлета. Бо ў сакавіку 2012 сканчаюцца тры гады на абскарджванне. І тады ніякай праўды, лічыць, ужо немагчыма будзе дабіцца.

***

Месца дамоў па 1-м і 2-м Басіялоўскіх завулках зойме новы будынак музея Вялікай Айчыннай вайны ў парку Перамогі. Згодна з праектам, пляцоўка пад аб’ект займае каля 4 га (40000 кв. м)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)