Пад бел-чырвона-белым сьцягам на каньках (фота)

Сябра партыі БНФ Аляксандар Кузьняцоў, кіраўнік віцебскага выбарчага штабу Рыгора Кастусёва, зладзіў акцыю на плошчы Перамогі. На заліты на плошчы каток ён выйшаў пад бел-чырвона-белым сьцягам і на каньках.

Паводле Аляксандра Кузьняцова, ён вырашыў выкарыстаць апошнія дні агітацыйнай кампаніі, каб выйсьці ў цэнтар гораду з нацыянальным сымбалем. «А яшчэ я хацеў паказаць, што ў нас на каньках катаецца ня толькі хакеіст Аляксандар Лукашэнка, і рабіць гэта можна ня толькі пад чырвона-зялёным сьцягам», — кажа актывіст.

Зьяўленьне бел-чырвона-белага сьцяга выклікала вялікую цікаўнасьць мінакоў і трывогу ў міліцыянтаў, якія ахоўваюць навагоднюю елку, усталяваную на плошчы Перамогі. Двое міліцыянтаў адразу пачалі некуды тэлефанаваць, а яшчэ двое — здымаць Аляксандра Кузьняцова на мабільныя тэлефоны.

«Мінакі спыняліся і таксама фатаграфаваліся са мной, — распавядае Кузьняцоў. — І што цікава: іх абсалютна не бянтэжыла тое, што ўсе гэта адбываецца на вачах у міліцыянтаў, і што яны ўсё гэта таксама фатаграфуюць».

Актывіст катаўся пад сьцягам прыкладна паўгадзіны. А потым уваткнуў яго ў сумёт на ўскрайку катка, пераапрануўся і сышоў. Ніякіх спробаў затрымаць яго міліцыянты не рабілі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)