В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Па суседстве з казачкай

Дзве гэтыя падзеі так нечакана і сімвалічна супалі ў часе, што міжволі ў душу закрадваецца думка: ці не паказвае нам сама гісторыя дзіўныя парадоксы нашага сённяшняга жыцця, спадзеючыся, што нарэшце нам стане жахліва ад дурной цярплівасці і абыякавасці і мы спынім тую фантасмагорыю, да якой непрыкметна і хітра прывучылі нас вынаходлівыя чыноўнікі?..

Першай падзеяй стала дастаткова аб’ёмістая справаздача шаноўнага Міністэрства замежных спраў “Аб сучасным становішчы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь”. Складзеная ў добра засвоеных традыцыях дыпламатычных дакументаў, грунтоўная і разважлівая, са спасылкамі на статыстыку і цытатамі з высокіх пастаноў, яна сцвярджае, што “ў ХХІ стагоддзе беларуская мова ўступіла як дзяржаўная мова Беларусі, як высокаразвітая літаратурная мова, якая паспяхова абслугоўвае ўсе камунікацыйныя патрэбы беларускага грамадства”. Адгабляваныя фармулёўкі, глыбокадумныя высновы гістарычнай паперы знешнепалітычнага ведамства гучаць як урачысты гімн, як поўны задаволенасці і заслужанай радасці рапарт усяму свету пра небывалыя дасягненні і светлыя перспектывы нашай суверэннай краіны. “Працэс пашырэння ўжытку беларускай мовы адбываецца ў гэты час у розных галінах жыцця грамадства, перш за ўсё ў сістэме адукацыі, галіне культуры, СМІ і іншых...” Ну чыё глухое сэрца не адгукнецца замілавана на такое аўтарытэтнае паведамленне? Які ўедлівы насельнік зялёнай нашай планеты не пазайздросціць краю, дзе гэткае адбываецца? А ўсё ж гэта напісана пра нашу мілую Беларусь, пра нашу гісторыю, старадаўнюю і мілагучную мову. Божачка, якія мы разумныя і шчаслівыя!..

Іронія мая, паверце, вымушаная і прабіваецца, як кажуць, праз горкія слёзы і роспачныя ўздыханні.

Можна, вядома, дараваць некаторым дыпламаваным аташэ і пасланнікам, занятым удзелам у развязванні надзённых праблем Францыі ці Намібіі, пэўную адарванасць іх ад мінскіх ці магілёўскіх рэалій, ад сумных і, на вялікі жаль, прывычных “тутэйшых” фактаў, але каб увесь немалы калектыў высокаадукаванага ведамства не цікавіўся школамі ці інстытутамі сваіх дзяцей, не глядзеў айчыннага тэлебачання, не зазіраў у кіёскі Белсаюздруку, не чуў дырэктарскіх прамоў адказных кіраўнікоў — у такое цяжка паверыць. Хоць часам і носяць нашы заклапочаныя дыпламаты купленыя за мяжой акуляры, не сталі ж яны сляпымі і могуць лёгка пераканацца, што ў стосах самых розных газет і часопісаў беларускамоўныя выданні сіратліва туляцца ў куточку, як вымушаная даніна мясцовай спецыфіцы. Хоць і адвыклі яны ў заморскіх камандзіроўках ад матчынага слова, але ж не могуць не заўважыць, як паўсядзённа пагарджаюць ім і Першы нацыянальны тэлеканал, і бойкае АНТ, і амбіцыйнае СТВ. Хоць, пэўна, не часта трапляюць у рукі ім так званыя апазіцыйныя друкаваныя органы, але ж і з замежных сродкаў масавай інфармацыі маглі яны даведацца, як рашэннем Міні-стэрства адукацыі РБ зачынены адзіны на ўсю краіну беларускамоўны ліцэй імя Якуба Коласа, а для таго, каб дабіцца навучання свайго сына па-беларуску, муж і жонка Лапіцкія з Жодзіна прайшлі ўсе магчымыя бюракратычныя кабінеты і інстанцыі. І тое, што ў нас няма ніводнай ВНУ, дзе ўсе прадметы выкладаліся б па-беларуску, а ў сталіцы ў мінулым навучальным годзе на роднай мове займалася толькі 3% першакласнікаў, — не сакрэт нават для дапытлівых супрацоўнікаў суседскіх амбасадаў...

Усё гэта пачварныя, нават невытлумачальныя, горкія і балючыя рэаліі нашага сённяшняга дзяржаўнага жыцця. І ніхто не пераканае мяне (як? чым?), што пра іх не здагадваюцца аналітыкі і кіраўнікі Міністэрства замежных спраў, што не ўяўляюць яны, як па мерках міжнароднай супольнасці гэта называецца і якой будзе ацэнка гэтага ў Нью-Йорку і Бруселі, Варшаве і Празе, Лондане і Лісабоне. Усё яны добра ведаюць. Таму і прыдумляюць прыгожыя казачкі для недасведчаных і даверлівых замежнікаў пра “росквіт” і “пашырэнне”, пра развіццё і абслугоўванне “ўсіх камунікацыйных патрэб...”

А зусім недалёка ад строгага будынка МЗС, як кажуць, літаральна за тры крокі, у шэрым, змрочным гмаху з цяжкімі старымі калонамі прыкладна ў гэтыя ж дні засядала мастацкая рада адзінага ў Беларусі дзяржаўнага тэатра юнага гледача. Абмяркоўвала яна не новую п’есу вядомага драматурга, не смелыя рэжысёрскія прапановы, не лёс славутых акцёраў, а “паспелую” ініцыятыву — пра пераход на рускамоўны рэжым працы. На поўным сур’ёзе. Не азірнуўшыся на партрэты бацькоў-заснавальнікаў ТЮГу. Не выкінуўшы на сметнік дыпломы розных міжнародных фестываляў і конкурсаў за свае былыя спектаклі. Не звяртаючы ўвагі на абсурднасць сваіх дзеянняў і не адчуваючы няёмкасці ні перад нацыянальным мастацтвам, ні перад будучыняй сваіх гледачоў. І не ведаючы — хутчэй за ўсё, — што блізкія суседзі-дыпламаты ўжо абвясцілі на ўвесь свет пра мудры дзяржаўны клопат аб пашырэнні беларускай мовы “перш за ўсё ў сістэме адукацыі, галіне культуры...”

Прыгожая папяровая казачка вопытных чыноўнікаў МЗС сутыкнулася раптам з жорсткаю выродліваю яваю знявераных у адчаі ад жабрацкай зарплаты і абыякавасці ўладаў служак Мельпамены, якія знайшлі выйсце ў... адмаўленні ад роднай мовы. Вядома, глупства. Вядома, недарэчнасць. Але чаму яны не прыходзілі ў галаву выпускнікам Беларускай акадэміі мастацтваў раней, калі ім таксама жылося зусім не шыкоўна? Ці не таму, што, як кажуць бюракраты, такое не магло прайсці ні ў адной інстанцыі? А цяпер, выходзіць, можа — дык карціць паспрабаваць пабегчы наперадзе моднага інтэграцыйнага працэсу і перахапіць з дзяржаўнай скарбонкі хаця б драбязу, як перадавікам. Тут жа не трэба пакутваць у творчым пошуку, не трэба нарошчваць майстэрства, не трэба рызыкаваць, уступаць у спаборніцтва з іншымі прафесіяналамі. А што нехта назаве гэта спекуляцыяй і здрадай, дык час у нас новы, рынкавы, прагматычны, усялякія там сантыменты можна і адкінуць...

Я не думаю, што тюгаўская “ініцыятыва” будзе падтрыманая іх калегамі ў іншых (такіх нешматлікіх!) беларускамоўных тэатрах, у Міністэрстве культуры і ўрадзе. Але з’яўленне яе — паказальнае, як модна сёння гаварыць, сімптаматычнае. Гэта яшчэ адно сведчанне нераспрацаванасці і неразумнасці ўладнай нацыянальнай і культурнай палітыкі, занядбанасці нашага беларускага духоўнага поля. Залішняя палітызаванасць усяго жыцця, кан’юнктурная паспешлівасць у прыняцці важных рашэнняў, недастатковая прывязанасць да гістарычных каранёў то там, то тут вылазяць у нас, мякка кажучы, смешнымі для сучаснага цывілізаванага свету падзеямі. Афіцыйныя прапагандысты старанна складаюць прыгожанькія казачкі ледзь не пра зямны рай, а непрычасаная ява ўсё яшчэ цялёпкаецца ў глыбокім балоце палітычных забабонаў і правінцыйнай недасведчанасці ды нявыхаванасці. І не толькі ў дачыненні да беларускай мовы...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)