Скандалы
фота Юліі Дарашкевіч

Па факце збіцця Артура Фінькевіча заведзена крымінальная справа

Супрацоўнікі міліцыі Першамайскага раёну будуць расследваць напад на актывіста «Маладой Беларусі» паводле артыкулу 206 Крымінальнага кодэксу. Дзеянні злачынцаў, якія ў пятніцу увечары збілі і абрабавалі на парозе свайго дому Артура Фінькевіча, міліцыянты расцэньваюць як рабаўніцтва.

Як паведамляе ”Радыё Рацыя”, пра гэта 20 снежня супрацоўнікі РУУС паведамілі самому Артуру Фінькевічу. У сувязі з гэтым выпадкам у міліцыі заведзена крымінальная справа, а пацярпелы накіраваны на медычную экспертызу.

Нагадаем, ў пятніцу моладзевага актывіста схапілі на гануку дома на вуліцы Парніковай, дзе Артур Фінькевіч здымае кватэру. Яго жорстка збілі  і адвезлі ў лес за 25 км пад Валожынам.

— На мяне напалі нейкія людзі, збілі з ног, накінулі на галаву вялікую зімовую шапку і пацягнулі ў мікрааўтобус, -- расказаў “Нашай ніве” Артур Фінькевіч. — Покуль цягнулі, пастаянна збівалі, збіццё працягвалася ў мікрааўтобусе.

Артур кажа, што спрабаваў супраціўляцца, але марна. Паводле яго ацэнак, нападаючых было восем. У яго таксама вывернулі ўсе кішэні, забралі дакументы, гаманец (там было каля 240 тыс.), ключы.

— Усе яны брыдка лаяліся, пастаянна паўтаралі «Ну ўсё табе, п…здзец, хлопча», -- распавядае пацярпелы. — Выкінулі мяне праз тры гадзіны недзе за 25 км у лесе пад Валожынам, ля вёскі Падбярэзь. Я некалькі кіламетраў ішоў да дарогі, покуль не выйшаў на віленскую трасу. Спыніў фуру з літоўскімі нумарамі. Кіроўца – яго звалі Рэмігідзіюш – падабраў мяне і адвёз дахаты – ён жыве ў вёсцы пад Валожынам (12 км)». Ягоная жонка выклікала валожынскае таксі, якім Артур даехаў да Мінску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)