Выборы-2020

Па 3 гадзіны стаяць выбарнікі ў чарзе ў мікрараёне Лебядзіны

Людзі галасуюць на ўчастках № № 2 і 3 у Цэнтральным раёне Менску. У чарзе карэспандэнту Свабоды сказалі, што чаканьне можа займаць да трох гадзін.

Участкі знаходзяцца ў будынку школы № 32. Людзі ў чарзе абураюцца, што кабінак мала і ў працу залучаныя ня ўсе сябры камісіі.

Зінаіда Міхайлава, старшыня камісіі на ўчастку № 2: «Трэба было галасаваць датэрмінова. Мы ўсё робім, каб было хутчэй, але праз каранавірус прынятыя пэўныя захады».

На 3-і ўчастак чарга яшчэ большая, людзі стаяць па 3 гадзіны. На ўчастку тры кабінкі, бюлетэні выдаюць 4 сябры камісіі, але чарга рухаецца марудна. Старшыня камісіі Алена Ліпень: «Прэтэнзіі не да мяне.

Як старшыня я задаволеная, што ў людзей такая актыўнасьць».«Гэта кашмар! — кажа Людміла, выбарніца на ўчастку № 3. — Кашмар і арганізацыя, і чаму не падрыхтаваліся, і як ўлада ставіцца да апазыцыі і людзей. Мне гэта незразумела».

Назіральнік Максім расказаў, што на ўчастках нават выступаў Аляксандар Саладуха. «Выступленьне было з 12-й да 13-й гадзіны, але ніхто ў чарзе ня пляскаў, — кажа Максім. — Было вельмі нязвыкла. Зорка адсьпявала, а ёй ніякіх воплескаў. Цішыня. А побач стаяць паўтысячы чалавек».

Паводле назіральнікаў, на абодвух участках да 5 тысяч выбарнікаў, а адкрыта 5 кабінак для галасаваньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)