Някляеву не далі перадаць кветкі для дзяўчат з «Femen»

Экс-кандыдат у прзідэнты, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімір Някляеў разам з былымі палітвязнямі Сяргеем Казаковым, Дзмітрыем Драздом і Паўлам Вінаградавым паспрабаваў перадаць у амбасаду Ўкраіны букет белых і чырвоных ружаў для актывістак жаночага руху «Femen», якія 19 снежня ўдзельнічалі ў акцыі ля будынку КДБ у Менску.

Уладзімір Някляеў пад украінскім пасольствам. Фота Zapraudu.info

Аднак, як расказаў Някляеў, ніхто з прадстаўнікоў дыпламатычнай місіі да іх так і не выйшаў. Паэту ўдалося пагаварыць праз дамафон толькі з дзяжурным па амбасадзе, які спаслаўся на тое, што нікога з адказных супрацоўнікаў на працы няма, а ён не ўпаўнаважаны сыходзіць са свайго месца.

Як кажа спадар Някляеў, давялося пакінуць букет у агароджы, а ўдзячнасць мужным дзяўчатам перадаць у вуснай форме:

«Мы хацелі перадаць для ўкраінскіх дзяўчат, якіх у Беларусі жорстка абразілі, здзекаваліся, гэты букет — знак нашага захаплення іх мужнасцю. А таксама прынесці прабачэнні за тыя дзеянні, якія дапусцілі ў адносінах да жанчын беларускія ўлады. Няхай ва Ўкраіне ведаюць, што ня ўсе беларусы моўчкі прыглынаюць любое злачынства, што мы не пакорны статак, над якім можна глуміцца».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)