Някляеў: «Сыйдзіце хоць бы дзеля жаночай салідарнасці»

Паэт i палiтык звярнуўся да Качанавай.

«Старшыня Савета Рэспублікі спадарыня Качанава, якая раней казала, што сыйдзе разам са сваім прэзідэнтам, цяпер кажа, што яе прэзідэнт «пачуў голас народа», – пiша Уладзімір Някляеў. – Адкуль ён голас народа пачуў? З турмы на Акрэсціна, дзе ў камеры на 4 чалавекі турэмшчыкі ўпіхвалі, трамбавалі па 40?!.

Вы ўяўляеце гэта, спадарыня Качанава? Наўрад ці. Гэта не проста цесната, гэта катаванне, прыдуманае энкэвэдыстамі ў сталінскія часы, і называецца яно «баня».

Уявіце сабе, спадарыня Качанава, сорак жанчын, якія, пакуль вы сядзелі на бідэ, качаліся з усімі сваімі жаночымі праблемамі адна на адной у камеры памерам з вашу прыбіральню, знемагаючы ў духаце, поце, смуродзе, заклінаючы турэмшчыкаў даць магчымасць хоць трохі памыцца – і чуючы ў адказ: «Крывёй падмывайцеся, курвы!»

Паэт працягвае, што «гэта яшчэ не ўсё, яшчэ не самае страшнае». I заклiкае Качанаву: «Сустрэньцеся з тымі, каго без ніякай іх віны кінулі за краты ў нечалавечы жах і здзек, яна вам раскажуць... І запрасіце на сустрэчу з імі «не крыважэрнага» міністра карнікаў Караева, які «гатовы ўзяць на сябе адказнасць» за тое, што выраблялі з народам ягоныя дубаломы. Дык няхай ён возьме на сябе адказнасць за гэтых жанчын у турме!»

– Ваш прэзідэнт, спадарыня Качанава, прайграў выбары, – падсумоўвае Уладзімір Някляеў. – З трэскам. І голас народа кажа адно: «Сыходзь!» У народа новы прэзідэнт. Дарэчы, жанчына. І калі ўжо вы паабяцалі сыйсці разам з вашым прэзідэнтам, дык сыйдзіце хоць бы дзеля жаночай салідарнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(81)