Някляеў: «Бадай, час падтрымаць Віктара Бабарыку»

Кандыдат у прэзыдэнты-2010 – пра ўласны досвед i памылку.

Фота Радыё Свабода

– Бадай, час падтрымаць Віктара Бабарыку… Зараз у яго складаная сітуацыя, цяжкі момант… Ператрусы ў «Белгазпрамбанку», у связаных з ім прыватных бізнесах, – пiша паэт Уладзімір Някляеў. – Гэты момант найцяжэйшы з усіх, якія ў Бабарыкі былі, бо звязаны з праблемамі, якія ўзніклі праз яго ў блізкіх яму людзей.

І хоць насамрэч праблемы ўзніклі праз зусім іншую персону, але нікому не забароніш думаць, што праз яго. А галоўнае, што гэтак думаць ён сам сабе не можа забараніць.

Кажу пра гэта, зыходзячы з уласнага досведу. Калі ў адзін дзень у Саюз пісьменнікаў, дзе я быў старшынёй, у рэдакцыі часопіса і газеты, у якіх я быў галоўным рэдактарам, з'явіліся правяральшчыкі з усіх карных структур, колькі іх ёсць у Беларусі, я глядзеў не на іх, чужых, а на сваіх – і чытаў у вачах пытанне: «Што ж ты ўтварыў, Уладзімір Пракопавіч? І што цяпер з намі ўсімі будзе?..»

Гэта дорага мне абыйшлося: тым, што называюць мікраінсультам. Бо я падумаў, што гэтых людзей, якіх любіў, я страціў. Назаўсёды.

І памыліўся.

Ведаеце, што было пасля? Лукашэнкаўская хеўра называла мяне злачынцам, а гэтыя людзі, пра якіх я думаў, што страціў іх, што яны мне болей ні ў чым не павераць, абралі мяне Прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра.

Не ўсё так проста.

Мацуйцеся, Віктар Зьмітравіч!..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(228)