Общество
Мікола Бугай, «Наша Ніва»

«Нунцый бачыў Бяляцкага, Статкевіча, Дашкевіча»

I яшчэ чатырох палітвязняў «на знак павагі да ўніверсальнага маральнага аўтарытэту Святога Айца».

Апостальскі нунцый наведаў у турме Паўла Севярынца і перадаў праз яго вітанні іншым палітвязням.

Гэтая вестка дала надзею, што Каталіцкая царква стала пасярэдніцай між уладамі Беларусі і палітвязнямі. Гэта, ёсць спадзеў, можа прывесці да вызвалення вязняў сумлення.

На сайце радыё Ватыкана сёння з’явілася наступнае паведамленне:

«На знак павагі да ўніверсальнага маральнага аўтарытэту Святога Айца і гуманітарных намаганняў Святога Пасаду, у рамках двухбаковых дыпламатычных адносін, папскаму прадстаўніку ў Мінску, арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроці, было дазволена наведаць некаторых зняволеных у турмах Беларусі. Гаворка ідзе пра Каваленку, Сырамолатава, Статкевіча, Бяляцкага, Дашкевіча, Лобава і Севярынца.

Апостальскі нунцый сустрэўся з кожным з гэтых зняволеных у месцах пазбаўлення волі, даведаўся пра іхны стан і выслухаў іх. Ён перадаў ім малітвы Святога Айца і каталікоў за іх і іх сем’і».

Як вядома, палітвязень Сяргей Каваленка выйшаў на свабоду ўчора , праз пэўны час пасля падпісання прашэння аб памілаванні. Вядома, што такое прашэнне таксама напісаў анархіст Сырамолатаў. Менавіта яны ўваходзяць у спіс наведаных апостальскім нунцыем.

Пасля выхаду на свабоду Каваленкі ўсяго ў турмах Беларусі цяпер застаецца 13 палітзняволеных. Яшчэ значная група людзей маюць умоўныя тэрміны або абмежаваны ў правах пасля зняволення.

Папа Бенедыкт XVI прымаў Аляксандра Лукашэнку ў 2009 годзе ў Ватыкане. Гэта быў першы заходні візіт кіраўніка Беларусі пасля доўгага перыяду ігнаравання яго еўрапейскай супольнасцю за парушэнні правоў чалавека і нормаў прыстойнасці.

«Каментаваць гэтае паведамленне радыё Ватыкана перавышае мае паўнамоцтвы, а нунцыя ў краіне няма», — адказаў «Нашай Ніве» супрацоўнік апостальскай нунцыятуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)