Политика
Руслан Гарбачоў, фота Еўрарадыё

«Прашэнне падпісаў без раскаяння і прызнання віны»

Пасля вызвалення з калоніі Сяргей Каваленка правёў ноч у размовах са сваякамі, лёг у ложак у 7 раніцы. Жонка былога палітвязня Алена Каваленка расказала «Салідарнасці», як яна даведалася пра вызваленне Сяргея і што ён паспеў ёй паведаміць. Хутка пагутарыў з журналістамі і сам галоўны герой дня.

Сяргей Каваленка быў вызвалены з магілёўскай калоніі вечарам у сераду. Зараз разам з жонкай ён знаходзіцца ў маці ў Віцебску.

– Спадарыня Алена, як вам стала вядома пра вызваленне Сяргея?

– Пра вызваленне Сяргея я даведалася толькі ўчора вечарам. А 21.00 ён патэлефанаваў мне з магілёўскага вакзала, сказаў, што супрацоўнікі калоніі пасадзяць яго зараз на цягнік «Кіеў-Санкт-Пецярбург». У 12 гадзін ночы ён быў у Віцебску.

Акрамя нас, сваякоў, яго сустракалі супрацоўнікі ў цывільным, якіх мы добра ведаем. Асабіста быў начальнік грамадскай бяспекі, які затрымліваў Сяргея за сцяг на елцы.

Сяргей распавёў, што ўчора таксама павінен быў быць вызвалены Павел Сырамалотаў (асуджаны за спробу падпалу будынка КДБ у Бабруйску.С.). Яшчэ пазаўчора яны чакалі вызвалення пасля таго, як іх наведаў апостальскі нунцый арцыбіскуп Марцін Відавіч, які перадаў ім прывітанне ад Папы Рымскага Бенедыкта XVI і сказаў, што ён моліцца за іх.

Пасля абеда Сяргея і Паўла перавялі ў асобнае памяшканне, дзе яны чакалі вызвалення.

– Як выглядае Сяргей пасля вызвалення?

– Сяргей, здаецца, аднавіў сваю вагу. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна для здароўя, бо падчас галадоўкі ён скінуў вагу да 45 кг. Відаць, у яго пашкодзіўся абмен рэчываў. Ёсць меркаванне, што яго маглі пічкаць спецыяльнымі рэчывамі, накшталт гармонаў.

– Што казаў Сяргей пра сваю будучыню?

– Думаю, Сяргей ад палітычнай дзейнасці не адмовіцца. Ён распавядаў, што разам з прашэннем на імя Лукашэнкі ў яго патрабавалі напісаць, што ён прызнае свае памылкі, пакаяцца. Сяргей катэгарычна адмовіўся ад гэтага і сказаў, што бел-чырвона-белы сцяг ён узняў у гонар Ісуса Хрыста, за вызваленне Беларусі. Сказаў, што ніколі ад сваіх словаў, прынцыпаў, дзеянняў не адмовіцца.

Праз некалькi гадзiн карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі датэлефанаваўся Сяргею..

— Сяргей, як адбывалася вызваленне? Ці было яно нечаканым для вас?

— І чакана, і нечакана. Меркаваў, што можа па-рознаму быць. Я прашэнне падпісаў без раскаяння і прызнання віны. Я адмовіўся такое прашэнне падпісваць, сказаў, што ганаруся тым, што зрабіў. Тады мне прапанавалі напісаць, што я проста прашу сябе вызваліць. Я падумаў, што суд прасіў мяне вызваліць, няхай і галоўнага чыноўніка папрашу — Лукашэнку. Я шараговы — карона з мяне не зваліцца. Тым больш што мне сказалі: праз тры дні выйдзеш. 25 чэрвеня гэта было. Сказалі, што могуць вызваліць да так званага Дня незалежнасці.

— Але вас так і не вызвалілі тады.

— Так. Я зразумеў, што ў калоніі мне гаварылі пра сваё ўласнае меркаванне. Увогуле разлічваў, што вызваляць. Усе, хто пісаў памілаванне, былі вызваленыя. Вызвалілі б і мяне.

— Калі даведаліся пра вызваленне?

— Пазаўчора. Раніцай да нас з Паўлам Сырамалотам (анархіст, палітвязень, сядзеў разам з Каваленкам. — Еўрарадыё) прыехаў прадстаўнік Папы Рымскага (Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці - Еўрарадыё). Мы з ім праз перакладчыка гаварылі. Перадаў мне ад Папы прывітанне. Ну, і я Папу перадаў. Вельмі добра пагаварылі, вельмі прыемна. А ў абед ужо прыйшлі паперы аб вызваленні, ксеракопіі. Нам сказалі збірацца. Але арыгіналы дакументаў спазніліся, і мы чакалі да ўчорашняга дня. Мяне вызвалілі першага. А потым Пашу, сказалі, адпусцяць.

— Як дабіраліся дадому?

— Міліцыянты ўжо мелі квіток для мяне. Давезлі да цягніка, далі патэлефанаваць. У Віцебску жонка з сынам сустракалі. Дзве цёткі, сёстры маці, і брат стрыечны. Міліцыя ў цывільным сустракала таксама. Доўга размаўляў з роднымі, вельмі радасна было. З горада як быццам і не выязджаў. Дачка вельмі падрасла. Сын трошкі, але дачка моцна. Пакуль я сядзеў, яна пачала хадзіць і размаўляць. Гэта вельмі добра.

— Што для вас самым цяжкім было за кратамі?

— Там шмат было пачуццяў. Вельмі розных. Супрацьлеглых. Я сябе вельмі вінаваціў, што выйшаў першы раз з галадоўкі. Міліцыянты сказалі, што калі я буду раз у дзень есці, то яны будуць працягваць лічыць мне галадоўку. Быццам яна захоўваецца. Дагэтуль я 20 дзён ужо галадаў і дрэнна ўсведамляў усё. Там са мной адмыслова навучаныя людзі працавалі. Запалохаць не маглі — бо я адразу пачынаў супраціўляцца. Яны па-добраму да мяне тады. Дазволілі рабіць усё, што я хацеў. Я мог не мыць кубак за сабой, ляжаць на ложку — усё, што хачу.

Іншым гэтага не дазвалялася. І я вырашыў, што перамог усіх. Вырашыў пабыць да суда, а на судзе сказаць, што Канавалаў і Кавалёў (абвінавачаныя ў выбуху ў метро. — Еўрарадыё) — невінаватыя. А дзён праз 20 я зразумеў, што галадоўка атрымліваецца несапраўдная. І тады я ўвайшоў у новую галадоўку. Трымаўся два месяцы. Напрыканцы галадоўкі ў мяне ад жывата да калень усё было фіялетавым. Лекары вены не маглі знайсці, калі мне калолі ўколы. На адной руцэ няма — шукаюць на іншай, знаходзяць… Калі я пачаў новую галадоўку, то перастаў сябе вінаваціць. Думаю, каб я тады першы раз не выйшаў з галадоўкі, то вызвалілі б мяне даўно. Другі раз выходзіў, калі прыгразілі ў Навінках пакінуць.

— Як да вас ставіліся іншыя зняволеныя? Падтрымлівалі альбо не?

— Па-рознаму. Былі і правакатары, было і вельмі шмат нармальных людзей. Так званыя блатныя моцна падтрымлівалі. Яны ж таксама змагаюцца там, па-свойму. А я па палітычнаму — яны зразумелі. Былі такія падсадныя: угаворвалі паесці. Калі я адмаўляўся, то яны нават злавацца пачыналі. Абражалі. Прыходзілася некаторых супакойваць.

— Ці адчувалася падтрымка з волі?

— Вельмі моцна. Хачу ўсім вельмі падзякаваць. За тое, што сям’і дапамагалі, за салідарнасць. Вельмі рады, што шмат хто адгукнуўся. Вельмі прыемна было атрымліваць лісты ад людзей. Ім усім вялікі дзякуй.

— Якія планы ў вас на сённяшні дзень, на бліжэйшую будучыню?

— З роднымі пабыць. Ім было цяжка без мяне. Асабліва сыну. Ён у мяне добра вучыцца. Я там усё думаў, што ў яго гэтыя гады — з першага па трэці клас — як усё жыццё. Пра жонку, пра дачку думаў таксама. Зараз вось разам з сынам пойдзем у горад пройдземся… А так усё без зменаў застаецца. Будзем весці барацьбу. З гэтымі людзьмі, якім улада выпадкова дасталася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)