Общество
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

«Ну ня могуць жа яны быць мацнейшыя за ўсіх нас»

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч, якая цяпер знаходзіцца ў Бэрліне, пракамэнтавала прысуд украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы.

Суд у Данецку Растоўскай вобласьці прызнаў Надзею Саўчанку вінаватай і асудзіў на 22 гады зьняволеньня.

«Гэта ўжо ня проста злачынства ўлады, гэта нейкае вар`яцтва ўлады, якая ўжо знаходзіцца ў нейкім экстазе ад сваіх магчымасьцяў і ад сваёй беспакаранасьці. Бо ўсім жа відавочна, што гэта палітычны працэс, які ня мае пад сабой ніякіх падстаў. Што судзяць не Надзею Саўчанку, а судзяць Украіну. Украіне хочуць паказаць, сьвету хочуць паказаць, што, маўляў, ніхто нам ня ўказ. Але ўсё гэта нагадвае нейкае вар`яцтва. Нейкую агонію. Бо палітыка ўсё ж, як бы там ні было, гэта разумныя дзеяньні ў пэўнай ступені. А гэта ўсё нават не разумна.

Мы ўсе захопленыя мужнасьцю Надзеі, мы ўсе яе не пакінем і будзем далей за яе ўсе змагацца. І ўсё-ткі я спадзяюся, што мы пераможам. Ну ня могуць жа яны быць мацнейшыя за ўсіх нас».

Раней Сьвятлана Алексіевіч і яшчэ амаль 300 дзеячаў навукі, культуры, бізнэсу з усяго сьвету падпісалі зварот у абарону Надзеі Саўчанкі. У звароце яны заклікаюць эўрапейскіх лідэраў «прыняць надзвычайныя меры з мэтай неадкладнага і безумоўнага вызваленьня» Надзеі Саўчанкі.

Але чаму ўлады Расеі застаюцца непахіснымі? На гэта Сьвятлана Алексіевіч сказала:«Гэта ўжо нейкае вар`яцтва ўладаў ад сваіх магчымасьцяў сёньняшніх. Гэта вар`яцтва ад нашага маўчаньня, што мы ўсе маўчым. Ну што там некалькі дзясяткаў і нават соцень чалавек? А народ жа маўчыць. Нядаўна я прачытала інтэрвію зь людзьмі з Данецку. Ведаеце, ніводзін не сказаў нешта іншае, апроч як „страляць, да сьценкі“. Я спужалася такога народа».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)