Комментарии
Юры Дракахруст, «Радыё Свабода»

Новыя мяхі і старое віно

У сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі галоўным быў ня зьмест сказанага. У сказаным не было асаблівых сэнсацый.

Ну зразумела, можна вызначыць нейкія аспэкты — пра супрацоўніцтва з Кітаем, пра мадэрнізацыю, пра Лябедзьку і Фядуту, якія сышлі ў апазыцыю, не атрымаўшы жаданых пасадаў. Але галоўнае — тон, стыль.

Пачалося гэта яшчэ да прэсавай канфэрэнцыі — у тым, што на яе была запрошаная безьліч журналістаў — адмовы, так выглядае, не атрымаў ніхто. Гэта працягвалася на самой імпрэзе, пачынаючы з таго, што Лукашэнка пачаў яе адказамі на пытаньні, якія напярэдадні былі апублікаваныя на партале TUT.BY і ў «так званай» «Салідарнасьці».

Некалі, напачатку прэзыдэнцкай кар’еры, Лукашэнка прапаноўваў журналістам ня проста задаваць яму пытаньні, але і выказваць свае меркаваньні, весьці дыялёг. Магчыма, тады ў гэтым была пэўная палітычная нехлямяжасьць, няведаньне этыкету стасункаў улады і друку.

Але тое, што праз 18 гадоў кіраваньня вопытны палітык і ўладар вяртаецца да таго дзіўнаватага фармату — у гэтым няма нічога, акрамя халоднага разьліку, прыёму, труку. Прэсавая канфэрэнцыя была субстытутам, заменьнікам паўнацэннага палітычнага жыцьця, раз на год прэзыдэнт размаўляе як бы на роўных з прадстаўнікамі народу. Ну і хопіць.

Давялося некалі прачытаць пра бліскучы выбарчы ролік часоў выбарчай кампаніі Рэйгана 1980 году. На стале звоніць тэлефон. Доўга, паўхвіліны. Голас за кадрам: «Гэта тэлефон прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра. Але ніхто не падыме слухаўку, Картэр даўно ўжо ня чуе амэрыканскі народ. Рэйгана — ў прэзыдэнты». Здорава, праўда?

Дык вось — уся пяцігадзінная прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі — насамрэч можа быць сьціснутая ў такі ж кароткі ролік, толькі з адваротным зьместам: прэзыдэнт слухае свой народ, слухае журналістаў, якім ён пеў хваласьпевы, як прадстаўнікоў, выразьнікаў меркаваньняў таго самага народу. Са зьместу сказана ўжо заўтра нічога не застанецца ў памяці, вобраз — застанецца.

І гэта ўкладаецца ў адзін шэраг з наведваньнем сынамі кіраўніка дзяржавы сем’яў простых людзей напярэдадні Новага году — новая форма палітычнай камунікацыі.

Гэтая навізна формы павінна прыкрыць, прыхаваць абсалютную нязьменнасьць, непахіснасьць зьместу — па ўсіх аспэктах было сказана, што як было, гэтак і будзе.

Гэты стыль сардэчнай дыктатуры, ня выключана, стане цяпер стрыжнем дзяржаўнай палітыкі. Піяр? Ну так, але піяр не сынонім адно падману. Піяр — гэта камунікацыя, гэта палітычнае лідэрства ў рэшце. У пэўным сэнсе Лукашэнка паспрабаваў зрабіць кола ў часе, вярнуцца ў 1994 год, калі харызматычны папуліст зьбіраў натоўпы людзей, якія верылі ў яго, як у Збаўцу.

Тое, што новае (дакладней, забытае старое) шукаецца выключна ў сфэры камунікацыі, яскравае сьведчаньне таго, што ў іншых сфэрах новых ідэяў небагата. І прыгадваецца біблейнае пра новае віно і старыя мяхі. Толькі тут наадварот — мяхі нібы новыя, але вось зьмесьціва... На аматараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)