Политика
Юлія Аляксандрава

Новае кіраўніцтва АГП абяруць на Кастрычніцкай плошчы?

Аб’яднаная грамадзянская партыя атрымала 23 адмовы на просьбу арэндаваць памяшканне для правядзення з’езду, які запланаваны на 20 красавіка. Калі месца так і не будзе знойдзена, АГП заяўляе пра намер правесці з’езд на Кастрычніцкай плошчы.

З просьбай арэндаваць памяшканне для АГП звярталася ў разнастайныя ўстановы прыватнай і дзяржаўнай уласнасці, сярод якіх малая заля комплекса “Мінск”, бібліятэка імя А.С.Пушкіна, цэнтр IBB... На сённяшні дзень яны атрымалі 23 адмовы. Да таго ж, у некаторых адказах значылася, што арганізацыя згодна даць памяшканне пад арэнду, калі гарадскія ўлады дазволяць правядзенне з’езду.

Як заявіў “Салідарнасці” старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, зараз усе надзеі звязаныя з рашэннем гарвыканкама. Месяц таму кіраўніцтва партыі накіравала ў гарвыканкам адпаведны ліст, але адказу дагэтуль не атрымала.

— Нас цікавілі ўстановы, дзе можна правесці з’езд 225 дэлегатаў і размясціць гасцей. Калі станоўчы адказ ад гарвыканкаму не будзе атрыманы, мы будзем вымушаны спалучыць з’езд з акцыяй пратэсту. Месца для яе правядзення пакуль вызначаецца. Мы мяркуем, што гэта будзе Кастрычніцкая плошча, — распавёў “Салідарнасці” Анатоль Лябедзька.

Дарэчы, сябра Палітычнай рады АГП Сяргей Альфер сярод магчымых месцаў правядзення з’езду называў таксама скверык перад адміністрацыяй прэзідэнта і плошчу Незалежнасці. Калі гарвыканкам так і не вырашыць пытанне з памяшканнем, на адным з гэтых месцаў і будзе абрана новае кіраўніцтва партыі.

— З’езд АГП будзе мець справаздачна-выбарчы характар: кіраўніцтва, абранае два гады таму, мусіць даць справаздачу, а таксама павінны быць абраныя новыя кіраўнікі, — паведаміў Анатоль Лябедзька. — Таксама цягам з’езду мы плануем прыняць два важныя дакументы: “Абноўленую стратэгію АГП” і “Пасланне АГП да грамадзян, дзяржавы і бізнесу”.

Пакуль што на пасаду старшыні АГП прэтэндуюць два кандыдаты: кіраўнік партыі Анатоль Лябедзка і старшыня Лельчыцкай гарадской арганізацыі АГП Мікалай Гаўрыленка.

Дарэчы, некалі падобная сітуацыя з арэндай памяшкання для правядзення з’езду склалася ў Партыі БНФ. Тады толькі пасля пагроз кіраўніцтва партыі правесці з’езд на Кастрычніцкай плошчы Мінгарвыканкам дазволіў БНФ правесці сход ў ДК МАЗ, нягледзячы на ранейшую адмову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)