Незалежны прафсаюз выпіхваюць у гатэль

Кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства “Белшына” адмаўляецца выдзяляць памяшканьне заводзкай суполцы Беларускага незалежнага прафсаюзу. Ёй прапануюць зарэгістравацца па-за тэрыторыяй прадпрыемства. Чыноўнікі кажуць, што няма свабодных плошчаў. Да 2003 году на тэрыторыі прадпрыемства суполка Беларускага незалежнага прафсаюзу мела сваё памяшканьне. Праблемы ў яе пачаліся, калі “Белшына” зьмяніла свой статус — стала адкрытым акцыянэрным таварыствам. Усе заводзкія структуры, у тым ліку й прафсаюзныя, меліся тады прайсьці працэдуру перарэгістрацыі. Суполку ж не перарэгістравалі:

“Гэтым яны матывавалі, што першасная арганізацыя незаконна знаходзіцца ў гэтым памяшканьні. Прадпрыемства ня можа даць юрыдычны адрас, бо дамова заключаная з БНП, а ня зь першаснай арганізацыяй. Потым, калі дамова скончылася, пачаліся адмашкі, што няма памяшканьня свабоднага”, — тлумачыць сытуацыю загадчыца арганізацыйнага аддзелу Беларускага незалежнага прафсаюзу Сьняжана Грыцэвіч.

На самім прадпрыемстве пацьвярджаюць: свабодных памяшканьняў няма.

“У нас шмат структурных падразьдзяленьняў, і кожнае зь іх выконвае платныя паслугі, таму максымальна ўсе структуры павінны быць рэнтабэльныя. Гэта бярэ пад увагу Міністэрства эканомікі. Таму па максымуме мы выкарыстоўваем усе памяшканьні, якія ў нас толькі ёсьць”, — кажа намесьнік генэральнага дырэктара “Белшыны” Аляксандар Казлоў.

Паводле спадара Казлова, ніякіх канфліктаў з чальцамі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве няма. Суполцы прапанавалі зарэгістравацца па-за прадпрыемствам у адной з гарадзкіх гасьцініц. Такі варыянт нібыта ўжо ўхваліў Бабруйскі гарвыканкам.

“Гэта ненармальна. Ёсьць у нас такія меркаваньні, што трэба адмаўляцца ад гасьцініцы, а патрабаваць на прадпрыемстве. Аднак гэта канфлікт. Многія супраць канфлікту. Хочацца проста гасьцініцу гэтую ўзяць і адправіць хутчэй паперы на заключэньне калектыўнай дамовы. Во як яны тады сябе павядуць. А далей пачнецца праца, трэба колькасьць сябраў прафсаюзу павялічваць і патрабаваць памяшканьня на тэрыторыі заводу”, — заявіў старшыня суполкі Міхаіл Усьціновіч.

Тое, што ўлады пагадзіліся перарэгістраваць суполку і выдзеліць памяшканьне, хай і па-за межамі прадпрыемства, спадар Усьціновіч лічыць найперш заслугай міжнародных прафсаюзных арганізацыяў, якія пратэставалі супраць дыскрымінацыі незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

Суполка Беларускага незалежнага прафсаюзу дзейнічае на тэрыторыі “Белшыны” ад 1993 году. У лепшыя для яе часы колькасьць сяброў сягала 500 чалавек. Цяпер іх толькі дваццаць. Людзі пачалі выходзіць з прафсаюзу, калі ім спынілі даплаты да заробкаў. Дыскрымінацыйная палітыка адміністрацыі змусіла ў лістападзе 2006 году работніцу прадпрыемства Алену Захожую абвясьціць галадоўку пратэсту, якая доўжылася 29 дзён.

Ад 2003 году Міжнародная арганізацыя працы пяць разоў уносіла Беларусь у сьпіс краін, у якіх парушаюцца правы прафсаюзаў. За гэтыя парушэньні ў 2007 годзе Беларусь выключылі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)