«Незалежнай прэсы няма»

Дваццаць чатыры беларускія арганізацыі рэпрэзентуюць грамадзянскую супольнасць на форуме «Усходняга партнёрства» ў Познані. У спісе няма ніводнай праўладнай арганізацыі.

Вядома, што свае заяўкі падаваў і Беларускі саюз журналістаў, і Саюз пісьменнікаў Беларусі, а таксама Федэрацыя прафсаюзаў. Усім ім адмовілі.

Сустаршыня кіроўнага камітэту форуму Уладзіслаў Вялічка патлумачыў, якім чынам праводзіўся адбор арганізацыяў.

— Канчатковае рашэнне што да ўдзельнікаў форуму прымалася на падставе трох рэкамендацыйных спісаў. Першы падаваўся Нацыянальнаю платформаю, другі рыхтаваўся каардынатарамі працоўных групаў па ўсіх шасці краінах, і трэці спіс давала Еўрапейская камісія. Пры сумяшчэнні ўсіх трох спісаў і выяўляліся ўдзельнікі. Пераважная большасць адабраных арганізацыяў значылася мінімум у двух з трох спісаў. У спісе Нацыянальнай платформы была вялікая колькасць, напрыклад, прадзяржаўных прафсаюзаў. Але яны не прайшлі адбору, бо не былі рэкамендаваныя каардынатарамі адпаведнай працоўнай групы і Еўрапейскай камісіяй.

Таццяна Вайцяхоўская – ганаровая сябра БСЖ, шмат гадоў рэдагуе «Лунінецкія навіны». Яна кажа, што дыялогу і супрацы, напрыклад, паміж Беларускім саюзам журналістаў і Беларускай асацыяцыяй журналістаў пакуль не можа быць – занадта шмат супярэчнасцяў.

— У нас зусім розныя выданні, розныя погляды на жыццё. Мы — дзяржаўная газета. Асабіста я кажу пра гэта з гонарам. Незалежнай прэсы няма. У кожнага выдання свой гаспадар. У нас — гэта дзяржава. І гэта нармальна, у БАЖ зусім іншы гаспадар...

Дарэчы, БАЖ апынулася сярод беларускіх удзельнікаў форуму разам з Цэнтрам сацыяльных інавацыяў, Беларускім Хельсінкскім камітэтам, Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў, Менскім сталічным саюзам прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў і інш. грамадскімі арганізацыямі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)