Жизнь (не)обыкновенного белоруса
Таццяна Гусева

«Нехта дапамагае беларускамоўным»

У межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» баранавіцкі прадпрымальнік Віктар Мезяк распавёў пра тое, што сядзеў у камеры са святаром, як гуляе ў хованкі з міліцыяй і якім быў ягоны шлях да беларушчыны.

З-за сваёй пазіцыі гэты чалавек пазбавіўся бізнесу, і ў родных Баранавічах яго на працу не бяруць. Маючы вышэйшую адукацыю, ён падпрацоўвае качагарам у вёсцы. Марыць стварыць на сваім хутары тэрыторыю беларускай мовы, з’ездзіць у Парыж, пачуць шум акіяна і гул «Формулы-1».

- Упершыню я стаяў перад выбарам праз некалькі год пасля таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, - успамінае Віктар Мезяк. - Адной з ягоных мэтаў было ліквідаваць унутранае фінансаванне беларускай апазіцыі. Бізнэсоўцам, якія падтрымлівалі дэмакратычны рух, давялося вырашаць: ці ты надалей займаешся бізнесам, але прыхоўваеш у сабе беларушчыну, ці то жывеш па-ранейшаму, але губляеш месца працы.

У 1997-ым я быў прадпрымальнікам: гандляваў праз кіёскі, мой бізнес пашыраўся, планавалася першая крама...

- Я зрабіў выбар на карысць беларускай ідэі і не шкадую, - прызнаецца суразмоўца. - Пачалі ціснуць беларускамоўныя школкі, класы, і я сыйшоў. Можа быць, калі б не гэты чыннік, я стрываў бы. Але мае дзеці вучыліся ў школе… Усе мае суседзі былі супраць закрыцця беларускіх школ, але смела пра гэта заяўлялі адзінкі. На кухнях, на вуліцы гаманілі і ўсё.

Віктар перавёў дзяцей у беларускамоўны клас, але дома, як вырашылі на сямейным савеце, з дзецьмі размаўлялі на дзвюх мовах.

- Хтосьці ў сям’і павінен размаўляць і па-руску. Каб дзеці нармальна сябе адчувалі ў грамадстве. Даўно чытаў пра выпадак, калі хлопчыку з Гомеля ў садку паставілі дыягназ «кепска развіты». Янка не зразумеў, калі яго папрасілі: «Иван, подай, пожалуйста, кружку». Ён усё жыццё чуў: «Янка, падай, калі ласка, кубачак!», - тлумачыць Віктар. – Жонка мая лічыць, што мора рускай мовы з Беларусі нікуды не дзенецца, не сальецца, Калі б мы жылі на каўказскіх гарах, яно б збегла, а ў нас тут раўніна… Прыклад Украіны паказвае, што і суседзям гэта не ўдаецца.

Жонка Віктара на працы размаўляе па-руску, а дома - па-беларуску.

- Залежыць ад настрою, - дадае суразмоўца. - Калі пасля працы яна крыху раззлаваная альбо сумная, тады карыстаецца рускай мовай. Насамрэч у Беларусі шмат хто размаўляе на роднай мове. Гадоў дзесяць таму жонка мне казала: «Толькі ты адзін па-беларуску гаворыш, і вось там на вуліцы Спакойнай, на градках, мужык крычыць на жонку па-беларуску».

Але апошнім часам раз-два на тыдзень яна сустракае ў аўтобусах беларускамоўную моладзь. Ды і я часцяком іх бачу. Дзіўна, што гэта адбываецца, нягледзячы на ціск і рэпрэсіі. Нас усё больш і больш. І мне хацелася б паспрыяць гэтаму.

Віктар Мезяк марыць стварыць тэрыторыю беларускай мовы на сваім хутары, што недалёка ад возера Свіцязь.

- Тым больш, у Беларусі па апошняму перапісу насельніцтва 30 адсоткаў у хаце размаўляюць па-беларуску. (Смяецца). Я шчыра кажучы, не веру. Ці можа людзям падабаецца мова, але яны не размаўляюць, бо саромеюцца памылак?

Буду запрашаць туды беларускамоўных, рускамоўных беларусаў, якія хочуць авалодаць мовай, і замежнікаў, хто цікавіцца нашай культурай.

На хутары спакойна, няма людзей, мянтоў, спецслужбаў. Побач лес. На жаль, выгодаў у хаце няма, але можна паставіць намёты і зрабіць кшталту кемпінга.

Праўда, спачатку задума гаспадара была іншая: адкрыць аграсядзібу.

Толькі з агратурызмам нічога не выйшла. Віктар звяртаўся ў некалькі банкаў, але крэдыт не атрымаў.

- Не даюць такім, як я. Таму што шмат судоў, пратаколаў.

- А за што вас судзілі? – пытаюся. – Як усіх апазіцыянераў: «лаяўся матам» ці спраўлялі патрэбу ў публічным месцы?

- За мітынгі, за 25 сакавіка. Самыя вясёлыя былі 90-ыя ўгодкі БНР у Баранавічах. Мы хацелі правесці ў вялікай зале, нават запісаліся на прыём да старшыні гарвыканкама, сустракаліся з ім, але так нам нічога і не далі. І мы вырашылі сабрацца ў цэнтры горада і прайсці да крыжа ахвярам гвалту – там, дзе раней была баранавіцкая турма НКВД. Потым у бары былі запланаваныя пасядзелкі. Праўда, да крыжа мы, са сцягамі і кветкамі, не дайшлі. Нам перакрылі дарогу. Забралі каля 20 чалавек. Астатніх мы папярэдзілі: калі баіцеся страціць працу - сыходзьце.

Загрузілі нас усіх у камеру, ноч правялі за кратамі, а з абеда нас судзілі. З намі быў уніяцкі святар айцец Яўген. Міліцыянты прапанавалі яму ісці, а ён спытаўся: «А астатнія?». – «Не, яны будуць афармляцца і на ноч у камеру», - быў адказ. Святар кажа: «Тады я застаюся. Гэта мая паства».

Суддзя, якая разглядала маю справу, звычайна выносіць прысуды па крымінальных. Зайшлі мы з адвакатам. Яна прачытала, што я прадпрымальнік, і не стрымалася: «Госпадзі, перад вамі быў поп, а перад гэтым начальнік цэха! Нічога не разумею».

Сапраўды, людзі ў нас сабраліся як на падбор: выкладчык універсітэта, юрыст, былы дырэктар гарадскога дома культуры...

- Але гэта не перашкодзіла суддзі даць вам штраф?

- Так. Відаць зверху загад быў. Нас абвінавацілі ў несакцыянаваным шэсці. У міліцэйскім пратаколе так і напісана было: «затрыманы за шэсце на 90-ыя ўгодкі святкавання Беларускай Народнай Рэспублікі». Рэдка так у пратаколах пішуць.

Віктар Мезяк з Баранавічаў – такі ж чорнаспісачнік, як і Лявон Вольскі ці, напрыклад, пісьменнік з няправільнага саюза. Калі творцаў не пускаюць у клубы і бібліятэкі, іхняга таварыша па няшчасцю не бяруць на працу ў горадзе.

- Па спецыяльнасці я інжынер-электрык. Калі ў аддзеле па працаўладкаванні, чулі маё прозвішча, адразу казалі: «Тое месца, што вас цікавіць, занятае. Прыходзьце заўтра». Калі б у двух месцах такое сказалі, я падумаў бы, што, можа, супадзенне. А калі ў трэці-чацверты раз гэта чуеш, разумееш, чаму так адбываецца.

Аднойчы знаёмы інспектар па кадрах вывеў мяне ў калідор і шапнуў: «Ты не хадзі па гораду, нікуды цябе не возьмуць». Так яно і атрымалася. На раёне мяне бяруць на падмену ці на сезонныя працы. Качагарам, напрыклад.

- Не думалі з’ехаць з Беларусі?

- Думаў. Але жонка адгаварыла. Мы вырашылі: «Калі мы з’ездзем усе, то хто застанецца?».

- Віктар, як вы зарабляеце на жыцце?

- Крыху прадпрымальніцтвам займаюся, крыху на сезонных працах зарабляю. Вядома, заробкі ў 90-ыя і цяпер меншыя ў некалькі разоў. Імкнуся зарабляць не менш за 500 даляраў, бо менш – гэта ўжо несур’ёзна. Але нехта дапамагае беларускамоўным. Можа, сам Бог? Заўсёды з’яўляецца магчымасць зарабіць.

- Якім быў ваш шлях да беларушчыны?

- Я рос без бацькі і большасць вольнага часу праводзіў на вёсках. А ў той час вёска была беларускамоўная. І калі я вяртаўся пасля вакацый у горад, мяне дражнілі – «деревня». У пачатковай школе ў мяне былі праблемы. Настаўніца – руская, прыезджая – вердыкт вынесла: “адсталы хлопчык”…

…Сапраўдны шок я адчуў, калі даведаўся, што сярод маіх аднагодкаў ёсць людзі, якія супраць савецкай улады. Хоць у маёй сям’і не святкавалі савецкія святы, таму што абодва маіх дзеда былі рэпрэсаваныя.

Было гэта у час армейскай службы, на Львоўшчыне, у памежных войсках. Я ўпершыню ўбачыў украінцаў, які не толькі па-украінску размаўлялі, але і абаранялі сваю мову, мелі падопольныя арганізацыі. Гэта быў 1980-ы год. Як салдат я вымушаны быў прымаць удзел у арыштах студэнтаў, канваіраванні. Праўда, я іх не чапаў. Нават у камерах, дзе мы іх ахоўвалі, яны займаліся агітацыяй. Я не забараняў ім размаўляць. Мне было цікава пачуць, што яны думаюць...

А ў 1985-ым я выпадкова зайшоў у Дом літаратара. Пабачыў людзей у нацыянальных строях, пасядзеў, паглядзеў, пачаў цікавіцца…

У Баранавічах, куды я пераехаў пасля таго, як ажаніўся, быў цэлы асяродак беларускамоўных. У палацы культуры будаўнікоў з’явіліся курсы, на якіх можна было ўдасканаліць свае веды. Дзве маладыя настаўніцы пагадзіліся бясплатна па вечарах выкладаць. Нас сабралася 27 чалавек - ад 16 да 60. Мы наноў вучыліся размаўляць на роднай мове. Памятаю, як хадзілі па хатах, калі першыя беларускія класы стваралі. А потым прыйшоў Лукашэнка, і ўсё пайшло назад. Шкада…

- Пра тое, як вы гуляеце ў хованкі з міліцыяй, легенды ходзяць…

- Два гады службы ў памежных войсках не мінулі дарма, - усміхаецца Віктар. - На плошчы мне звычайна шанцуе: быць побач і не папасціся. У 2010-ым я стаяў ля педуніверсітэта і думаў, што міліцыянты, якія былі побач, з гэтага боку зачыстку пачнуць, а пачалі з гатэля “Мінск”. Вырваўся. Нага пабалела некалькі дзён, але гэта дробязі.

А ў 2006 годзе мяне 56 дзен лавіла баранавіцкая міліцыя, і я ўвесь час ад іх хаваўся. Пазбегнуць затрымання часам бывае нескладана, калі выконваць простыя правілы.

Пытаюся ў знаёмых, як вас злавілі. “Мы пайшлі на вакзал і хацелі электрычкай ехаць на Мінск”. Дык там жа відэакамеры стаяць!

Я з дома выйшаў, праехаў на гарадскім аўтобусе, потым праз лес выйшаў на Крошын пешшу. Адтуль ідуць электрычкі з Баранавіч, і там няма відэаназірання.

Пасля апошніх прэзідэнцкіх я тры дні быў у хованцы. Калі хаваешся, тэлефон, гадзіннік трэба скінуць. Я нават чаравікі змяніў. Бо адкуль я ведаю, куды маглі паставіць “жучка”, які будзе паказваць маё месцазнаходжанне? Перапрануўся і знік. І ніякая сучасная тэхніка не знойдзе.

А калі год таму праводзілі народныя сходы, мяне забіралі толькі тады, калі я сам гэтага захацеў... Калі затрымліваюць звычайных удзельнікаў – пра іх ніхто не напіша. А возьмуць арганізатараў – і адразу рэзананс у СМІ.

- Кажуць, рэвалюцыі ў глыбінцы не робяцца. Ці адчуваеце вы змены ў настроях грамадства?

- Падчас прэзідэнцкай кампаніі я працаваў у камандзе Саннікава. Праз нейкі час пасля выбараў вясковыя мужыкі – яны звычайна просяць, каб я ім гарэлкі прывёз – прыйшлі да мяне дэлегацыяй, каб спытацца: “Што здарылася з кандыдатамі?”. Інтэрнэта ў іх няма, а з тэлевізара яны не атрымалі інфармацыю. Ведаеце, гэта быў такі ўздым салідарнасці, якой я не бачыў ніколі раней! Людзі падыходзілі да мяне ў горадзе, перапытвалі, ці я працаваў у Саннікава, і давалі грошы. Адзін падрэзаў мяне на трасе і працягнуў 300 долараў…

На парламенцкіх выбарах я быў назіральнікам ад ТБМ. На ўчастак у дзіцячай паліклініцы, дзе я працаваў, прыгналі каля 800 студэнтаў. Праз суткі на мяне акрысілася камісія. Зразумелі, што гэта я выбраў момант і паклікаў чалавека з фотаапаратам. Пасля гэтага выбарчая камісія напісала на мяне скаргу і выносіла вусныя папярэджанні. Але не выгналі.

Большасць студэнтаў галасавалі супраць. Дзяўчына заходзіць у кабінку і пытаецца ў сваіх сябровак: «А за каго галасаваць?». З калідора дзяўчаткі смялейшыя крычаць: «Ды мы супраць вырашылі усім універсітэтам!».

Дарэчы, праўладны кандыдат не атрымаў дастатковай колькасці галасоў. Не падпусцілі бліжэй за 10 метраў да стала, нічога не паказалі, пашапталіся, нейкія цыдулкі напісалі і абвесцілі, што ён перамог. Калі б там была відавочная перамога, дапусцілі б да стала.

Тысячу чалавек датэрмінова загналі. А ў дзень галававання з 1600 выбаршчыкаў прыйшлі толькі 480. Калі б студэнтаў не загналі, выбары не адбыліся б.

Мяне радуе тое, што не пайшлі на іх людзі. У 2000-ым мы шмат працавалі на байкот. І прыйшло 44 %. Зараз не было сродкаў, ды і прыціскалі вельмі моцна, а прыйшло, па нашых ацэнках, 30-33 %. Яшчэ менш, чым у 2000-ым! Але шкада, адстаяць лічбу не удалося.

…На маю думку, Беларусь як незалежная краіна ўжо нікуды не знікне. Яе ні Лукашэнка, ні яго атачэнне, ні хто іншы ўжо не здасць. За 20 год у беларускім грамадстве прайшлі такія працэсы, якія маюць незваротныя наступствы ў дачыненні да незалежнасці.

І нашая задача – шукаць сярод рускамоўнай моладзі тых, хто адгукнецца і далучыцца да нас. Шмат хто не ведае, што ёсць іншая Беларусь, якая карыстаецца попытам як у краіне, так і за мяжой.

«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Чакаем вашых прапаноў і запрашэнняў у госці на кухонныя пасядзелкі на gasetaby@gmail.com

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)