Некалькі сотняў чалавек узялі ўдзел у акцыях салідарнасці

Некалькі сотняў чалавек узялі ўдзел у акцыях салідарнасці ў Беларусі. Акцыі прайшлі ў некалькіх частках горада – ля касцёла святога Язэпа на вуліцы Кірылы і Мяфодзія, Кастрычніцкай плошчы, ля Нацыянальнай бібліятэкі, плошчы Якуба Коласа, Акадэміі Навук, Дому культуры чыгуначнікаў, на набярэжнай Свіслачы, а таксама ў Завадскім раёне Менска. Толькі да касцёла святога Язэпа людзі прыходзілі цягам дня тройчы!

Некалькі дзесяткаў чалавек сабраліся ўчора на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі палітычных зняволеных, але былі выцесненыя на праспект Незалежнасці. Тады людзі прыйшлі да касцёла святога Язэпа. Праўда, і ля касцёла яны не здолелі доўга прастаяць. Супрацоўнікі АМАПа ў цывільным прымусілі іх разысціся.

Праз гадзіну, у 19.00, да касцёла прыйшлі каля 50 моладзевых актывістаў у майках «За свабоду!». Маладыя людзі стаялі на каленах і маліліся за вяртанне касцёла вернікам.

А 20 гадзіне каля будынка касцёла святога Язэпа сабраліся ўжо не менш за 100 чалавек. Яны паставілі свечкі на прыступкі будынка, цягам 15 хвілін правялі сумесную малітву, праспявалі беларускі нацыянальны гімн "Магутны Божа" і разышліся. Акцыя прайшла без эксцэсаў.

Вернікі ўжо два гады змагаюцца за вяртанне касцёла святога Язэпа Каталіцкай царкве. Раней у касцёле і кляштары размяшчалася ваенная камендатура, а цяпер улады збіраюцца перабудаваць кляштар у гасцініцу з басейнам і боўлінгам. Акцыі ў абарону касцёла праходзяць ля яго сцен штодня.

У іншых частках горада – ля Нацыянальнай бібліятэкі, плошчы Якуба Коласа, Дому культуры чыгуначнікаў, Акадэміі Навук, на набярэжнай Свіслачы, а таксама ў Завадскім раёне Менска – людзі выходзілі на вуліцы з свечкамі і партрэтамі палітычных зняволеных і зніклых лідэраў апазіцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)