Некалькі пенсіянераў атрымалі па 15 сутак, астатніх сагналі ў аддзяленне міліцыі і раздалі штрафы. Пакаралі нават 75-гадовую бабулю

Марш мудрасці 30 лістапада стаў першым шэсцем пажылых людзей, якое скончылася масавымі затрыманнямі. Раней кропкава хапалі маладзейшых удзельнікаў і журналістаў, цяпер — саміх пенсіянераў.

Адна з груп пенсіянераў у ачапленні пасля таго, як калону рассеклі

Каля 10 чалавек забралі ў міліцыі, частку з іх увечары адпусцілі з пратаколамі і будуць судзіць пазней, некаторых адправілі на Акрэсціна.

Суддзя Сяргей Кацар разглядаў справу 58-гадовай Рымы Сярогінай. Вердыкт — 15 сутак.

57-гадовую Марыну Сусліну судзіла Лідзія Цяліца. Жанчына патлумачыла, што не ўдзельнічала ні ў якой дэманстрацыі. Ішла па адваротным баку вуліцы, а потым стаяла на прыпынку, дзе яе і затрымалі. Вынік — тыя ж 15 сутак.

На Акрэсціна ў чаканні суда знаходзіцца 58-гадовая Людміла Дабравольская — сястра палітыка Аляксандра Дабравольскага. Яе таксама затрымалі на Маршы мудрасці ў панядзелак.

Іншую групу пенсіянераў заціснулі на вуліцы Валадарскага. Бабулям і дзядулям дазвалялі выйсці з ачаплення толькі пры ўмове, што яны скажуць на відэакамеру свае імя і адрас пражывання.

Да многіх з іх у аўторак прыйшлі міліцыянеры і ўручылі павесткі на сераду ў міліцыю. Ад раніцы пенсіянераў сабралі ў актавай залі Маскоўскага РУУСа, склалі пратаколы і адразу ж асудзілі праз інтэрнэт у Маскоўскім судзе.

Валанцёры, якія дзяжурылі ў судах, толькі і паспявалі паведамляць вынікі паседжанняў:

75-гадовая Л.Лепіхава — штраф 15 базавых

66-гадовая А. Дзмітрыева — штраф 30 базавых

59-гадовая Г. Голдберг — штраф 30 базавых

57-гадовая Жанна Гурбановіч — штраф 30 базавых

В. Васілеўскі — штраф 30 базавых

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.5 (оценок:38)