Скандалы
Юлія Аляксандрава, фота baj.by

«Не вымушайце нас сваёй творчасцю ўзбуджаць крымінальную справу!»

КДБ паведаміла журналісту радыё «Рацыя» і часопіса «Magazyn Polski» (друкаваны орган апальнага Саюза палякаў на Беларусі), кіраўніку гарадзенскага прадстаўніцтва прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Івану Роману пра тое, што яго артыкулы дыскрэдытуюць Беларусь у вачах замежжа і прапанавала пісаць пра стан эканомікі ў краіне больш пазітыўна.

29 красавіка Івану патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і прапанаваў прысці на размову. Журналіст адмовіўся рабіць гэта без позвы і неўзабаве афіцыйнае «запрашэнне» даставілі яму на працу.

- Падчас размовы, якая цягнулася каля 20 хвілін, мне паведамілі пра «недапушчальнасць супрацьпраўнай дзейнасці» і распавялі, што з 24 красавіка я знаходжуся ў «аператыўнай распрацоўцы», - патлумачыў Іван «Салідарнасці». - Гэта азначае, што пры працягу дзейнасці мяне ў любы момант могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па арт. 369.1 крымінальнага кодэксу.

Падобныя размовы мясцовыя органы праводзяць з Іванам не ў першы раз:

- У мінулым годзе, калі падобнае папярэджанне мне рабілі ў пракуратуры, мне нават паказалі раздрукоўкі маіх тэлефонных размоў, - узгадвае журналіст. - На пытанне, на якой падставе гэта ўсё робіцца, адказ быў такі: «Гэта робім не мы, а КДБ». Можна зрабіць высновы, што назіраюць яны ўжо даўно.

Больш за ўсё мясцовыя ўлады занепакоеныя не вельмі аптымістычнымі выказваннямі журналіста пра эканамічную сітуацыю ў рэгіёне:

- Але ж інфармацыю пра кепскае эканамічнае становішча прадпрыемстваў падцявярджаюць і афіцыйныя прафсаюзы, - абураецца Іван. – У КДБ мне параілі: «Не пішыце пра тое, што заробак атрыманы несвоечасова. Лепей, скажыце, што, дзякуй Богу, атрыманы, нягледзячы на эканамічны крызіс». Але ж гэтага заробку чалавеку хапае толькі на тое, каб заплаціць камунальныя паслугі!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)