Политика
Сяргей КУЗНЯЦОЎ, «Звязда»

«Не выключаю, што ў будучынi i па пытаннях правядзення выбараў дэпутатаў парламента будуць унесены змяненнi»

Нядаўна дэпутат Палаты прадстаўнiкоў i лiдар Лiберальна-дэмакратычнай партыi Сяргей Гайдукевiч заявiў, што не выключае правядзення парламенцкiх выбараў у 2008 годзе па прапарцыйна-мажарытарнай сiстэме. Гэта значыць, частка дэпутатаў будзе абiрацца як сёння (мажарытарная сiстэма), а частка — па партыйных спiсах.

Пракаментаваць гэтую заяву, а таксама расказаць пра тое, як вядзецца падрыхтоўка да выбараў, карэспандэнт "Звязды" папрасiў сакратара Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Мiкалая Лазавіка.

— Дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Сяргей Гайдукевiч заявiў, што не выключае правядзення парламенцкiх выбараў у 2008 годзе па прапарцыйна-мажарытарнай сiстэме. Як вы можаце пракаментаваць гэтую заяву?

— Я не ведаю, на падставе чаго рабiлася такая заява. Магчыма, ён мае звесткi, што такiя напрацоўкi ёсць. Аднак асабiста для мяне i для iншых членаў Цэнтрвыбаркама гэтая заява з’яўляецца навiной.

З iншага боку, заканадаўства — гэта не статычная рэч. Яно развiваецца. Гэта датычыцца i заканадаўства аб выбарах. Выбарчы кодэкс быў даволi фундаментальна прапрацаваны пры прыняццi. Ён увабраў найбольш прагрэсiўныя дасягненнi выбарчых тэхналогiй. Тым не менш пасля прыняцця кодэкс ужо некалькi разоў змяняўся. У прыватнасцi, перад апошнiмi мясцовымi выбарамi былi ўнесены змяненнi i дапаўненнi, якiя дазволiлi сфармiраваць мясцовыя Саветы ў адзiн тур. Таму я не выключаю, што ў будучынi i па пытаннях падрыхтоўкi i правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў будуць унесены нейкiя змяненнi i дапаўненнi.

— Якiя плюсы i мiнусы можа мець прапарцыйна-мажарытарная сiстэма для палiтычнай сiтуацыi ў краiне?

— Нават у Цэнтрвыбаркаме адносна мажарытарнай i прапарцыйнай сiстэм iснуюць розныя, часам палярныя, пункты погляду. Я, напрыклад, магчыма, маю вельмi кансерватыўныя погляды, але з’яўляюся прыхiльнiкам мажарытарнай сiстэмы. Патлумачу чаму. Пры мажарытарнай сiстэме на першы план вылучаюцца iнтарэсы галоўнага суб’екта выбарчага працэсу — выбаршчыка. Маючы ахвоту, ён можа даведацца пра ўсiх кандыдатаў, якiя вылучаюцца па яго выбарчай акрузе. Можа не толькi азнаёмiцца з iх праграмамi, але i пазнаёмiцца з iмi асабiста — наведаць перадвыбарную сустрэчу з кандыдатам, даведацца, чаго дасягнуў кандыдат у асабiстым жыццi i прафесiйнай дзейнасцi… У вынiку выбаршчык можа зрабiць свядомы выбар. Аналiзуючы шэраг кандыдатаў па сваёй акрузе, ён робiць выбар, якi лiчыць найбольш лагiчным.

Пры галасаваннi па партыйных спiсах (пры прапарцыйнай сiстэме) на першы план вылучаецца нават не партыя, а яе лiдар. Бо менавiта пад яго кiраўнiцтвам фармiруецца спiс кандыдатаў у дэпутаты. Пры гэтым выбаршчык у лепшым выпадку будзе ведаць першых асобаў гэтага спiсу. Магчыма, нават толькi аднаго — лiдара партыi. А ўсе астатнiя людзi, якiя iдуць за прозвiшчам лiдара, як правiла, не вядомы выбаршчыку. У вынiку ён галасуе за "ката ў мяшку". I пасля абрання парламента ён нават не будзе ведаць, хто адстойвае iнтарэсы яго тэрыторыi ў вышэйшым заканадаўчым органе.

Больш за тое, практыка, якая склалася сёння ў Расii, калi на чале партыйных спiсаў ставяцца вельмi знакамiтыя, папулярныя асобы, але якiя не маюць намеру быць дэпутатамi, гэта, на мой погляд, просты падман выбаршчыкаў. На чале спiсу ставiцца вядомы навуковец, касманаўт, дзяржаўны дзеяч. Людзi галасуюць за партыю, бо бачаць паважанага грамадзянiна сярод лiдараў. Але гэты чалавек мае сваю працу. I ён не мае намеру мяняць яе на дэпутацкую дзейнасць. Такiм чынам, гэта падман. I хоць я, як палiтолаг, мог бы назваць шэраг пераваг прапарцыйнай сiстэмы, гэты мiнус, на мой погляд, перакрэслiвае ўсе перавагi.

Сiстэма мае на ўвазе падман выбаршчыка. Выбар не свядомы. Таму я аддаю перавагу мажарытарнай сiстэме.

— Сёння ў Палаце прадстаўнiкоў працуюць дэпутаты толькi ад неапазiцыйных партый. Якiм партыям можа быць больш выгадна ўвядзенне прапарцыйна-мажарытарнай сiстэмы: апазiцыйным цi праўрадавым?

— Ва ўвядзеннi прапарцыйнай сiстэмы больш за ўсё зацiкаўлены апазiцыйныя партыi. Бо месцы ў парламенце пры такой сiстэме размяркоўваюцца прапарцыйна атрыманым галасам. Гэта значыць для таго, каб трапiць у парламент, апазiцыйнай партыi неабходна пераадолець нейкi выбарчы бар’ер. У розных краiнах сёння ён складае 3-7 працэнтаў.

Такiм чынам, калi сёння апазiцыйная партыя не мае шырокай падтрымкi насельнiцтва, але за яе прагаласуюць 8—9 працэнтаў выбаршчыкаў, то партыя можа прэтэндаваць на нейкую колькасць месцаў у парламенце. А пры мажарытарнай сiстэме кандыдату ў дэпутаты парламента ў першым туры трэба набраць як мiнiмум 50 працэнтаў галасоў. Апазiцыйныя iдэi не вельмi распаўсюджаны ў грамадстве, i апазiцыянеру, якi шчыра заяўляе аб сваёй прыналежнасцi да апазiцыйнай партыi складана набраць гэтыя 50 працэнтаў.

Але калi прадстаўнiк апазiцыi — яскравая асоба, якая карыстаецца папулярнасцю ў сваёй акрузе, то нельга выключаць, што ён набярэ 50 працэнтаў. Сёння такiх людзей няшмат. Таму многiя апазiцыянеры, выступаючы ў якасцi кандыдатаў, проста хаваюць сваю партыйнасць. Бо прыналежнасць да апазiцыйнай партыi знiжае цiкавасць выбаршчыкаў да гэтай кандыдатуры.

— Некаторыя журналiсты выказалi меркаванне, што ўвядзенне прапарцыйнай сiстэмы можа быць выгадна грамадскаму аб’яднанню "Белая Русь", якое ствараецца. У тым выпадку, калi яно ператворыцца ў партыю. Наколькi лёгка, у адпаведнасцi з заканадаўствам, гэта можна зрабiць?

— Гэта пытанне не маёй кампетэнцыi, i я не стану яго каментаваць. Але я прапаную паглядзець на праблему з iншага боку. Наколькi эфектыўная дзейнасць партыйнай арганiзацыi, якая прэтэндуе на тое, каб быць нейкай рухаючай сiлай у выбарчым працэсе?

Сёння, калi фармiруецца згаданае грамадскае аб’яднанне, яно пазiцыянуецца як арганiзацыя ўлады. I ў першую чаргу туды iмкнуцца трапiць дзяржаўныя служачыя, чыноўнiкi. Яны, можа быць, разглядаюць членства ў арганiзацыi як у свой час разглядалася членства ў КПСС. Бо без яго немагчыма было эфектыўна працаваць i зрабiць нармальную кар’еру (у добрым сэнсе слова). Таму я маю апасенне, што ў выпадку, калi новая партыя стане партыяй чыноўнiкаў, а не сапраўды ўсенароднай партыяй, то яна наўрад цi зможа карыстацца велiзарным аўтарытэтам у насельнiцтва. Бо ўсе пралiкi, якiя здараюцца ў дзяржаве, насельнiцтва, як правiла, адносiць на рахунак неэфектыўнай працы чыноўнiкаў.

Аўтарытэт арганiзацыi (а ў будучынi, магчыма, i партыi) трэба яшчэ будзе заваяваць. Даказаць насельнiцтву, што яна адстойвае сапраўды яго iнтарэсы, iнтарэсы выбаршчыкаў i, магчыма, часам нават ушчамляючы iнтарэсы нейкiх чыноўнiкаў. Не баiцца спрачацца з высокапастаўленымi дзяржаўнымi служачымi для таго, каб забяспечыць рэалiзацыю iнтарэсаў насельнiцтва.

— Якую працу па падрыхтоўцы да парламенцкiх выбараў сёння праводзiць Цэнтрвыбаркам?

— Ужо дакладна вызначаны план падрыхтоўкi асноўных дакументаў, правядзення асноўных мерапрыемстваў у сувязi з маючымi адбыцца выбарамi. Мы ўжо працуем над усiмi асноўнымi дакументамi, якiя ў адпаведнасцi з заканадаўствам павiнны будзем выдаць выбарчым камiсiям, каб забяспечыць iх арганiзаваную i плённую працу.

Акрамя таго, Цэнтрвыбаркам завяршыў працу над каштарысам. Ён знаходзiцца на далейшай прапрацоўцы ў Мiнiстэрстве фiнансаў i Савеце Мiнiстраў. I паколькi выбары пройдуць налета, то каштарыс павiнен быць уключаны ў бюджэт дзяржавы на 2008 год.

— Якая сума закладзена ў каштарысе?

— Методыка разлiкаў расходаў на падрыхтоўку i правядзенне выбараў не змянiлася ў параўнаннi з мiнулымi выбарамi. Таму сума расходаў плануецца прыкладна такая ж. Толькi крыху скарэктаваная на iндэкс росту заработнай платы. I скарэктаваная з улiкам пажадання кiраўнiцтва краiны максiмальна забяспечваць рэжым эканомii.

— Гэта звязана з сiтуацыяй з энерганосьбiтамi?

— Вядома ж.

— Прадстаўнiкi апазiцыйных партый заяўлялi, што плануюць iсцi на выбары адзiным спiсам. Цi рэальна, на ваш погляд, што яны ўсё ж будуць вылучаць кандыдатаў паводле прынцыпу "адзiн чалавек на акругу"?

— Мы не бяром на сабе ролю палiтолагаў цi сацыёлагаў падчас выбарчай кампанii. I мне не хочацца рабiць прагнозы аб паводзiнах тых цi iншых патэнцыйных удзельнiкаў выбарчага працэсу. Магу сказаць толькi адно: на дадзеным этапе складваецца ўражанне, што дакладнай узгодненасцi ў апазiцыi пакуль няма.

Калi яны змогуць дасягнуць узгодненасцi дзеянняў, то, магчыма, iх стратэгiчная задума i ажыццявiцца. Калi ж яны сёння не разбяруцца, хто самы галоўны цi самы апазiцыйны, то будзе складана, напэўна, i вызначыцца з адзiнымi кандыдатамi па канкрэтных акругах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)