Комментарии
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

«Не сьмяшыце людзей!»

У рынкавых умовах дзяржаўныя газэты «каменя на камені не пакінуць ад так званых незалежных газэт», заявіў міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі. Шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько пракамэнтаваў гэта наступным чынам: «Нічога дзяржаўнага ў сёньняшніх «дзяржаўных СМІ» няма».

— Я не толькі не баюся, але і ўпэўнены, што ў рынкавых умовах большасьць нашых газэт ("Советская Белоруссия", "7 дней" і іншыя) каменя на камені не пакінуць ад так званых незалежных газэт, — раней заявіў міністар інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі. — Рэйтынгі нашых выданьняў значна вышэйшыя за гэтак званыя апазыцыйныя газэты, а па колькасьці падпісчыкаў — гэта проста неба і зямля.

Гэтае і іншыя выказваньні міністра Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць Андрэя Дынько.

— Дзяржаўныя выданьні і пры цяперашніх няроўных і спрыяльных для іх умовах ня могуць цалкам задаволіць попыт на інфармацыю. Нібыта ў рынкавых умовах яны кагосьці здольныя апярэдзіць. Сама такая пастаноўка пытаньня выклікае іронію, — сказаў шэф-рэдактар «Нашай нівы». — Нагадаю, што ў цывілізаваных краінах якраз-такі ёсьць дзяржаўныя СМІ, якія там называюць грамадзкімі СМІ. У Беларусі дзяржаўных мэдыяў няма. Лукашэнкаўцы любяць усё тое, што яны прысабечылі, называць дзяржаўным.

Насамрэч нічога дзяржаўнага ў гэтых СМІ няма. Дзяржаўныя СМІ павінны даваць слова ўсяму палітычнаму спэктру, розным поглядам. У нас жа ў дзяржаўных СМІ толькі адзін палітык, гэта мэдыі, якія належаць адной палітычнай групе.

Сапраўды грамадзкія СМІ павінны быць максымальна незалежнымі, як "National Public Radio" ў ЗША, ВВС у Брытаніі. Як гэта робіцца ў Польшчы? У кіраўніцтва грамадзкага тэлебачаньня выбіраюцца кандыдаты ад розных палітычных сілаў, ад грамадзкасьці, інтэлектуалаў, каб гэта было незалежнае люстэрка, у якое ўсе могуць глядзецца. Калі ўзяць скандынаўскія краіны, дык там нават ёсьць закон, паводле якога ў кожнай мясцовасьці павінны быць мінімум дзьве газэты рознага кірунку. Калі адна зь іх слабая, то дзяржава дае ёй фінансавую дапамогу, каб была канкурэнцыя".

Што тычыцца словаў Праляскоўскага пра "казкі нашай апазыцыі, што яе ў чымсьці заціскаюць, не пускаюць кудысьці", то Андрэй Дынько раіць спадару Праляскоўскаму "не сьмяшыць людзей":

— Тры гады "Народную волю" і "Нашу ніву" забаранялі прадаваць у кіёсках. Ці можна купіць у кіёску сёньня цудоўную газэту "Новы час"? Ці выдатнае інтэлектуальнае выданьне, часопіс "Архэ"? Не, ня знойдзеш іх там. Уключыце тэлебачаньне, на першым канале — Лукашэнка, на другім, трэцім і чацьвёртым — той жа Лукашэнка. А ці можна там убачыць нават не апазыцыйнага палітыка, а, напрыклад, пісьменьніка Ўладзімера Арлова? Нават на інтэрнэт-форумах дзяржаўных выданьняў людзі ўжо адкрыта пацяшаюцца, кажуць пра тое, што ёсьць дзьве рэальнасьці — у адной людзі жывуць, а другая — у дзяржаўных СМІ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)