«(Не) расстраляная паэзія»

Прэм’ера музычнага праекту і курсу відэалекцый пра паэтаў 1930-х.

Пабачыў сьвет праект парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія», героямі якога сталі 12 беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у 1937-м годзе. На іх словы вядучыя музыкі краіны стварылі песьні, на facebook з’явіліся старонкі іхнай памяці, даследчыкі падрыхтавалі лекцыі пра іх жыцьцё і творчасьць, з друку выйшлі дызайнэрскія нататнікі з выявамі творцаў і цытатамі зь іх творамі.

Праект «(Не)расстраляная паэзія» – плён полугадавой працы больш чым 60 чалавек: музыкаў, дасьледчыкаў літаратуры, дызайнэраў, саўндпрадусараў, рэжысэраў ды актораў. У кранальным прома-роліку Арцёма Лобача ў ролі «паэтаў маладой краіны» зьняліся Павал Харланчук, Алена Гіранок і Андрэй Саўчанка. Таксама зьявілася 12 відэазваротаў удзельнікаў праекту з заклікам зьвярнуць увагу на паэтаў 1930-х гадоў

Музыку да вершаў расстраляных у 1937-м літаратараў пагадзіліся напісаць вядучыя беларускія выканаўцы. Кожны зь іх па-свойму адгукнуўся на тую радасьць і боль, спадзевы і безвыходнасьць, якімі прасякнутыя творы паэтаў. Якраз гэтую супярэчлівасьць пачуцьцяў перадае ў сваёй п’есе на словы Юркі Лявоннага «Настроі» гурт Vuraj.

Рэпэр Vinsent напісаў ліст паэту Зяму Півавараву ў адказ на ягонае захапленьне будаўніцтвам мэтро ў Маскве: «Ты ім пракапаў мэтро, яны табе – магілу».

Сьвятлана Бень вырашыла перадаць настрой верша Ізі Харыка праз містычную кампазыцыю, у якой гучыць жывы голас сярод бязмоўнай сусьветнай пустэчы.

Лявона Вольскага крануў лірычны верш Юлія Таўбіна, у якім 18-гадовы паэт сумуе па сваёй маладосьці, а гурт Naka выканаў песьню на верш Валерыя Маракова, у якім гучыць трагічная прадвызначанасьць: «Хтось будзе на нашых магілах вясной сьпяваць з захапленьнем пра шчасьце і волю!».

Нечаканы трэк запісаў Зьміцер Вайцюшкевіч. Каб перадаць сваё адчуваньне верша Ўладзіслава Галубка «Будучыня» ён сплёў разам электронную і клясычную музыку. Гульлівы блюз на словы Майсея Кульбака стварыў Павал Аракелян.

Песьняю зрабілі апавяданьне Міхася Зарэцкага музыкі з гурту Re1ikt. Нібы адмыслова для гурту Dzieciuki Міхась Чарот напісаў верш «Бунтар», тая ж гісторыя з вершам Анатоля Вольнага «Я цябе пакахаў», які выдатна падышоў пад ідэйную ды эстэтычную канцэпцыю гурту Akute.

Вельмі кранальнай атрымалася песьня ў Кацярыны Ваданосавай на верш Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад». Песьні былі запісаныя (акром Сьветы Бень і Akute)  і зьведзеныя саўндпрадусарам праекту Паўлам Сінілам на студыі Everest.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)