Зьміцер Солтан, pozirk.org
Не падабаецца тут жыць — зьязджайце

Згодна з вынікамі новых досьледаў, рызыка для здароўя жыхароў 30-кліямэтровай зоны адчуджэньня вакол Чарнобыля не перавышае рызыкі для жыхароў буйнога горада або звычайнага пасіўнага курца. Дасьледчык Джым Сміт з брытанскага Цэнтра Экалёгіі і Гідралёгіі прыводзіць нават прыклад старых, якія нелегальна жывуць у зоне — шмат зь іх маюць больш за 70 гадоў веку.

Паводле Сміта, перабольшваць небясьпеку ад радыяцыі ня варта, і жыхары буйнога горада,напрыклад, маюць большы шанец памерці ад кепскай экалягічнай сітуацыі, чым вяскоўцы з-пад Чарнобыля. Здаецца, з гэтага можна зрабіць простую выснову, што істэрыя мусіць скончыцца, і час сьпісаць чарнобыльскі інцыдэнт у архіў, заняцца больш надзённымі справамі.

Правільна? Не. Статыстыка, увогуле, — небясьпечная штука.

Па-першае, людзі пасьля 30 (што ўжо казаць пра 70ці гадовых) не знаходзяцца ў групе рызыкі па шэрагу фактараў — рак шчытападобнай залозы або зьмяненьні ў костнай структуры пасьля Чарнобыля пагражалі толькі дзецям і падлеткам да 18 гадоў. Таму стары дзед, які жыве у зоне, мае ўсе шанцы спакойна дажыць свой век.

Па-другое, небясьпека ад радыяцыі звычайна не наўпроставая, а комплексная, залежыць ад харчаваньня, забясьпечанасьці вітамінамі. Напрыклад, калі харчавацца чыстымі прадуктамі і якаснымі полівітамінамі, то небясьпека зьнізіцца на парадак. Тут варта нагадаць, што ў большасьці насельніцтва Беларусі наглядаецца полігіпавітаміноз (недахоп некалькіх груп вітамінаў), адсюль паніжаны імунітэт і большая ўспрымальнасьць да наступстваў радыяцыі.

Па-трэцяе, мы ня можам параўноўваць, наколькі сітуацыя пагоршылася пасьля 1986 года, бо ня маем дакладных дадзеных па захворваньнях, зьвязаных з уплывам малых доз радыяцыі ані да 1986 года, ані пасьля, ды й наступствы, верагодна, адчуваюцца ня толькі ў непасрэдна забруджаных абласьцях. Харчовыя прадукты па ўсёй Беларусі робяцца з сыравіны з забруджаных і незабруджаных раёнаў.

Па-чацьвертае, павышаныя ўзроўні радыяцыі ў Беларусі ўпершыню зафіксаваныя задоўга да 1980х гг: у ядзерных могільніках ужо блізу 30 гадоў захоўваюць адкіды першых савецкіх тэстаў зь ядзернымі тэхналёгіямі.

У нашых пушчах і маленькіх мястэчках схаваныя 45 ракетных баз (зь іх у некаторых зьмяшчаліся ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі) — гэта самая высокая колькасьць на душу насельніцтваў сьвеце. У навакольлі ракетнай базы ў Зарэччы, што пад Рэчыцай Гомельскай вобласьці, яшчэ да 1986г адзначаўся падвышаны ўзровень радыяцыі. У Рэчыцы дагэтуль добра памятаюць гісторыю, што калі жыхары навакольнага райна зьвярнуліся ў выканкам з просьбай прадаставіць ільготы за знаходжаньне на тэрыторыі зь неспрыяльнымі радыяцыйнымі ўмовамі, адказ далі хутка і адназначны: “Не падабаецца тут жыць — зьязджайце. Ніхто не трымае”.

Выглядае, што дагэтуль беларусы існуюць у падобнай сітуацыі — ніхто нічога ня ведае дакладна, дзяржаўныя досьледы наступстваў чарнобыльскай аварыі і радыяцыі фактычна спыненыя, а недзяржаўнай навукі ў нас няма.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)