Сёньня вам паабяцаюць максымальнае спрыяньне – а заўтра прыраўняюць беларусаў да расейцаў і спыняць выдачу візаў (рэальны выпадак).
Навумчык: «Сёньня вам паабяцаюць максымальнае спрыяньне – а заўтра прыраўняюць беларусаў да расейцаў і спыняць выдачу візаў»
Аналітык — пра змены беларускай дыяспары за апошнія чатыры гады і што ёй варта зараз рабіць.
— Атрымаў, як і іншыя сябры Рады БНР, запрашэньне на III Канфэрэнцыю беларусаў сьвету, які праводзіць Офіс Сьвятланы Ціханоўскай у Празе 23 сакавіка, — піша Сяргей Наувмчык. — Цягам дзесяцігодзьдзяў Рада БНР абапіралася на дыяспару, і было б памылкай не скарыстацца такім запрашэньнем. Паколькі я там госьць і выступаць не пляную, некаторыя думкі выкажу тут.
Цяпер можна акрэсьліць абрысы беларускай дыяспары, якой яна выглядае праз чатыры гады пасьля падзеяў 2020-га.
Гэта – «старая» (умоўна кажучы) дыяспара, якая фармавалася ў краінах Заходняй і Ўсходняй Эўропы дзесяцігодзьдзямі, яшчэ з часоў пасьля II Сусьветнай вайны і папаўнялася «новай хваляй» пасьля 1994 году. Далёка ня ўсе яны былі палітычна актыўнымі на новым месцы жыхарства, але большасьць тых, хто такую актыўнасьць выяўляў, уліваліся ў дыяспаральныя арганізацыі (такія, як Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) у ЗША, Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі, суполку беларусаў Чэхіі «Скарына» і г.д.).
Палітычным цэнтрам для іх была і застаецца Рада БНР. Для гэтых людзей не існавала і не існуе пытаньня кшталту «какая разница, какой язык».
Ролю гэтай «старой» дыяспары цяжка перацаніць – у часы СССР яна (і больш ніхто) даводзіла да Захаду, што беларускі народ мае права на сваю незалежную дзяржаву. Існуе сьведчаньне Васіля Быкава, духоўнага лідэра нацыянальнага Адраджэньня, што сапраўдную беларускую гісторыю ён даведаўся дзякуючы, найперш, выданьням беларускай эміграцыі. Гэта ж могуць сказаць і тыя, хто быў ля вытокаў нацыянальнага руху 80-х гадоў, які трансфармаваўся ў Беларускі народны Фронт і меў вынікам абвяшчэньне Незалежнасьці 25 жніўня 1991 г.
Але гэтая нацыянальна сьвядомая частка дыяспары складала, у лепшым выпадку 1/500 частку ўсіх беларусаў, якія эмігравалі. Лічба ўзятая не са столі: так, штогод 500 сем'яў зь Беларусі выйгравалі грын-кард і прыяжджалі ў ЗША. Але ў лепшым выпадку толькі адна сямʼя далучалася да беларускіх суполак. Іншыя 499 цалкам сабе спакойна адчувалі, калі ў Беларусі нішчылася культура і мова, праводзіліся рэпрэсіі, і не праяўлялі ніякай палітычнай актыўнасьці.
Гэтым беларускія эмігранты кардынальна адрозьніваліся ад украінцаў, армянаў ці палякаў.
Нічога дзіўнага тут не было. Нават тыя, каго можна назваць людзьмі сярэдняга ўзросту (40+), ня кажучы пра маладзейшых – сфармаваліся як асобы ўжо пры Лукашэнку, калі ў выніку «рэфэрэндуму» 1995 былі растаптаныя нацыянальныя каштоўнасьці, калі ў школах і інстытутах насаджаліся скажоныя ўяўленьні пра гісторыю, а сфэра ўжытку беларускай мовы была нагэтулькі прымусова звужаная, што многія маладыя ня ведаюць значэньня беларускіх слоў.
Усё зьмянілася летам 2020-га, калі на вуліцы Прагі, Варшавы, Нью-Ёрку, Філядэльфіі, Лёндану, Бэрліну выйшлі тысячы і тысячы беларусаў.
Але такі маштаб актыўнасьці быў нядоўгім. І гэта таксама зразумела. Тут і расчараваньне тым, што рэжым не абрынуўся хутка, як тое некаторым здавалася, і зьмена стаўленьня да беларусаў пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай.
Дыяспара папоўнілася «новымі» — сотнямі тысяч тых, хто вымушана пакінуў Беларусь, ратуючыся ад перасьледу — але ў большасьці зь іх цяпер праблема элемэнтарнага выжываньня: трэба шукаць жытло, працу, уладкоўваць сямʼю. Папракаць неактыўнасьцю іх было б недарэчна.
Тым жа, хто застаўся актыўным, давялося на сабе спазнаць ці не галоўнае правіла палітыкі: вынік у ёй дасягаецца вельмі марудна і гіганцкімі высілкамі. Усьмешкі, прыязныя рукапацісканьні, прыгожыя словы салідарнасьці і натхняльныя абяцаньні, у 99,99% выпадках маюць нулявы вынік; добра яшчэ, калі не адмоўны.
Ёсьць, аднак, істотная акалічнасьць. Прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі, які і раней не выяўляў сымпатый да беларушчыны, сёньня імкнецца зьнішчыць усё, што хоць нейкім чынам нагадвае пра адрозьненьне беларусаў ад расейцаў, найперш – культуру і мову. Такога не было ні ў савецкія часы, ні ў часы нацысцкай акупацыі. (заканчэньні ніжэй).
Пры вялізнай павазе да гераізму ім адданасьці тых, хто застаўся на радзіме і працягвае беларускую справу, трэба прызнаць, што ўжо цяпер ніякія паўнавартасныя (не падпольныя ці паўпадпольныя) нацыянальныя культурніцкія маштабныя праекты немагчымыя. Гэта тычыцца і адукацыі, і тэатра, і кнігадруку.
Значную частку (калі ня ўсё) ужо цяпер будзе вымушаная ўзяць на сябе дыяспара. Сыстэма адукацыі, інстытут нацыянальнай гісторыі з пэрыядычным выданьнем, пэрыядычны грамадзка-палітычны часопіс (хаця б адзін), нарэшце, нацыянальны архіў – вось толькі некалькі актуальных пазыцый, якія мусяць і могуць быць створаныя агульнымі (менавіта агульнымі) намаганьнямі.
У гэтым сэнсе добрым прыкладам ёсьць падтрымка «новай дыяспарай» ініцыятывы Рады БНР пра адзначэньне ў асяродках дыяспары 100-годзьдзя з дня нараджэньня Васіля Быкава – і тут, найперш, хачу падзякаваць прадстаўніцы Абʼяднагага кабінэту ў справе нацыянальнага Адраджэньня Аліне Коўшык і яе паплечнікам.
Ніякага іншага выйсьця, як ратаваць нацыянальную культуру, дапамагаць нашым творцам — літаратарам, мастакам, музыкам, акторам, спрыяць нашым навукоўцам — філёлягам і гісторыкам, у нас, прадстаўнікоў дыяспары, няма. Калі толькі мы ня хочам праз два, а то і адно пакаленьне растварыцца, асымілявацца і, у выніку — зьнікнуць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное