Филин

Ірына Марозава

Навумчык: паўгады Байдэна – гэта тэрмін, за які сувэрэнітэт Беларусі можа быць зьнішчаны

Працягваем збіраць меркаванні аналітыкаў пра ролю Захада ў развіцці палітычнага крызісу ў Беларусі. Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, журналіст Сяргей Навумчык мяркуе, што Еўразьвяз і ЗША не ўзмацнілі, а насамрэч толькі пачалі ціск на Аляксандра Лукашэнку.

Фота Радыё Свабода

– Ацэньваючы ўплыў санкцый, вы выказалі думку, што заходнія лідэры у дачыненні Беларусі «не толькі не маюць скаардынаванай пазіцыі, але нават не прыступілі да яе выпрацоўкі». Атрымліваецца, больш як чвэрць стагоддзя ў Захаду не было і няма сістэмнага падыхода па беларускім пытанні?

– Так, калі мець на увазе цэласную канцэпцыю. Пачынаючы ад 1994 году, эўрапейскія палітыкі займаліся самападманам, спадзяючыся, з аднаго боку,  «навучыць Лукашэнку дэмакратыі», а з другога – успрымаючы Крэмль як «лакаматыў», які выцягне Беларусь у дэмакратыю. Я кажу пра тое, што сам чуў ад эўрапейскіх палітыкаў ў тыя гады.

Магу прыгадаць запрашэньне Лукашэнкі ў Парыж, у Елісейскі палац у ліпені 1996 – крыху больш чым праз год пасьля зьбіцьця дэпутатаў БНФ у залі парлямэнта і праз некалькі тыдняў пасьля зьбіцьця сотняў людзей падчас масавых вясновых пратэстаў.

Французскія дыпляматы спадзяваліся, што Лукашэнка навучыцца нечаму добраму. І сапраўды, вярнуўшыся з Францыі, ён пахваліў тамтэйшую Канстытуцыю. У тым сэнсе, што паўнамоцтвы прэзыдэнта там былі сем гадоў, а не пяць. І, як вядома, працягнуў свае паўнамоцтвы «рэфэрэндумам».

Сытуацыю зьмяніла прадастаўленьне Амэрыкай лідэру БНФ Зянону Пазьняку палітычнага прытулку, Захад павінен быў прызнаць, што ў Беларусі – аўтарытарны рэжым, але нейкага глыбокага асэнсаваньня ў сьвядомасьці палітыкаў не адбылося. Яны былі занятыя далучэньнем краінаў Балтыі і Ўсходняй Эўропы да Эўразьвязу і НАТА. Працэс натуральны, але ў той жа час Беларусь фактычна была аддадзеная пад уплыў Расеі.

Потым прыйшоў Пуцін, Буш-малодшы «паглядзеў яму ў вочы» і нешта чалавечае там убачыў. Потым на нейкую перазагрузку спадзявалася адміністрацыя Абамы. Потым быў Трамп, які, здаецца, слова «Беларусь» ня вымавіў ніколі.

І вынік – Беларусь зрабілася заходнім вайсковым фарпостам Расеі, кіраўніцтва якой паводзіць сябе чым далей, тым болей агрэсіўна. Прычым адбылося гэта ня ў выніку падзеяў апошняга году, як часта кажуць – нагадаю, што пагадненьні пра адзіную сыстэму супрацьракетнай абароны, памежная дамова, дамова паміж ФСБ Расеі і КДБ Беларусі былі падпісаныя даўно.

Пуціну зусім не патрэбна ўводзіць у Беларусь войскі, каб пайсьці на Літву, Польшчу ці Ўкраіну. Гэта зробіць па ягонаму загаду фармаваньне, якое па нейкай звычцы мы ўсё яшчэ называем «беларускім войскам».

Пагадзіцеся, такога не было б, калі б Захад меў сыстэмны падыход да Беларусі. Бо такое зусім ня ў інтарэсах Эўропы.

Гэта вынік адсутнасьці разуменьня небясьпекі імперскіх амбіцый Крамля. Расеі, калі яна стаяла з працягнутай рукой у пачатку 90-х, ня далі ясна зразумець, што зона яе інтарэсаў скончваецца мяжой РФ. Гэта – чырвоная лінія.

У заходніх сталіцах  лічылі, што Расея назаўсёды зрабілася дэмакратыяй. А імпэрыя ня можа быць дэмакратыяй.

– «Бізун» ці «пернік», санкцыі ці пошук дыялогу, напрыклад, праз дакладчыка Еўрапарламенту па Беларусі, а можа, нешта зусім іншае… Якія механізмы, на ваш погляд,  былі б эфектыўнымі для выпрацоўкі агульнай заходняй стратэгіі?

– Мэханізмы могуць быць рознымі, але галоўнае пытаньне – усьведамленьне небясьпекі тых самых імпэрскіх амбіцый Крамля, пра якія я кажу. Бяз гэтага ўсё іншае – марна.

Днямі былы прэм’ер Славаччыны сказаў, што санкцыі мусяць быць прымененыя найперш да пуцінскага рэжыму за падтрымку Лукашэнкі. І гэта слушнае меркаваньне. Калі б ня Пуцін, у жніўні 2020-га ў Беларусі магла б быць іншая ўлада.

Але, заўважце, гэта гаворыць былы прэм’ер, ніхто з дзейных лідэраў гэтага ня кажа. Баяцца Пуціна? Маюць нейкі доўгатэрміновы разьлік? Мы ня ведаем.

– Раскрыйце, калі ласка, больш падрабязна гэтую сваю думку: «Тыя паўгады, якія (нібыта) Байдэн даў Пуціну на вырашэньне пастаўленых пад час сустрэчы пытаньняў, пры сучасным імклівым рытме падзеяў могуць аказацца для лёсу Беларусі фатальнымі». На Ваш погляд, які сцэнар далейшага развіцця падзей у Беларусі цяпер, пасля ўвядзення санкцый і «контрсанкцый», жэстаў з выхадам з Усходняга партнёрства і г.д., найбольш верагодны?

– Ну, як і іншыя камэнтатары, я апэрую той зусім абмежаванай інфармацыяй, якая ёсьць пасьля жэнэўскай гутаркі лідэраў ЗША і Расеі. Так звычайна і бывае, што спачатку прасочваецца няшмат. Ні Байдэн, ні Пуцін не пажадалі цалкам агучыць свае пазыцыі.

Ёсьць зьвесткі, што нібыта Байдэн выказаў свае прапановы па шырокім спэктры пытаньняў – ад узбраеньня да Навальнага, уключна з Украінай і Беларусьсю, і сказаў, што у канцы году Вашынгтон зробіць высновы і пачне дзейнічаць.

Калі так, дык у выпадку з Беларусьсю гэта тэрмін, дастатковы для таго, каб тут цалкам была зьнішчаная грамадзянская супольнасьць (ад яе і так мала засталося), бюджэтаўтворныя галіны прамысловасьці былі ўзятыя расейскімі бізнэсоўцамі, урэшце, быў уведзены расейскі рубель (што дэ-факта азначала б канец сувэрэнітэту).

Па вялікім рахунку, я ня бачу сур’ёзных перашкодаў гэтаму ўнутры самой Беларусі ў сытуацыі, калі маштаб рэпрэсій набыў беспрэцэдэнтны характар і працягвае павялічвацца. І калі Захад ня дасьць Крамлю зразумець, што гэта будзе каштаваць Расеі «вельмі дорага» (як сказаў Байдэн Пуціну пра наступствы сьмерці Навальнага), – такі сцэнар можа быць верагодным.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(53)