Мошэс: інцыдэнт з самалётам стаў вынікам бесхрыбетнасьці палітыкі Эўразьвязу

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс прагназуе ў размове з Радыё Свабода, як можа разьвівацца процістаяньне Менску і Брусэлю. Галоўнае з інтэрвью.

— Безумоўна, адбыўся якасны пераход ад жыцьця бяз санкцыяў; ад жыцьця, дзе санкцыі толькі імітаваліся, — да жыцьця, дзе санкцыі будуць прысутнічаць.

Але варта сказаць, што санкцыі ўводзяцца ня ў выніку пераасэнсаваньня палітыкі, ня ў выніку прыняцьця такога пункту гледжаньня, што палітыка бяз санкцыяў была няслушнай, а пераважна праз інцыдэнт з самалётам. І Эўразьвяз абсалютна не гатовы прызнаваць, што сам інцыдэнт з самалётам стаў вынікам бесхрыбетнасьці ягонай палітыкі. Менавіта нежаданьне ісьці на жорсткія захады прывяло да таго, што рэжым у Менску палічыў, што можа рабіць усё што заўгодна.

— Менск разьлічвае, што раней ці пазьней Захад уступіць зь ім у нейкія перамовы. Ці гэта перамовы наконт вызваленьня палітзьняволеных, ці то наконт мігрантаў, альбо нешта іншае. Відавочна, лёгіка Менску наступная: «Трэба стварыць праблему, і, калі цябе заўважаць, за табой пачнуць дамаўляцца».

Я думаю, што тут альгарытм разуменьня сытуацыі Лукашэнку падвядзе. Калі ён думае, што можна запатрабаваць пачаць дыялёг на нейкіх сваіх умовах, то яму наўрад ці ўдасца за кошт стварэньня праблемаў Эўропе дабіцца таго, на што ён разьлічвае.

— У цяперашняй сытуацыі Захад ня пойдзе на саступкі адразу. Гэты ўрок Захад усё ж засвоіў. Трэба дачакацца, каб усе палітзьняволеныя былі выпушчаныя, каб яны былі рэабілітаваныя.

Апошняя заява старшыні эўрапейскай рады Шарля Мішэля дае спадзяваньне, што сёньня Брусэль ужо не пабяжыць дамаўляцца, здымаць санкцыі і гэтак далей. Думаю, што і ў такім варыянце (пачатак вызваленьня палітвязьняў) Эўразьвяз зойме прынцыповую пазыцыю.

— У Эўразьвязе ёсьць людзі, якія лічаць, што стратэгічнай мэтай павінен быць сыход Лукашэнкі ад улады і кардынальнае перафарматаваньне беларускай палітычнай сыстэмы, вынікам чаго мусіць стаць палітычная лібэралізацыя і сур’ёзныя эканамічныя рэформы, у якіх Эўразьвяз гатовы дапамагчы.

Але ў Эўразьвязе ёсьць людзі, якія лічаць, што Лукашэнка — гэта тая фігура, прысутнасьць якой неабходна для захаваньня Беларусьсю нейкіх асноў сувэрэнітэту і нейкай дыстанцыі ад Масквы. Як толькі Лукашэнка пачне рабіць нейкія крокі насустрач Эўразьвязу, гэтыя людзі актывізуюцца.

Мне ўсё ж думаецца, што большасьць у Эўразьвязе настроена на тое, каб унутры Беларусі пачаўся працэс палітычнай лібэралізацыі і эканамічных рэформаў. Уласна, калі такі працэс пачнецца, то ягоным лягічным вынікам стане адыход ад улады Лукашэнкі.

— Крэмль будзе дапамагаць Лукашэнку. Лукашэнка — ідэальны партнэр для Крамля. Ён выконвае дзьве функцыі. Першая — пакуль Лукашэнка ва ўладзе, Беларусь ня сыдзе на Захад. Другая — пакуль Лукашэнка ва ўладзе, Беларусь усё глыбей будзе ўвязвацца ў палітычную, эканамічную і структурную залежнасьць ад Расеі. За апошнія 10 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе Беларусь загразла ўсё больш у гэтай структурнай залежнасьці.

Лукашэнка працягвае граць тую ролю ў крамлёўскім сцэнары, якая была для яго напісана. Дык патлумачце мне, навошта Крэмль раптам будзе адмаўляцца ад падтрымкі гэтай ключавой для сябе фігуры?

Іншая справа, што цяпер Масква не дае тых мільярдаў, якія давала раней, — але Крэмль будзе даваць роўна столькі, колькі трэба, каб гэты рэжым не абваліўся.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:34)