Навумчык: «Лукашэнку патрэбная жывёльная пакорлівасьць»

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета — пра тое, што рэжым усмацняе рэпрэсii супраць дваравой актыўнасьцi.

— Дваравая актыўнасьць, якая стала фэномэнам беларускай «мірнай рэвалюцыі», пасьля сустрэчы генпракурора Шведа з Лукашэнкам была вызначаная як пагроза «грамадзкай стабільнасьці», — пiша Сяргей Навумчык. — Тое, што ўвечары 5 студзеня жорсткі разгон жыхароў у дварах (прычым з прымяненьнем зброі) адбыўся адразу ў трох мікрараёнах Менску, безумоўна, ня можа быць супадзеньнем.

Затрыманьні ў дварах былі і раней. Але выглядае, што цяпер міліцыя прыступіла да маштабнай карнай апэрацыі, мэта якой — праз рэпрэсіі і запалохваньне зьвесьці да нуля грамадзкую актыўнасьць, цяпер ужо і ў дварах.

Гэта можа быць лёгка зроблена, бо нападнікі ведаюць, што не сустрэнуць мінімальнага супраціву (ён разглядаецца як пасягальніцтва на «людзей у форме» і кваліфікуецца як крымінальнае злачынства. Хаця гэтыя людзі і ня ў форме, і не прадстаўляюцца, і парушаюць усе існуючыя прававыя нормы, — фактычна, яны нічым не адрозьніваюцца ад таго, што на мове права завецца «бандай». Але на гэта і разьлік).

Кароткатэрміновая мэта — дамагчыся поўнага палітычнага штылю напярэдадні антыканстытуцыйнага «усенароднага сходу», які Лукашэнка хоча падаць як падтрымку ягонага кіраваньня на чарговыя пяць гадоў (ні пра які датэрміновы сыход у адстаўку гаворкі, зразумела, ня будзе).

Ідэальная мадэль — Паўночная Карэя. Як вядома, у Пхеньяне няма ніякай «дваравой актыўнасьці»: нават для прыёму гасьцей зь іншага дому грамадзіне павінны браць дазвол у «старэйшага па пад’езьдзе» (існуе яшчэ і «старэйшы па лесьвічнай пляцоўцы», і «старэйшы па дому»).

Усё гэта пацьвярджае высновы, што Лукашэнка, як і папярэднія 26 гадоў, заяўляючы на словах пра «грамадзянскі мір», робіць стаўку выключна на рэпрэсіі. Яму ўжо не патрэбная ніякая «народная падтрымка» — яму патрэбная жывёльная пакорлівасьць. Гэтага яму дастаткова, каб адчуваць сябе больш-менш камфортна.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:72)